Выбрать главу

І я быў крытыкам…

9.09.2011. На пачатку 80­х гадоў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі працаваў Анатоль Сідарэвіч і я, як і многія з майго пакалення, дзякуючы яму, стаў пісаць рэцэнзіі. Крытыкуючы па заказе, я не адразу зразумеў, што займаюся не тым, чым трэба. І хоць я супрацоўнічаў з «ЛіМам» гады два, але за гэты час паспеў пакрыўдзіць некалькі добрых паэтаў. І сёння мне даўным­даўно сорамна за тое, што я быў «крытыкам». А трыццаць гадоў назад некаторыя мае літаратурныя аднагодкі «вучылі пісаць» і Танка, і Шамякіна, і Гілевіча, і Барадуліна…

* * *

9.09.2011. Чым больш графаманісты чалавек, тым больш крыўдлівы…

* * *

10.09.2011. У апалай лістоце ёсць золата і смецце майго жыцця…

Дзесяць гадоў таму…

11.09.2011. Дзесяць гадоў таму, на другі дзень пасля тэрактаў у Амерыцы, мы з Людмілай ехалі ў цягніку Мінск — Вільнюс на выступленне ў Смаргонь. Было страшна, бо здавалася, што тэрарысты прылятуць на самалётах і ў Мінск. У нашым вагоне ехалі кантрабандысты, якія везлі цыгарэты і гарэлку на продаж. Праехаўшы Маладзечна, яны звярнуліся да нас, каб мы дапамаглі ім правезці іх тавар праз мытню. Пачуўшы, што выходзім у Смаргоні, кантрабандысты нам не паверылі і, раззлаваўшыся, больш ні да кога ў нашым вагоне не прыставалі…

* * *

11.09.2011. У прыцемку вялікі белы кот выйшаў з пад’езда і лёг на апалае на асфальце лісце. І цяпер ён як белая хмарка на зорным небе…

* * *

12.09.2011. Вечарэе. Чайкі над Свіслаччу, як вялікія белыя мухі над чорным восеньскім мёдам…

Ішоў прыгожа…

12.09.2011. Едучы на аўтобусе з працы па праспекце Пераможцаў, убачыў народнага артыста. Ён у рудой скуранцы, з кіёчкам у правай руцэ, пакульгваючы на левую нагу, з голай сівой галавой і ў чорных акулярах няспешна, час ад часу спыняючыся, ішоў сярод амаль бягучых людзей. Ішоў прыгожа, як кот Базіліа, у якога ў левай кішэні ляжалі пяць залатых манет ад Бураціна…

«Белтэлеком», хакеры і мы…

13.09.2011. З кіпы старых папер вывалілася паведамленне з «Белтэлекома» за 04.12.2006 года: «Вами не призведена оплата за услуги электросвязи в сумме 567 060 рублей. В случае неоплаты до 15.12.2006 г. телефон подлежит отключению». Так­так! Была справа! Гэта тады да нас праз інтэрнэт падключыліся хакеры і карысталіся нашым тэлефонам, як хацелі. Хакеры абабралі не толькі нас. У некаторых былі сумы па 2 мільёны. Нашы заявы, што мы невінаватыя і не тэлефанавалі ў Новую Зеландыю, нам не дапамаглі, і давялося выкласці 567 060 рублёў, каб зусім не застацца без тэлефона…

Кампазітарка…

13.09.2011. Па радыё невядомая мне кампазітарка хваліцца: «Нядаўна я сама пачала пісаць тэксты. Наш мэтр паэт Зотаў мне сказаў, што ты мяне без працы пакінеш, а я на гэта толькі пасмяялася, бо сапраўды ў мяне добрыя тэксты атрымоўваюцца. Нядаўна за дзень напісала чатыры песні і я думаю, што я цяпер абыдуся без паэтаў…»

На канцы свету…

14.09.2011. Патэлефанавалі з бібліятэкі, што ў Чыжоўцы, з просьбай выступіць перад чытачамі. «Добра, прыеду хоць вы і на канцы свету…» — рыфмаванкай адказаў я. «Так, за намі Чыжоўскія могілкі…» — працягнула тэму бібліятэкарка…

Еду…

14.09.2011. Еду ў тралейбусе. Падыходзіць кантралёр: «Вашы праяздныя дакументы?» — «Я студэнт!» — спакойна адказваю я. «А чаму сівы?» — «Цяжка вучыцца!»

З Раісай Баравіковай…

15.09.2011. З Раісай Баравіковай выступаў перад школьнікамі ў бібліятэцы № 11. Калі б мы самі праз амаль дзве гадзіны не спынілі імпрэзу, то школьнікі, відаць, замэнчылі б нас пытаннямі. Дамоў з Раісай Андрэеўнай вярталіся, як з маленькага і кволага беларускамоўнага раю…

На праспекце…

16.09.2011. На праспекце Пераможцаў сёння пачалі бурыць пяціпавярховік, дзе быў філфакаўскі інтэрнат, у якім жылі многія сёння вядомыя пісьменнікі. Пыл уздымаецца, як дым ад рукапісаў, якія гараць…

У краме…

17.09.2011. У краме, аплачваючы пляшку «чарніла», бамжыха, якая стаяла перада мной у чарзе, упусціла з рук кучу драбязы і пайшла. Я падняў грошы і, дагнаўшы жанчыну, аддаў ёй. І пачуў: «Благаславі вас Бог!»

Матылі і мухі

17.09.2011. Яна не магла спаць, бо ў ейным жываце былі матылі. І ён не мог спаць, бо ў ягоным носе былі мухі. А паміж імі былі незамкнутыя дзверы…