Выбрать главу

Застаўся без трох дыпломаў…

10.07.2011. Прачнуўся ў гадзіну ночы. Спаць не хацелася, і я ўзяў пачытаць свежы нумар «Краязнаўчай газеты». Адразу ж натрапіў на рэцэнзію Міхася Маліноўскага на кнігу Мікалая Півавара «Краязнаўцы Віцебшчыны», у якой зачапіўся за радок: «Крытыкаваць пачну не аўтара, а рэцэнзента…» І за што ж крытыкуе спадар Міхась Віталя Скалабана, які на кніжцы пазначаны, як рэцэнзент? За ўхвальную рэцэнзію на рукапіс кніжкі Півавара? Не, бо рэцэнзіі ў кніжцы няма і я думаю, што спадару Міхасю рэцэнзію ніхто не паказваў. Таму крытыкаваць Скалабана за тое, што ў кніжцы Півавара адсутнічаюць артыкулы пра некаторых краязнаўцаў Віцебшчыны неяк несур’ёзна, а тым больш што ў самой рэцэнзіі Скалабана маглі быць заўвагі, якія не ўлічыў Півавар і якія пасля выхаду кнігі сталі прадметам крытыкі вядомага даследчыка. Да ўсяго ў кожнай кніжкі ёсць рэдактар, які не менш, чым аўтар, адказвае за змест выдання. Аднак у рэцэнзіі Маліноўскі пра рэдактара нават не ўзгадвае, нібыта ў кніжкі яго і не было. Дарэчы, трэба адзначыць, што Маліноўскі кніжку прачытаў уважліва: «А мяне дык увогуле пакінулі без «дырэктарства» ў Ашмянскім краязнаўчым Музеі імя Францішка Багушэвіча і трох дыпломаў аб адукацыі… Пра свае заўвагі я напісаў і Віталю Скалабану ў Мінск, і Мікалаю Півавару ў Лужасну, але яны пакуль маўчаць». І, прачытаўшы да канца рэцэнзію, я не змог яшчэ доўга заснуць. Думаў пра тое, каб газета з рэцэнзіяй Маліноўскага не трапіла на вочы Віталя Скалабана, які нядаўна перанёс вельмі цяжкую аперацыю…

Караткевіч глядзіць у бок Пугачоў…

10.07.2011. У Ракаве на доме Вячаслава Рагойшы, дзякуючы раённым уладам, скульптару Івану Міско і самому Вячаславу Пятровічу, была адкрыта мемарыяльная дошка з надпісам: «Гэты дом часта па­сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч». Пасля ўрачыстасці Рагойша падышоў да мяне і сказаў: «Караткевіч глядзіць у бок тваіх Пугачоў!» — «І не дзіўна, што глядзіць у бок Пугачоў, бо ён там хоць і адзін раз, але ўсё­ткі бываў»,— адказаў я, памятаючы тое, што мне расказвала мая цётка Валянціна Іосіфаўна, у якой, працуючы ў Пугачоўскай школе, жыў будучы доктар філалагічных навук Павел Дзюбайла і да якога з Радашковіч часта ў госці прыходзіў супрацоўнік раённай газеты Адам Мальдзіс. Дзякуючы Мальдзісу, Караткевіч і быў у Пугачах…

У Івана Міско

10.07.2011. Вярнуўшыся ў Мінск з Ракава, дзе на доме Рагойшы была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, мы з Людмілай, дзякуючы Анатолю Бутэвічу і Міхасю Кеньку, трапілі ў госці ў майстэрню да скульптара Івана Міско. Амаль чатыры гадзіны Іван Якімавіч расказваў пра сваё творчае жыццё і ўвесь гэты час на нас з паліц і пастаментаў глядзелі сотні скульптур. Часам, слухаючы Івана Якімавіча, мне было страшна, бо здавалася, што мы сядзім у пекле сярод адрэзаных акамянелых галоў, а часам было на душы светла і ўзнёсла, як быццам мы ўсе трапілі ў рай. Раней у будынку, дзе цяпер майстэрня, была канюшня. Пачуўшы гэта, падумалася: «Пры Саветах не толькі Храмы ператваралі ў канюшні, але часам і канюшню аддавалі пад Храм…»

Бухгалтарка

13.07.2011. Некалькі гадоў таму старая жанчына прынесла ў выдавецтва рукапіс успамінаў свайго памерлага брата. На жаль, прапанаванае па сваіх мастацкіх якасцях вельмі слабое. Пра гэта было пісьмова паведамлена жанчыне, якая, атрымаўшы адмову, недзе праз паўгода пачала патрабаваць выдаць кніжку брата, нібыта рукапіс быў адобраны. Старая патэлефанавала і сёння. На гэты раз яна сказала: «Вы гаворыце няпраўду, што на выданне такой кніжкі, як у майго брата, трэба 50 мільёнаў. Я ўсё жыццё прапрацавала бухгалтаркай і ўчора ў кіёску даведалася, што пачак паперы прадаецца за 59 тысяч, а гэта значыць, што адзін ліст каштуе 118 рублёў. У кніжцы брата 250 старонак. Значыць, на адну кніжку трэба 125 лістоў паперы, а калі ліст падзяліць на два, то хопіць і 65. Цяпер памножце 65 на 118 і атрымаеце 7 670 рублёў на адну кніжку. На тыраж у 1000 асобнікаў трэба 7 670 000 рублёў. А вы мне кажыце 50 мільёнаў. Я бухгалтарка і ўмею лічыць грошы!» Мае тлумачэнні, што каб выдаць кніжку трэба заплаціць не толькі за паперу, але і за паліграфічныя паслугі і яшчэ шмат што ўваходзіць у сабекошт кніжкі, жанчыну не супакоілі, і яна на ўсё, што казаў, крычала: «Я бухгалтарка!»

* * *

14.07.2011. Глянуў на вокладку адной кнігі, і ў галаве тут жа прагучала: «Яна была цудоўнай, як палена…»