Выбрать главу

Горача

15.07.2011. Муха заляцела ў кватэру і лётае за мной, нібыта я вінаваты, што і ёй горача…

Кроплі мёду

16.07.2011. Пад ліпамі першае жоўтае лісце, як вялікія кроплі мёду, які пчолы не паспелі сабраць з квецені…

Каштанавы воск

16.07.2011. Каштанавыя свечкі даўно адсвяцілі і цяпер першае апалае лісце пад каштанамі, як воск ад каштанавых свечак…

Храм, масток і замкі

16.07.2011. Па дарозе з Мінска ў Маладзечна ў раёне Драздоў колькі разоў мы з Людмілай бачылі новы Храм. І вось сёння мы выбраліся паглядзець на яго зблізку. Выходзілі з дому пры пагодзе, а па дарозе трапілі пад дробны дождж, які ўсё ж нас не напалохаў. Храм цяпер рамантуецца, з яго зняты пазалочаны купал, які тут жа ля Храма ляжыць у траве, як шалом велікана. Абышоўшы ўсе царкоўныя збудаванні, мы пайшлі да святой крыніцы, дзе на жалезным мастку маладажонамі падчас вяселля начэплена на шчасце некалькі дзясяткаў замкоў. Пасля наведвання царквы і малітвы замкі на мастку мне падаліся паразітамі, якія харчуюцца жалезнымі мастамі…

Наша Кальварыя

17.07.2011. Сёння Людміла Рублеўская для свайго «Літаратурнага прадмесця» (змаглі прыйсці: Мікола Кандратаў, Таццяна Барысюк, Наталля Кучмель, Дар’я Лосева, Маргарыта Аляшкевіч і Юрась Нераток) правяла цікавую і змястоўную экскурсію па Кальварыйскіх могілках. І хоць я для сябе нічога новага не пачуў, бо падобныя экскурсіі Людміла праводзіць для ўсіх нашых сяброў і знаёмых вельмі часта, але выпадкова на радасць усіх экскурсантаў знайшоў магілу Яна Матусевіча, які з 1990 года быў пробашчам першай грэка­каталіцкай парафіі ў Мінску. Янам Матусевічам быў пасвечаны крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў у трыццатыя гады. У красавіку 1989 года Ян Матусевіч удзельнічаў у першым маршы «Чарнобыльскі шлях». Быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы ў Мінску, ад моманту заснавання ТБМ. За дзве гадзіны экскурсіі па Кальварыі мы абышлі ўсе вядомыя нам магілы дзеячаў культуры і ўсклалі да іх палявыя кветкі. Праўда, на некаторых і так расла трава…

Для чаго ты пішаш?

18.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм «Пока не наступит ночь» пра лёс кубінскага пісьменніка Рэйнальда Арэнаса — зоркі кубінскай паэзіі, надзеі кубінскай рэвалюцыі і любімца Фідэля Кастра. Фільм «Пока не наступит ночь» расказвае пра трагічны лёс пісьменніка і яго існаванне «па­за грамадствам»… На пытанне сябра: «Для чаго ты пішаш?», Рэйнальд Арэнас адказаў: «Каб адпомсціць!» На гэтае ж пытанне і ў мяне ёсць свой адказ: «Каб зайздросцілі і злаваліся!»

* * *

19.07.2011. Калюжына, як Еўропа…

* * *

21.07.2011. Гарачыня. Думкі ў галаве, як з мёду…

Пачарнелы і светлая…

22.07.2011. У тралейбус зайшоў п’яны, пачарнелы, як вэнджаны, мужык гадоў пад сорак са светлай дзяўчынкай гадоў дванаццаці. Пракампасіраваўшы талончык, малая села каля вэнджанага, які тут жа яе абхапіў, як мужык жонку, і пачаў драмаць. Дзяўчынка, амаль не міргаючы, стала глядзець перад сабой, нібы гаворачы: «Гэта мой бацька…»

* * *

22.07.2011. На вуліцы дождж. У пакоі змрочна. Мама спіць пад жоўтай коўдрай, як матыль, пад апалым кляновым лістом…

* * *

22.07.2011. Еду ў метро пад Кальварыйскімі могілкамі, нібы ў тунэлі праз Той свет…

* * *

22.07.2011. Ідучы на радыё, праходжу праз двор каля дома, дзе на першым паверсе гадоў восем назад была рэдакцыя часопіса «Крыніца». Заглядаю ў акно і бачу Алеся Разанава, які праз хвіліну ператвараецца ў незнаёмца…

* * *

23.07.2011. Раніцай хмары каля сонца, як вата прыкладзеная анёламі да Божай раны…

* * *

23.07.2011. У мамы пад падушкай каляндар «Родны край», з якога яна час ад часу адрывае лісты. Сёння ў мамы яшчэ 18 ліпеня…

Чарга за «Осенним хлебом»

23.07.2011. Хадзіў у краму. Натрапіў на смярдзючую чаргу з алкаголікаў і бамжоў (чалавек трыццаць) — куплялі «чарніла» «Осенний хлеб». Некаторыя, як інтэлігенты, віталіся з касіркай. Большасць на мяне з малаком і мінералкай глядзела, як на «ворага народа»…

Пятнаццаць хвілін

23.07.2011. Люда не змагла, і я пайшоў адзін на Мухлю глядзець на качак. Сеў на лавачку каля вады і стаў слухаць з мабільнага музыку. І чым далей сядзеў, тым мацней адчуваў дыскамфорт ад таго, што я сюды прыйшоў без Люды. Праз пятнаццаць хвілін вярнуўся дамоў…

Станюта, час і памяць…

25.07.2011. З Аляксандрам Станютам (пісьменнікам і сынам актрысы Стэфаніі Станюты) я знаёмы ўжо гадоў дваццаць пяць. За гэты час мы сустракаліся разоў дзесяць і наогул апошні раз бачыліся даўным­даўно. Нягледзячы на гэта, пісьменнік з маёй памяці не знік. І сёння, калі да мяне прыйшоў ягоны сын Дзмітрый і прынёс падпісаныя кнігі, мне было вельмі прыемна даведацца, што Аляксандр Аляксандравіч не забыўся пра мяне, і вельмі мяне засмуціла тое, што ён цяпер невылечна хворы…