Іна, ветэран і «васпітанная»
11.05.2011. У Дзень Перамогі Іна вярталася дахаты на метро. І так атрымалася, што яна села побач з ветэранам вайны, які быў вельмі падобны да Інінага памерлага дзеда. Людзі ў добрым настроі, якія былі побач з ветэранам, усю дарогу яго амаль цалавалі. Іне таксама захацелася што-небудзь добрае зрабіць старому і, распытаўшыся, дзе ён жыве, прапанавала яму бясплатна пасля метро падвезці на машыне да самай хаты. Стары не адмовіўся, і Іна патэлефанавала мужу, каб ён пад’ехаў да станцыі «Каменная горка». Размову з ветэранам чула пажылая жанчына, якая хутка падала свой голас: «Куды вы паедзіце з ёй! Яна можа аказацца бандыткай!» — «Што вы кажыце, як хворая!» — абурылася Іна. «Я очань васпітанная жэншчына, а вы мяне называеце бальной!» — усхапілася цётка і пачала агітаваць ветэрана, каб ён дахаты дабіраўся на аўтобусе, і ў старога хутка прапала жаданне, каб яго падвезлі. «Што я знасілую дзеда, ці што?» — пакрыўджана сказала Іна і выйшла з цягніка, які спыніўся…
Хварэем…
12.05.2011. Мы працягваем хварэць. Людміла ў бальніцы, я дома. Да абеду драмаў і слухаў Данчыка і Мулявіна. Пасля песень захацелася напісаць, што-небудзь для Люды. Атрымалася сумнае:
Мужчына і жанчына
20.05.2011. На лавачку каля нашага пад’езда з гадзіну назад прысеў высокі сівы, лысаваты мужчына гадоў за шэсцьдзясят, які ўсё яшчэ не стаміўся ад жыцця. Па букеце было бачна, што чалавек тут прысеў не проста час збавіць, а ён канкрэтна некага чакае. Раптам мужчына ўстаў, бо ў двары пачуўся грукат абцасаў, якія, відаць, яму добра знаёмыя. І вось да нашага пад’езда падышла дзябёлая чарнявая жанчына гадоў сарака пяці. Мужчына шчыра і радасна, жанчына радасна і крыху стрымана ўсміхнуліся адно аднаму. Мужчына падарыў кветкі, і, пацалаваўшыся, жанчына сказала: «Сяргей Іванавіч, гэта так нечакана для мяне! Дзякую!» Пасля пацалунка мужчына яшчэ больш заўсміхаўся, а жанчына, каб не заўважыў госць, два разы рукой выцерла вусны. І незнаёмыя пайшлі ў наш пад’езд…
У кожнага сваё…
26.05.2011. Сёння бачыў шчаслівага чалавека. Гэта быў мужчына гадоў трыццаці пяці, які адыходзіў ад абменніка валюты з памятай купюрай у 20 даляраў. Выгляд у чалавека быў, нібыта ён толькі што атрымаў пропуск у рай…
Са школы вярнуўся…
26.05.2011. Са школы вярнуўся сын адзінаццацікласнік і, сказаўшы: «Усё! Здаў усе падручнікі!», зняў з плячэй пусты ранец. І ў мяне праз душу праляцеў апошні самалёцік, зроблены з паперы, вырванай са школьнага сшытка…
Кроў з пальца
28.05.2011. Апошні раз аналіз крыві з пальца здаваў у 1991 годзе. Тады ў Саюза пісьменнікаў яшчэ была свая паліклініка. Кроў з пальца бралі на трэцім паверсе ў Доме літаратара, дзе было ў канцы калідора некалькі медкабінетаў. Не памятаю, ці то я добра прыхварэў у той год, ці па іншай прычыне, але мне трэба было абавязкова здаць аналіз крыві. Паехаў пад канвоем Людмілы, бо яна ведала, што адзін не даеду і ўцяку дамоў. Боязь здаваць кроў з пальца ў мяне была са школы. І вось прыехалі мы з Людмілай да Дома літаратара. Яна засталася на вуліцы чакаць мяне, а я пайшоў. І чым бліжэй падыходзіў да медкабінетаў, тым мне рабілася страшней, і было такое адчуванне, што восьвось у мяне спыніцца сэрца. Толькі падумаў уцякаць, як з кабінета выйшла дакторка і паклікала мяне да сябе. Я ёй расказаў, што баюся здаваць кроў з пальца і мне пры гэтым робіцца дрэнна. Дакторка пасмяялася і пачала расказваць, што кроў з пальца здаваць небалюча. Яна гаворыць, а ў мяне ад жаху дух займае. Скончылася тым, што адна дакторка мне расказвала анекдоты, а другая брала кроў. Праз паўгадзіны ў кабінет зазірнула Людміла, бо ёй на вуліцы надакучыла чакаць мяне. І калі яна зайшла, то ўбачыла мяне ляжачым на кушэтцы з нашатыром пад носам…