Выбрать главу

* * *

5.10.2011. Сёння закончылі разбураць былы філфакаўскі інтэрнат. І цяпер па велізарнай кучы будаўнічага друзу і смецця лазяць экскаватары і пагрузчыкі, як жалезныя бамжы…

Праблемы…

6.10.2011. Праблемы са старымі бацькамі не даюць спакойна жыць і працаваць, таму і з’явіліся вось гэтыя радкі:

Як на чорнай галеры, Да вясла прыкаваны, Ты і сёння на працы. І глядзіш на шпалеры, Як на ціш акіяна, Як праз краты, праз пальцы. На адным з іх пярсцёнак Залаты, як былое, Калі ты быў дзіцёнак І было залатое Нават тое, што смеццем Пад нагамі ляжала…

* * *

6.10.2011. «А я па праспекце не хаджу, а ўсё па завулках і тупіках…» — падумалася, гледзячы на людзей з аўтобуса на праспекце Незалежнасці…

* * *

6.10.2011. Калі вучыўся ў архітэктурна­будаўнічым тэхнікуме, некаторыя заняткі ў нас адбываліся ў бомбасховішчы. І мне, галоднаму студэнту, часам здавалася, што мы на вайне…

* * *

6.10.2011. Рэдактар сярод мёртвых рукапісаў, як Харон…

Не былі і былі…

8.10.2011. Пра імпрэзу «Зярно к зярняці…», якая была прысвечана 95­годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Юрэвіча і прайшла ў Музеі Янкі Купалы, я ўжо запісваў у сваім дзённіку. Пра гэтую імпрэзу ў некаторых газетах з’явілася інфармацыя. «На вечарыне апроч пісьменнікаў і навукоўцаў Вячаслава Рагойшы, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Бутэвіча, Навума Гальпяровіча ды іншых выступілі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» — так піша адна газета, але ж на вечарыне ні Рагойшы, ні Аўрамчыка, ні Бутэвіча не было. Гэта значыць, што інфармацыя напісана з прэс­ліста, які быў распаўсюджаны загадзя. У другой газеце чытаем: «Сярод гасцей былі і вядомыя літаратуразнаўцы, пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Віктар Шніп, Мікола Аўрамчык, Вячаслаў Рагойша, Алесь Бадак». Зноў у перакліку ёсць пісьменнікі, якіх не было ў музеі: «М. Аўрамчык, В. Рагойша, А. Бадак». Дарэчы, карэспандэнтка з гэтай газеты прысутнічала і ўвесь час нешта запісвала. На вечарыне выступала Галіна Шаблінская, але, мяркуючы па прыведзеных інфармацыях, яе не было…

Вандроўка да нашых святынь…

9.10.2011. Учора з супрацоўнікамі выдавецтва быў у вандроўцы. Сёння адчуваю сябе крыху прастылым, але задаволеным тым, што не прасядзеў дома перад камп’ютарам…

Усю дарогу ішоў дождж. Праязджаючы праз Смаргонь ад нашага гіда Яраша Малішэўскага даведаліся, што вуліца, на якой была славутая Смаргонская мядзведжая акадэмія, раней называлася Мядзведжай, а цяпер носіць назву Танкістаў…

Па дарозе ў Солы праязджалі каля вёсак Лубянка, Васюкі, Крапіўна…

Нязжатая кукуруза каля дарог, як хрушчоўскія лясы…

Месцамі на палях зелянее рунь, і, калі б не восеньскі холад, можна было б уявіць, што на вуліцы не кастрычнік, а красавік…

У аграгарадку Солы жыве паэт Мар’ян Дукса, але пра гэта ў нашым экскурсійным аўтобусе акрамя мяне ніхто не ведае…

«4 снежня 1917 года ў Солах падпісан дагавор аб перамір’і паміж ВРК Заходняга фронту і ўпаўнаважанымі нямецкага камандавання Усходняга фронту. Упершыню ў гісторыі ажыццёўлен Ленінскі Дэкрэт аб міры» — напісана на шыльдзе, што на сельсавецкім будынку…

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах пабудаваны ў 1926—1934 гадах. У Храме ўсё па­беларуску і па­польску. Фрэскі ў большасці традыцыйныя, але дзве, на якіх паказаны вайскоўцы са зброяй, якія б’юцца за веру, надаюць Храму незвычайнасць…

На азёрах лебедзі, як вялікія восеньскія гарлачыкі…

Холадна. Вёска Ізабеліна нагадала віно «Ізабэла»…

Едучы ў Астравец назіралі за будаўніцтвам дарог, якія будуць весці да АЭС…

На Астравеччыне дасведчаныя людзі ведаюць свайго земляка Іосіфа Гашкевіча, які быў дыпламатам, вучоным­мовазнаўцам, даследчыкам Японіі і Кітая. Ён жыў у маёнтку Малі. Цяпер гэта вёска. Сядзіба не захавалася...