Выбрать главу

Дубцы і дрэвы

23.04.2011. Вяртаючыся з крамы, у сваім двары ўбачыў, як хлапчук, гадоў сямі, ламае куст, а два меншыя ўжо са свежымі дубцамі, разінуўшыся, стаяць побач. «Што ты робіш! Зараз я табе наламаю!» — пракрычаў я, і хлапчук тут жа адбегся ад куста. Каля пад’езда я азірнуўся і ўбачыў, што малы зноў спрабуе выламаць дубец. Я ўжо зусім разлаваўся: «Вон адсюль! Сёння ты, гадасць, кусты ламаеш, а заўтра пойдзеш метро ўзрываць!» Пачуўшы мой крык, дзеці тут жа паўцякалі з двара. Я ж, прыйшоўшы дамоў, задумаўся: «А ці трэба было так злавацца?» І ўзгадалася, як недзе ў гадоў дзесяць у гэткі ж вясновы дзень каля вясковай крамы, дзе толькі што ў час суботніка былі пасаджаны дрэўцы, я спрабаваў зламаць бярозку. Не паспеў зламаць, бо нейкі дзядзька, што ішоў міма, нічога не кажучы, даў мне па спіне дубцом. Праўда, каля крамы так і не выраслі дрэвы…

* * *

24.04.2011. Маё першае святкаванне Вялікадня, якое памятаецца, адбылося ў Лягезах, дзе я жыў у бабулі Ганны. Мне было гадоў пяць. З сябрамі, Людай і Сашкам, нас родныя адправілі ў жачкі на хутар да Такушоў. Гаспадары ўжо святкавалі, таму і нас, малых гасцей, адразу пасадзілі за стол. Далі нам выпіць віна. І я нічога болей не памятаю…

Кітайцы ў горадзе…

28.04.2011. У раёне станцыі метро «Інстытут культуры», чакаючы патрэбны аўтобус, за хвілін пятнаццаць убачыў каля пяцідзесяці маладых кітайцаў, якія вучацца ў нашых вузах. Часам на прыпынку іх было нашмат болей, чым мінчукоў, і мне здавалася, што наш горад стаў кітайскім…

Старая Грушаўка

28.04.2011. На Вялікдзень з Людай пайшлі ў раён старой Грушаўкі, які непадалёк, дзе мы жывём. Хадзілі, нібыта па забытым уладамі і Богам раённым цэнтры. Няспешна разглядалі драўляныя, зрэдку цагляныя даваенныя дамы пад велізарнымі дрэвамі. Прыпыняліся каля калонак з вадой, каля платоў, за якімі старыя сады. Побач з кучай смецця на бярвяне сустрэліся з учарнелым бамжом, што нажом лупіў, як кару з бярозавых дроў, этыкеткі з пляшак. Амаль на ўваходзе вялікага сквера на зямлі, разаслаўшы газеты, сядзелі дзве маладыя жанчыны і святкавалі Вялікдзень. Далей, узлезшы з нагамі на лаўкі, частаваліся маладзёны. Там­сям дзяўгалі сабакі, зрэдку праязджалі шыкоўныя машыны, нібыта раптам у савецкім часе з’яўлялася трэшчына, і яны праз яе трапілі з ХХІ стагоддзя. Ды і мы сябе адчувалі чужымі…

Вераціла

29.04.2011. Сёння паэту Сяргею Верацілу 50 гадоў. А пазнаёміліся мы з ім у снежні 1981 года ў Каралішчавічах на Рэспубліканскім семінары маладых літаратараў. Яскрава памятаецца зімовы вечар пасля вячэры, калі Сяргей паклікаў мяне на вуліцу пакурыць. На месцы стаяць было немагчыма, бо мароз не дазваляў, і мы кругамі хадзілі вакол дамоў і размаўлялі пра паэзію, чыталі вершы, дзівіліся з Анатоля Сыса, які ўжо некалькі дзён сядзеў, як манах, у сябе ў пакойчыку і вечарам нікуды не выходзіў. А потым… А потым праляцела амаль трыццаць гадоў. За гэты час я сто разоў казаў Сяргею, каб падрыхтаваў кнігу сваіх твораў. Ён слухаў, абяцаў і нешта нават рыхтаваў, але так да канца і не давёў пачатае. Магчыма, таму што Сяргей аднойчы вырашыў: «Хачу быць вядомым паэтам, які за сваё жыццё не выдаў ніводнай кніжкі!» Паглядзім. А пакуль што Сяргей Вераціла жывы і здаровы, і няхай і надалей будзе такім…

Падземны параход

29.04.2011. Ідучы з тралейбуса № 23 на прыпынак аўтобуса № 10, што ў раёне станцыі метро «Інстытут культуры», здалёку чую, як з падземнага перахода, з якога з усмешкамі выходзяць людзі, вылятае нейкае вухканне. Заходжу і я пад зямлю, і, убачыўшы велізарнага хлопца, які іграе на велізарнай трубе, выходжу, усміхаючыся, на другім баку вуліцы, нашэптваючы: «На параходзе музыка іграла…»

У размове…

30.04.2011. У размове з разведзеным знаёмым, пытаючыся, ці плаціць ён алементы, забыўся слова «алементы» і замест яго сказаў: «Партыйныя ўзносы на дзіця...»

ТРАВЕНЬ

* * *

1.05.2011. Здаецца, гэта было ўчора, калі я сустракаў сваё 18­годдзе. Я тады заканчваў вучобу ў Мінскім архітэктурна­будаўнічым тэхнікуме. У мяне ўжо былі публікацыі ў «Чырвонай змене» і «ЛіМе». І наперадзе было столькі часу і праблем жыццёвых, што здавалася, ці змагу дажыць да 2000 года. І на табе! Сёння нашаму з Людмілай сыну Максіму — 18!

Валянціна Коўтун

1.05.2011. Учора ў Пінску (відаць ездзіла на сустрэчу з чытачамі) памерла Валянціна Коўтун. Так атрымалася, што ў кватэры, дзе цяпер мы жывём, да 1990 года жыла Валянціна Міхайлаўна. 7 красавіка ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла вечарына, прысвечаная яе 65­годдзю. Мы былі запрошаны з Людмілай. На жаль, па сямейных абставінах не змаглі паўдзельнічаць у святкаванні. І тады мы думалі, што яшчэ шмат разоў зможам пабыць на вечарынах Валянціны Міхайлаўны. Але, але…