Выбрать главу

Свой цягнік…

9.04.2011. У краме сустрэў мастака, які жыве ў суседнім пад’ездзе. Ужо нямала гадоў мы знаёмыя, а я не ведаю, як яго завуць, і цяпер няёмка пытацца, бо знаёміліся ж. Гадоў дзесяць у адзіноце мастак глядзіць хворую маці, і мы, сустрэўшыся, заўсёды гаворым пра здароўе сваіх матуль. Сёння на маю скаргу, што я мінулую ноч правёў, як у цягніку ў плацкартным вагоне, мастак сказаў: «Я ўжо год у сваім цягніку. А днём спаць не магу, бо працаваць трэба…»

Ноч прайшла…

10.04.2011. Мама ноччу часта ўставала. І для мяне зноў ноч прайшла, як у цягніку ў плацкартным вагоне. Цяпер галава баліць. Праўда, дапісаў верш:

Гэта сонца прад ноччу, як пляшка віна, Што звалілася ў п’янага Бога з акна На асфальт панядзелка, дзе ўсе мы жывём І, нібы па віне, мы па часе плывём Невядома чаго, невядома куды, Адзінокія, быццам бы кроплі вады, У зямным акіяне зямнога быцця, Дзе век кветак нямнога, а многа смецця, З­за якога не бачна, як пляшка віна Паляцела ад п’янага Бога з акна, І разбілася пляшка, з якой выцек дзень, Нібы з сонца прад ноччу за промнем прамень…

Стары і людзі

10.04.2011. «Каля пад’езда дома, што насупраць нашага, паваліўся нейкі дзед з торбай. Людзі, як сляпыя, праходзяць міма, а ён не можа ўстаць!» — паведаміла Людміла. Я хуценька накінуў куртку на плечы і выбег да старога. Узяўшы пад пахі, я падняў дзеда з зямлі і пасадзіў на лаўку, падаў торбу з пляшкамі «чарніла». Стары мне падзякаваў за дапамогу і закурыў. Я, вярнуўшыся ў кватэру, пачаў з акна назіраць за ім. Недзе праз паўгадзіны да старога падышоў другі стары і забраў торбу з пляшкамі. Пасядзеўшы яшчэ з паўгадзіны на лаўцы, дзед пачаў спрабаваць зайсці ў пад’езд з кодавым замком. Старому ніхто не адчыніў, і ён сваім кіем стаў грукаць у акно каля дзвярэй. Выглянула жанчына, але хутка зачыніла акно і занавесіла фіранкай. Дзед яшчэ з гадзіну стаяў каля дзвярэй, пакуль прыйшла дзяўчына, якая жыве ў гэтым доме, і ўпусціла яго ў пад’езд…

Жудаснае…

12.04.2011. Учора пасля тэракту ў Мінскім метро па БТ прагучала, што ў вагоне, дзе загінулі людзі, ляжалі пачкі акрываўленага цукру. Да вядомых «кроў з малаком» і «малако з крывёй» дадалося новае і жудаснае «цукар з крывёй»…

Лёсы…

12.04.2011. Учора многія маглі быць у метро ў 17 гадзін 56 хвілін і стаць ахвярамі тэракту, але адны станцыю «Кастрычніцкая» пакінулі раней, а другія не паспелі ва ўзарваны цягнік. Аглядаючыся ў чорны дзень, успамінаю, што мяне да сябе ў офіс пасля трох гадзін запрашаў Фінберг, каб пагаварыць пра будучую кніжку, прысвечаную аркестру. Я папрасіў перанесці сустрэчу на іншы дзень. Пасля чатырох гадзін патэлефанаваў Алесь Марціновіч з холдынга і паведаміў, што выйшла кніжка, дзе ёсць і мае творы, і я магу прыйсці набыць яе. Мне тут жа захацелася займець кнігу, але, адмовіўшыся ад сустрэчы з Фінбергам, я вырашыў і ў холдынг не ехаць. А мог жа паехаць і да Фінберга, і ў холдынг пайсці, дзе б засядзеўся да канца іхняга працоўнага дня, а потым мог патрапіць у метро якраз у смяротны цягнік так, як патрапіла супрацоўніца холдынга Галіна Пікулік…

Крывавыя берагі Нямігі…

14.04.2011. Ідучы на працу, раптам у сабе пачуў радкі: «Зноў берагі Нямігі азмрочаны крывёй…» Узгадалася «Слова пра паход Ігаравы». Мінула сотні гадоў, а берагі Нямігі і ў нашым часе крывавяцца. Адзін бераг ракі — гэта станцыя метро «Няміга» — быў акрываўлены 31 мая 1999 года, а другі бераг — гэта станцыя метро «Кастрычніцкая» — 11 красавіка 2011 года...

* * *

16.04.2011. Чытаў пра загінулых у метро і плакаў…

Дзеці і Нарбут

18.04.2011. Быў у школе № 213 на сустрэчы з вучнямі 6—10 класаў, якія цікавяцца беларускай літаратурай. Прыйшло чалавек пяцьдзясят. Слухалі, пыталіся. Пасля ўсяго да мяне падышлі старшакласнікі і запыталіся, ці ёсць у мяне балада пра Людвіка Нарбута. Пачуўшы што няма, дзеці папрасілі напісаць твор, і я абяцаў выканаць просьбу…

* * *

19.04.2011. Сёння ў мамы дзень народзінаў. Ёй 81 год…

Бацькі і дзеці

21.04.2011. «У адных толку ад бацькоў і пры жыцці не было, а ў іншых і пасля іх смерці ганарары 50 гадоў налічваюцца…» Адразу ж падумалася пасля пытання дачкі аднаго з пісьменнікаў: «А ці будзе за кніжку ганарар?»