Дзяцінства князёўны праходзіла, вядома, не толькі ў бацькавым хораме. Яе вабіла шматгалосае і шматмоўнае торжышча, дзе можна пачуць гусляра, убачыць выступленні «вясёлых людзей» - скамарохаў. На пасадзе Прадслава заходзіла да гандляроў і рамеснікаў. Пасля цесных курных хацін простага люду асабліва ўражвалі полацкія храмы і найперш Сафійскі сабор з яго дзівоснымі фрэскамі.
Ад карміліцы, нянек, ад маці яна чула абрадавыя песні, замовы і заклёны. У той час хрысціянска-паганскае дваяверства існавала на Полаччыне нават у княжым асяроддзі, значыцца, Прадслава добра ведала даўнейшых багоў. Яе юныя гады немагчыма ўявіць без гуканняў вясны, русалляў, купалляў і калядаў.
Дзяцінства тады было карацейшае, чым сёння. Мінулася княжай дачцэ дванаццаць гадоў - трэба збірацца замуж. Пагатоў, слава аб Прадславінай прыгажосці і розуме разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацак зачасцілі сваты.
Аднаго разу князь Святаслаў падняўся ў даччыну святліцу і загаварыў пра замужжа.
- Нявеста ты ўжо ў нас, князёўна.
- Гадамі - нявеста, - адказала Прадслава.
- Ці, можа, князі табе не па сэрцы?
- Не па сэрцы.
- Мо непрыгожыя?
- Прыгожыя, дык неразумныя.
- А калі і гожыя, і разумныя? - пытаўся князь.
- Дык душою слабыя.
- Забудзеш пра гэта сярод забаў і весялосці...
- Ведаю з кніг, што пасля забаў будзе... Першая забава - срэбралюбства. Чым болей багацця, тым сквапнейшае ды падлейшае робіцца любое стварэнне. Ад другой забавы абвісае цела, крывяцца косці, хвароба ў нутро запаўзае. Гэтая забава завецца дагаджэнне чэраву. Ад трэцяе забавы траціць чалавек нават слабы розум свой, забівае ў лютасці такога, як сам. Гэтая забава завецца блуд.
Князь глядзеў на дачку ўражана.
- Хіба ж няма ўцехі ў тым, каб княжычаў нарадзіць?
- Нараджаюцца княжычы, і ўсобіцы крывавыя між імі нараджаюцца, - сказала дзяўчынка.
- Што табе да мужчынскіх усобіц? Жыві за князем сваім, дзяцей гадуй.
- На меч упадзе мой князь, а дзяцей браты заб'юць.
- Дзе ж ты знойдзеш долю сваю, калі не за мужам?
- Ува мне доля мая.
- Як жа адна, без абароны мужавай жыць думаеш?
- Як трава без абароны расце...
- У каго ж розуму вучыцца будзеш, як не ў мужа?
- У кніг, што мудрасць сабралі, як пчолы мёд.
- Дзе ж сям'я твая будзе?
- Увесь свет - сям'я мая...
Так ці іначай адбывалася тая размова, але бацькі вырашылі выдаць Прадславу за сына нейкага багатага валадара. Княгіня Сафія рыхтавала пасаг, князь Святаслаў прыкідваў выгады ад шлюбу. Яны яшчэ не ведалі, што дачка цвёрда выбрала іншую пуцявіну.
«Святым Духам напоўніўся розум яе, - гаворыцца ў «Жыціі», - і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» І яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя, хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды - тых памятаюць на зямлі...»
Прадслава прыходзіць у манастыр.
Удава князя Рамана Ўсяславіча, якая была ігуменняй, выслухала пляменніцу і, гледзячы на яе хараство, скрозь слёзы прамовіла: «Дзіця! Як магу я такое ўчыніць! Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву. Ды і маладая ты яшчэ векам несці цяжар манаскага жыцця. І як здолееш ты пакінуць княжанне і славу гэтага свету?»
Але князёўна дабілася свайго і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню. Здарылася гэта найверагодней 25 верасня, у дзень святой Еўфрасінні Александрыйскай.
Князь Святаслаў ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па дачцэ, як на нябожчыцы. (Як бачым, сям'я будучай святой не вызначалася глыбокай вераю.) Гэта было першае і вельмі цяжкае выпрабаванне юнай Хрыстовай нявесты.
Паспрабуйма пакласці перад сабою таўшчэзныя тамы «Всемирной истории» ды энцыклапедый і знайсці ў Эўропе XII стагоддзя жанчыну, якую па адукаванасці і па зробленым дзеля асветы свайго народа можна паставіць побач з Еўфрасінняй. Не ведаю, што атрымаецца ў вас, а мяне такія пошукі пераканалі: Усяславава ўнучка ў той эпосе не мела роўных сабе і ў славянскім свеце, і на ўсім эўрапейскім кантыненце.