- Навошта такая скрынка была айцу Міхаілу?
Калі тая адказала, ён адразу павесялеў і пачаў гульню.
- А вось зусім незаменны ў кожнай гаспадарцы прадмет, які павінен займаць самае пачэснае месца...
Усе здзіўлена натаропіліся.
- Зроблены з самага найлепшага дрэва найлепшымі майстрамі, адпалітураваны, пафарбаваны на самым найлепшым пакосце пад натуральнае сасновае дрэва...
Усе зарагаталі.
- Скрынка для таго, каб насіць на рыбалку земляных чарвей, а ў выпадку патрэбы - маёвых хрушчоў...
Рогат узнімаўся вышэй.
- Цана! - Ён адшукаў вачыма мяне і крыкнуў:- Цана - тры капейкі. Хто больш?
Праз агульны смех даносіліся галасы:
- Аддай гэтаму хлопчыку дарма!
- Не маю права! Хлопчык! Давай тры капейкі...
Я, не кажучы ні слова, аддаў свае апошнія тры капейкі, забраў гэтую скрынку і кнігу і падаўся дахаты. Больш у мяне капіталаў не было, купляць не было на што.
Кніга стаяла ў нас да самай вайны. Я яе чытаў некалькі разоў. У памяці засталося багата назваў старадаўніх кніг і рукапісаў. Калі я паступіў у Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, мы ўсім класам былі на экскурсіі ў Вільні. Наведаліся і ў Публічную бібліятэку. Нам паказвалі некаторыя старыя выданні. Кіраўнік музея страшэнна здзівіўся, калі я пачаў пытацца:
- Ці можна паглядзець такія і такія рукапісы? А ці ёсць яшчэ ў вас такія і такія кнігі?
- Як ты, хлопча, дачуўся пра іх?
- Дужа проста: я чытаў каталог вашай бібліятэкі...
У далейшым жыцці я цікавіўся заўсёды старадаўнімі кнігамі і рукапісамі. Так мой выпадковы набытак прынёс мне пэўную карысць...
Старадаўнія рымскія пісьменнікі Гарацый, Вергілій, Авідзій і Апулей прыехалі аднойчы ў нашы Агароднікі, асяліліся ў хаце майго прадзеда і жылі там аж да першай імперыялістычнай вайны. У часе вайны яны пакінулі нашу сядзібу і больш у ёй не бывалі. А як гэта ўсё адбылося, мы зараз даведаемся дакладна.
Пачалося ўсё даўно, у першай палове дзевятнаццатага стагоддзя. Гэта значыць, больш чым за сто гадоў да нашага часу.
Аднойчы жнівеньскім адвячоркам мой прадзед Якуб, тады яшчэ зусім не стары чалавек, сядзеў на лавачцы перад сваёй хатаю. Была субота. Усе тэрміновыя работы зроблены. Прадзед чакаў, калі ягоны сын Тодар прапаліць лазню. Жанчыны падрыхтавалі бялізну і ўсё, што патрабуецца для гэтага абраду. Раптам на вуліцы з'явіўся незнаёмы чалавек. Не падобны ён быў да селяніна, не падобны і да якога местачкоўца - ні з постаці, ні з вопраткі. Прыгледзеўшыся добра, - падарожны падышоў бліжэй, - Якуб прызнаў яго: гэта быў вяльможны пан Юстын Палівода, адзін з самых багатых абшарнікаў нашае акругі. Ён ніколі, хіба ў дзяцінстве, не ездзіў на парцы коней. Самае меншае - чацвярык стаеннікаў запрагалі ў ягоную карэту. Фарэйтары, гайдукі... Адным словам, урачыстая працэсія, вясельны поезд нейкі, а не тое, каб выезд які. Зусім зразумела, што ніколі такі поезд не наведваўся на вясковыя дарогі. Толькі трактам або бойным гасцінцам праносіўся гэты пан са сваімі паязджанамі.
А цяпер - абшморганы, збянтэжаны, ідзе ён пехатой праз такую несамавітую вёсачку, як Агароднікі. Якуб здзівіўся. Ды як жа загаварыць з ім? Панам назваць - можа, ён цяпер і не пан, суседам - каб не прыняў за кпіну якую. Урэшце дадумаўся Якуб.
- Чалавеча добры! Адпачні крыху, пасядзі.
- Дзякую. Трэба ісці.
- Вечарэе. Куды так далёка ісці трэба?
Пан Палівода падышоў з ніякаватым выглядам, сеў побач Якуба.
Пасядзелі. Пагаварылі пра надвор'е, дажджы, пра збожжа. А тут і сын Тодар прыйшоў клікаць бацьку ў лазню. Павітаўся з падарожным. Здзівіўся, бо таксама нібыта пазнаў яго. Запрасілі ў лазню і падарожнага.
- Як я пайду! У мяне і пераменкі няма.
- От вялікі клопат! Зараз нашы кабеты падрыхтуюць. Ідзі, Тодар, скажы ім! - звярнуўся да сына Якуб.
Сабраліся. Пайшлі. Памыліся. Было ўсё - і пара і бярозавыя венікі. Сам Якуб вязаў для сябе ядлаўцовыя венікі. «Лепш пара да цела прыстае, ні адзін драбочак не прападае». А распараныя ў кіпетні, - яны зусім не колкія...
Па ўсім мыцці - свежая бялізна, ільняная, адмытая лугам, выбітая пранікам у пральні, выкачаная бярозавай качалкай ды перасушаная з сухім чаборам. Ад яго, як ад найлепшых духоў, водар прыемны ледзь не тыдзень трымаецца.
Прыйшоўшы ў хату, павячэралі, як мае быць. Падарожнаму паслалі на лаве, на покуце.
На другі дзень госць, устаўшы і памыўшыся, пачаў адразу збірацца ісці.