Сямён Оркін
26.06.2011. З Сямёнам Оркіным я пазнаёміўся на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Мне было дваццаць, а Сямёну — пад пяцьдзясят. Але вялікая розніца ў гадах не стала перашкодай для нашага творчага сяброўства. Сямёна ў рэдакцыях не любілі, бо ён заводзіў з імі бясконцыя злыя перапіскі. Аднак Сямён злым не быў, ён проста хацеў справядлівасці ў адносінах да сябе. А справядлівасці не было — і гэта злавала паэта, і асабліва выводзіла яго з сябе тое, што калі ён пасылаў свае вершы ў рэдакцыі ўперамешку з вершамі класікаў, то атрымоўваў разгромныя адказы і на свае творы, і на Багдановіча, і на Ясеніна. Перапіску Сямён вёў сур’ёзна. У яго ўсё было ў некалькіх копіях падшыта ў асобных папках і пазначана, калі і куды што адаслана. Паказваючы мне гэтыя свае папкі, Сямён смяяўся: «Я іх навучу разбірацца ў паэзіі!» Акрамя вершаў, мой сябрук пісаў гумарыстычныя творы. І дзякуючы яму я доўгі час хадзіў на пасяджэнні мінскіх сатырыкаў і гумарыстаў, сярод чалавек пятнаццаці я быў самым маладым. Збіраліся таем на ў нейкім падвале, дзе была нейчая майстэрня. Чыталі свае творы, абмяркоўвалі, планавалі сумесныя публікацыі ў Маскве і ў замежжы, гаварылі пра палітыку і пра тое, што трэба з’язджаць з гэтай краіны. І, відаць, усе тыя гумарысты і сатырыкі з’ехалі, як з’ехаў у Ізраіль Сямён Оркін, бо нікога з іх больш ні ў жыцці, ні ў нашым друку не сустракаў…
На Маскоўскіх могілках
26.06.2011. З Людмілай ездзілі на Маскоўскія могілкі. Пакланіліся любімым пісьменнікам. Уразіла магіла Барыса Сачанкі, да якога ў мінулым годзе была падхавана ягоная жонка. Цяпер помнік выглядае так, нібыта пад ім нехта капаўся, шукаючы золата і не знайшоўшы нічога, прыкрыў кучу зямлі вянком…
Ужо хутка будзе шэсць гадоў, як няма помніка мастаку Яўгену Чамадураву. Магіла зарасла быльнягом, з якога сіратліва выглядае драўляны крыж. Цяпер разумею старога, які пражыў больш за 90 гадоў і апошнія сілы аддаў, каб у «Мастацкай літаратуры» выйшла ягоная кніжка ўспамінаў пра сябе і сваіх родных у серыі «ЖЗЛБ». У кніжцы ўсе сваякі мастака чулыя і клапатлівыя людзі…
Магіла Васіля Быкава засыпана кветкамі. І камень на ягонай магіле, як цэнтр болю беларусаў за Беларусь…
Магілу Уладзіміра Караткевіча нядаўна прыбіралі. На свежым пяску мурашкі здужалі пчалу, і, пакуль мы ў думках размаўлялі з Уладзімірам Сямёнавічам, яны ў яе забралі жыццё…
Ніколі не мінаю Анатоля Грачанікава. Пасля яго з Людмілай падышлі да Яўгеніі Янішчыц. Анатоль і Яўгенія — гэта мая маладосць…
Па могілках хадзілі амаль дзве гадзіны. На некаторых магілах вясна, на некаторых лета, а на некаторых ужо восень…
Раман Тармола-Мірскі
27.06.2011. З інтэрнэту даведаўся, што 25 чэрвеня на 76м годзе жыцця памёр паэт Раман ТармолаМірскі. Гадоў пятнаццаць назад яму выразалі злаякасную пухліну ў страўніку. Пасля чаго спадар Раман не перастаў быць аптымістам і, відаць, ягоны аптымізм дапамог яму яшчэ нямала пажыць. У той час паэт быў частым госцем у «ЛіМе» ў Барыса Пятровіча і мяне. Яго было цікава слухаць, з ім было добра гаварыць і маўчаць. Дзякуючы Барысу многае з новага, што пісаў ТармолаМірскі, друкавалася ў «ЛіМе». І калі сышоў з тыднёвіка Пятровіч, знік некуды і Раман. Некалькі разоў я спрабаваў адшукаць паэта, але так і не змог знайсці яго. Я нават думаў, што ён памёр і ніхто гэтага не заўважыў…
Званок ад Пташнікава
28.06.2011. Тэлефонны званок. Падымаю трубку і чую хрыплаваты голас вельмі падобны на Івана Курбекі, які некалькі гадоў назад памёр. Нават на момант падумалася, што гэта і тэлефануе сам Курбека. «Віктар, цябе турбуе Іван Пташнікаў. Дапамажы мне звязацца з выдавецтвам «Беларусь». Там па «ШБ» выдаюць мае творы…» — сказаў Іван Мікалаевіч. Адшукаўшы патрэбныя нумары тэлефонаў, я пацікавіўся ў Пташнікава пра здароўе. «Так сабе…» — адказаў празаік. «Што-небудзь новае цяпер пішаце?» — «Пішу крыху…» Пажадаўшы адзін аднаму ўсяго найлепшага, мы развіталіся. Пасля размовы я зазірнуў у пісьменніцкі даведнік: «Іван Пташнікаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года…»