Выбрать главу
Нет! Не увидешь здесь ни единой пылинки на белизне хризантем.

Адразу ж узгадалася пісьменніца Марыя Вайцяшонак. У яе таксама не ўбачыш дома і на лецішчы ні адной пылінкі, і яна ў госці не пакліча, калі не будзе ўсё ў парадку ў гаспадарцы…

Неба белае…

27.09.2011. Неба белае, нібы пабеленае чайкамі, бо на чорным асфальце іх белае гаўно, як кроплі белай фарбы…

* * *

27.09.2011. Выйшла так, што некаторыя прыехалі ў сталіцу, каб напіцца і памерці, а думалі ж пра... А Бог іх ведае, што яны думалі... Памерлі ж...

* * *

27.09.2011. Шэрыя вераб’і і мышы ў шэрай траве шаргацяць апалым лісцем, як шэрыя мышы і вераб’і…

Бабкіна і прыбіральня

28.09.2011. У адну вайсковую частку прыязджала з канцэртам расійская спявачка Бабкіна. Для яе спецыяльна была пабудавана прыбіральня, у якой, жартам кажучы, можна жыць. Бабкіна выступіла і паехала далей, не зайшоўшы ў прыбіральню…

Быць у дарозе…

28.09.2011. «Быть в дороге. Иллюзия счастья. Гарантированные 12 часов возможности не решать проблему»,— піша пісьменніца. Так, сваю праблему можна і не рашаць, аднак ніхто не дае гарантый, што самалёт ці цягнік, якім ты падарожнічаеш, не ляснецца…

* * *

28.09.2011. З памяці ўсплыло ці цяпер зарыфмавалася:

Забудзь мяне, і я цябе забуду, Як попел забывае пра агонь У час дажджу, які нібы атрута, Што прапякла Хрыстовую далонь…

* * *

30.09.2011. Стаю на прыпынку каля цырка. І раптам прыгожая і маладая каля мяне, як каля смерці, прайшла…

Узгадалі Уладзіміра Юрэвіча

30.09.2011. Выступаў у Музеі Янкі Купалы на вечарыне, прысвечанай 95­годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Юрэвіча. Узгадалася, як у 1996 годзе мы разам адпачывалі ў Доме творчасці «Іслач». Уладзімір Міхайлавіч быў з дачкой Галінай, а я з жонкай і малымі дзецьмі Веранікай і Максімам. Амаль кожны дзень разам гулялі па лесе. Уладзімір Міхайлавіч расказваў дзецям цікавыя гісторыі пра лясных жыхароў, а з Людмілай і мной гаварыў пра літаратуру. У сталовай кармілі не заўсёды добра — і я атруціўся. І вось сяджу на лавачцы, трымаюся за жывот і грэюся на сонцы ні на што не спадзеючыся. Лякарства аніякага ні ў нас, ні ў здраўпункце. І калі б Уладзімір Міхайлавіч не даведаўся пра маю хваробу, то, відаць, мы б раней тэрміну вярнуліся дамоў, а так ён прыслаў да нас дачку з лекамі, і я, выпіўшы пару таблетак, хутка ачуняў. Пасля майго выздараўлення мы яшчэ бліжэй пазнаёміліся і кожны дзень праводзілі ў шчырых і доўгіх размовах…

КАСТРЫЧНІК

Нельга забыць…

1.10.2011. З Людмілай хадзілі ў Музей Янкі Купалы на паэтычны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі, арганізаваны і праведзены Вікай Трэнас і Юляй Новік. Тры гадзіны ў паўнюткай зале праляцелі незаўважна, бо ўсё было цікава і непаўторна. Думаю, што найбольш з паэтаў усім запомняцца Георгій Барташ і Віктар Лупасін, а з музыкаў гурт «Нельга забыць». Галасавая паэзія Дзмітрыя Строцава абудзіла варон у Купалаўскім скверы, і яны, пакуль паэт шаманіў, з вар’яцкім карканнем кружыліся над музеем, дзе, акрамя жывых слухачоў, прысутнічалі: бронзавы Купала, нядаўні юбіляр Уладзімір Юрэвіч (партрэт, яго вечарына прайшла ўчора) і развешаныя на сценах вялікія фотаздымкі жыхароў Афрыкі…

* * *

2.10.2011. Быў у Алеся Квяткоўскага. Малюе Канстанцыю Буйло. Пакуль што паэтэса мёртвая…

Бунін і сучкі

2.10.2011. З Людмілай паглядзелі фільм Учыцеля «Дзённік ягонай жонкі» пра жыццё Буніна ў эміграцыі. Фільм павучальны — нават Нобелеўскаму лаўрэату няма чаго ў старасці бегаць за маладымі дзеўкамі, бо ўсё скончыцца тым, што свае новыя творы будзеш чытаць сабаку, прынесенаму з вуліцы: «Адной сучкай дома болей ці меней — усё роўна…» Ад таго, што ў фільме не прагучала аніводнага верша Буніна, я знайшоў томік паэта і мы з Людай пачыталі ягоныя вершы ўслых адно аднаму. Хацелі пачытаць і вершы, напісаныя ў эміграцыі, але ў кніжцы, якая выйшла ў Маскве ў 1986 годзе пасля твораў, якія пазначаны 1927 годам, адразу ідуць творы за 1947 год…

НЛА над Маладзечнам

3.10.2011. Пад абед з Маладзечна да мяне на працу прыехаў Міхась Казлоўскі і адразу ж з парога: «Слухай! Не паверыш, што я сёння раніцай бачыў! Сэрца і цяпер калоціцца! Ідучы каля могілак на электрычку на прыпынак «Фестывальны», раптам убачыў высока ў небе велізарнае кола, якое складалася з невялікіх колаў і круцілася то ў адзін бок, то ў другі, час ад часу знікаючы і зноў з’яўляючыся! Я перапалохаўся! А тым больш што нікога нідзе побач! Што гэта было? Не ведаю!» — «Відаць, іншапланетны карабель прылятаў на нашы «Дажынкі» паглядзець…» — я выказаў сваё меркаванне, і Міхась, пагадзіўшыся са мной, яшчэ раз эмацыйна расказаў пра НЛА, убачаны над ускрайкам Маладзечна…