Выбрать главу

* * *

3.07.2011. З Людмілай схадзілі ў царкву. І дождж стаў светлым…

Ахілес дагнаў чарапаху

3.07.2011. Паглядзелі фільм Такешы Кітано «Ахілес і чарапаха». Хлопчыку, якога назвалі ў гонар Маціса, у дзяцінстве задурылі галаву, што ён будзе мастаком. Да ўсяго сябар бацькі, вядомы мастак, хлопчыку падарыў берэт са сваёй галавы, нібыта німб таленавітасці. І вось Маціс кожны дзень малюе, але ад яго малявання толькі адны непрыемнасці і для яго і для блізкіх. Ідуць гады, меняецца свет, а Маціс ніяк не можа вылезці з­пад падоранага майстрам берэта, які з німба ператварыўся ў пятлю. У канцы фільма гучыць за кадрам: «І ўсё ж Ахілес дагнаў чарапаху!» Сумна, але справядліва…

* * *

4.07.2011. Знайшоў у чарнавіках два радкі: «Белы лёд тваіх вачэй. Чорны снег маіх начэй…» Нешта ў іх ёсць, але ўжо мінула больш трох месяцаў з дня запісу і цяпер гэтыя радкі, як чужыя, і не патрабуюць працягу…

Вісельнікі

4.07.2011. Даведаўся ад аднавяскоўца, што тыдзень таму ў Пугачах павесіўся трыццацідзевяцігадовы хлопец. Ён збіраў па вёсцы малако для дзяржавы. Любіў выпіць. Некалькі гадоў таму павесіўся бацька гэтага хлопца. У старога быў рак лёгкіх. А яшчэ раней павесіўся брат малакавозчыка. Усе гэтыя вісельнікі спынілі сваё жыццё ў хляве на адным і тым жа круку…

Настрой

4.07.2011. Захмурэлае неба. Час ад часу сыпле дробны дождж. Сумна і не хочацца працаваць. Узгадалася вясковае, нярэдка жартам сказанае бацькам: «Ці ж я дурань працаваць? Няхай працуе трактарыст!»

* * *

5.07.2011. Сёння ў маёй Людмілы дзень народзінаў. Каб нешта талковае купіць і падарыць ёй, няма дастаткова грошай. Хацеў верш напісаць, але не напісаў. Знайшоў ранейшы, які канкрэтна прысвечаны Людміле:

Ты ў мяне адна, нібыта неба раннем Светлае, нібы царкоўнае віно, У якім надзея, вера і каханне Злітыя, нібыта ў сонца, у адно Светлае, святое і, як кроў, зямное, Без якога не пачнецца вечны шлях… Дзень прайшоў і сум, нібы згарэла Троя. Я з табой, як попел на тваіх нагах.

Губараў і Аляхновічы

6.07.2011. Нарэшце Наталля Шаранговіч прынесла рукапіс кнігі пра мастака Валянціна Губарава. Гадоў дваццаць таму ён працаваў у «Мастацкай літаратуры», потым паехаў у Францыю, дзе апошнім часам часцей за ўсё і жыве. Чытаючы рукапіс кнігі, даведаўся, што жонка мастака Ларыса Карыткіна нарадзілася ў Аляхновічах, якія ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. У свой час яна завочна вучылася ў паліграфічным інстытуце ў Маскве, дзе і пазнаёмілася з Валянцінам. Пад уражаннем прачытанага я тут жа пазваніў мастаку. Аказалася, што Валянцін з жонкай доўгі час жыў у Аляхновічах і там выраслі іх дзеці, там і цяпер жыве іх сваяк дзед Ракоць. Ходзячы па наваколлі, мастак бываў і ў маёй вёсцы. І амаль усе ягоныя карціны з краявідамі — гэта мае родныя мясціны, ды і людзі на карцінах у большасці — гэта мае землякі. Дамовіліся як­-небудзь восенню разам паехаць у Аляхновічы і ўзгадаць як стваралася карціна «Восень у Аляхновічах»…

Міра, дарога і Сыс

8.07.2011. Міра Лукша, прыехаўшы з Беластока на фестываль беларусаў свету, не абмінула нашу хату. Раней заўсёды спынялася ў нас і мы па вечарах доўга гаварылі пра паэзію і наогул пра літаратуру. Цяпер у нас мая хворая мама і ўжо няма ўмоў для тых шумных пасядзелак, што былі раней. На гэты раз вячэралі спакойна і ўспаміналі маладыя гады. Позна вечарам, праводзячы Міру на тралейбус, узгадаў, як гадоў дзесяць таму вось гэтак я з Анатолем Сысам вёў дварамі нашу сяброўку і яна ўвесь час казала: «Я такой дарогай ніколі да вас не хадзіла!» А дарога да нас дамоў была выбрана спецыяльна, каб Анатоль яе не запомніў…

* * *

8.07.2011. Міра Лукша, узгадваючы сваё сяброўства з Анатолем Сысам, прызналася, што Анатоль, гаворачы пра мяне і Людмілу, нярэдка ўскіпаў: «Гэта ж трэба! Такую дзеўку Шніп адхапіў! Як яму ўдалося?»