Выбрать главу

Стэфанія

26.07.2011. Сярод падораных мне кніг Аляксандрам Станютам найбольш зацікавіла «Стэфанія», выдадзеная ў 1994 годзе ў выдавецтве «Беларусь». І чамусьці адразу ж кніга разгарнулася вось на гэтых словах Стэфаніі Станюты: «Мінулую восень Мая Кляшторная — я добра яе ведаю, бацька ейны — пісьменнік, быў рэпрэсіраваны,— дык яна расказвала. Прыйшла, як і шмат іншых людзей на Дзяды, увечары на вуліцу Урыцкага, да гэтай вядомай усім будыніны. Свечку запаліла, як і ўсе — у памяць родных, што загінулі без віны. І нічога ж не рабілі, ціха стаялі, сядзелі. Не, не падабаецца — падыходзяць да іх раз за разам і ўсё: «Ідзіце дадому, ноч на дварэ, ідзіце і кладзіцеся спаць». Але больш за ўсіх шчыравала нейкая п’яная кабета, што апынулася там на досвітку. «А чаго вы тут тырчыце, га? Няма чаго рабіць? Усе людзі даўно спяць, а вы…» — так і растак!.. І гэткія во — самыя небяспечныя. Яны нейкім асаблівым нюхам беспамылкова заўсёды ўчуюць, дзе і хто жыве нечым большым, чым яны,— тым, да чаго ім не дацягнуцца. І такіх людзей яны не выносяць фізічна. Заўсёды хочуць сцягнуць іх уніз, на свой узровень: калі ўсе ўнізе, дык іх не заўважаеш. Галоўнае, каб ніхто не вытыркаўся. Цяпер я шмат чаго разумею, дазналася».

Памяць

28.07.2011. Працягваю чытаць у «Полымі» раман­дзённік Уладзіміра Гніламёдава «Сем год у ЦК». Спыняюся на запісах:

«1972 год. 10 сакавіка. У цэху футаралаў Мінскага радыёзавода пад раніцу здарылася буйная аварыя. Загінула шмат рабочых. Сітуацыя надзвычайная, такога яшчэ не было. Меў рацыю малады і мудры У. Караткевіч, калі пісаў (у адным з вершаў — «Баладзе»): «Трагедыі не знікнуць і пры Камуне…»

11 сакавіка. Шмат загінулых і параненых у цэху футаралаў. Трагедыя! Дастаюць з­пад завалаў. Пакуль што налічылі 82 чалавекі. Сэрца разрываецца. У апошні час у нас стала болей розных ЧП, пажараў, паводак, землятрусаў, вывяржэнняў вулканаў.

15 сакавіка. Стала вядома, што ў цэху футаралаў загінула больш за 100 чалавек, звыш 200 паранена…»

Мне тады было 12 гадоў, і я на ўсё жыццё запомніў, як у нашы Пугачы з Мінска прывезлі труну з загінулай дачкой Зіны Руткевіч. І ў той дзень я ўпершыню ўбачыў мёртвай маладую дзяўчыну і гэта разбурыла маё дзіцячае перакананне, што паміраць і гінуць могуць толькі старыя людзі і салдаты на вайне…

Гарадніцкі і Чабан

29.07.2011. Сёння майму земляку літаратуразнаўцу Яўгену Гарадніцкаму спаўняецца 60 гадоў. Ён быў у ліку першых, з кім я пазнаёміўся ў 1977 годзе на калідоры рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У той час Яўген заканчваў вучобу ў БДУ, працаваў у выдавецтве разам з Міколам Селешчуком і жыў у Ракаве. Нейкі час мы сустракаліся толькі на пасяджэннях літаб’яднання «Крыніцы», а потым, калі ў Ракаве была прададзена хата і куплена ў Мінску, я часта прыходзіў да Яўгена, і мы чыталі адзін аднаму вершы, марылі на роварах аб’ехаць усю Беларусь. Нічога не аб’ехалі. Яўген нават ровара не купіў. Закончыўшы вучобу ў БДУ, мой сябра стаў працаваць у інстытуце літаратуры. Праца яму была даспадобы. Аднак Яўген, расказваючы пра сваіх супрацоўнікаў, часта скардзіўся на Тамару Чабан: «Яна прыйшла ў інстытут намнога пазней за мяне, а ёй зарплату большую далі... Яна многа піша… Яна многа друкуецца… Яна… Яна…» Час ішоў і аднойчы Яўген прызнаўся мне, што сабраўся жаніцца. На маё пытанне: «З кім?», сябра адказаў: «Прыходзь у нядзелю, у мяне будуць госці і я цябе пазнаёмлю з будучай жонкай...». І я прыйшоў. На лавачцы каля хаты Тамара Чабан скрэбла бульбу і я падумаў: «Ну Яўген! Прымушае гасцей працаваць! Што ж ён мне загадае рабіць?» Зайшоўшы ў хату, я запытаўся: «А дзе ж нявеста?» — «Як дзе? Бульбу шкрабе…» — адказаў мой сябра. «Дык там жа на вуліцы адна Тамара Чабан…» — не разумеючы нічога, сказаў я. «А яна і ёсць мая будучая жонка…» — заўсміхаўся Яўген…

Сватаўство

29.07.2011. Калі памерла Тамара Чабан, Яўген Гарадніцкі застаўся адзін з малым сынам Паўлікам і гадавалай дачкой. Гледзячы як цяжка Яўгену аднаму з дзецьмі, праз пэўны час сябры пачалі шукаць жанчыну, якая б хоць нечым замяніла сіротам родную маці. Ну і я таксама па-­сяброўску ў гэтай справе не застаўся ўбаку. І вось, атрымаўшы запрашэнне ў госці, я з Надзеяй Вусавай, якая нядаўна развялася, павёў да Яўгена ў сваты Надзіну сяброўку. Сватаўство прайшло добра, і я, вярнуўшыся дахаты, патэлефанаваў Яўгену, каб даведацца, ці спадабалася яму новая знаёмая. «Не спадабалася!» — адказаў Яўген. «А чаму?» — «Па-­беларуску гаварыць не ўмее!» — «Навучыцца з табой!» — «Не трэба! Мне спадабалася Надзя. Перадай ёй пра гэта». Пасля размовы з Яўгенам я патэлефанаваў Вусавай, ад якой даведаўся, што і Яўген ёй спадабаўся, але яна баіцца, што не справіцца з яго дзецьмі і сваім малым сынам…