Выбрать главу

Калі ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлівымі насмешкамі маладую дзяўчыну, якая з усіх сіл старалася трымацца як мага бліжэй да салдацкага частаколу. Яна была маленькая і кволая, і мужчыны — то адзін, то другі — не раз спрабавалі прабіцца праз натоўп і захапіць яе месца; але кожны раз хто-небудзь з тых, хто стаяў побач крычаў, што яна дачка Эрыка Іварсана з Ольсбю, і пасля такога тлумачэння дзяўчыну больш не спрабавалі прагнаць з месца.

Але затое на яе градам сыпаліся кпіны. У дзяўчыны пыталіся, каго ёй больш хочацца бачыць на шыбеніцы — бацьку ці жаніха. І здзіўляліся: з якой гэта ласкі дачка злодзея павінна займаць лепшае месца.

Тыя ж, што прыйшлі з далёкіх лясоў, толькі дзівіліся, як у яе хапае духу заставацца на плошчы. Але ім тут жа расказалі пра яе і нямала іншых дзіўных рэчаў. Яна была не з баязлівага дзесятка, гэта дзяўчына, і прысутнічала на ўсіх суровых разборах, ніколі не заплакала і ўвесь час была спакойная. Раз-пораз ківала яна галавой абвінавачваемым і ўсміхалася ім так, быццам была ўпэўненая ў тым, што заўтра іх вызваляць. І калі абвінавачваемыя бачылі яе, то зноў былі мужнымі. Яны думалі самі сабе, што ёсць на свеце хоць адзін чалавек, які перакананы ў іх бязвіннасці. Хоць адзін, хто не верыць у тое, што нейкі мізэрны залаты пярсцёнак мог спакусіць іх і падштурхнуць на злачынства.

Прыгожая, ціхая і цярплівая, сядзела яна ў судовай зале. Ні разу не выклікала яна ні ў кога гневу. Наадварот, нават у суддзі з засядацелямі, ды і ленсмана яна выклікала прыязнасць да сябе. Самі б яны, дапусцім, у гэтым не прызналіся, але хадзіла чутка, быццам павятовы суд ні за што не апраўдаў бы абвінавачваемых, калі б не было там яе. Немагчыма было паверыць, што хто-небудзь з тых, каго любіць Марыт Эрыксдотэр, можа быць вінаваты ў ліхадзействе.

І вось цяпер яна зноў была тут, каб арыштанты маглі бачыць яе. Яна стаяла тут, каб быць апорай і суцяшэннем. Яна хацела маліцца за іх у час іх цяжкага выпрабавання, хацела даверыць іх душы ласцы божай.

Хто ведае! Кажуць жа ў народзе, што яблык ад яблыні недалёка падае. Але нічога не скажаш, з выгляду яна была добрая і бязвінная. Ды і сэрца было ў яе любячае, калі яна змагла застацца тут на плошчы.

Яна ж, напэўна, чула ўсё, што ёй крычалі, але не адказвала, і плакала, і не спрабавала выратавацца ўцёкамі. Яна ведала, што няшчасныя вязні будуць рады бачыць яе. Бо ва ўсім вялізным натоўпе яна была адна-адзіная, хто ўсім сэрцам па-чалавечы спачуваў ім.

Але што ні кажы, а стаяла яна тут зусім не дарэмна. Знайшліся ў натоўпе адзін-два чалавекі, у якіх былі свае дочкі, такія ж ціхія, міласэрныя, як Марыт. І ў глыбіні душы гэтыя людзі адчувалі, што ім не хацелася б бачыць сваіх дочак на яе месцы.

Пачуліся ў натоўпе два-тры галасы, якія абаранялі яе ці спрабавалі хоць бы супакоіць нястрымных вастрасловаў і гарлапанаў.

Не толькі таму, што скончылася пакутлівае чаканне, але і з-за спачування да Марыт Эрыксдотэр усе ўзрадаваліся, калі дзверы судовай палаты расчыніліся і суд пачаўся. Спачатку ўрачыста прайшлі судовы прыстаў, ленсман і арыштанты, з якіх знялі кайданы, хоць кожнага з іх вартавалі два салдаты. Затым паявіліся дзяк, пастар, засядацелі, пісар і суддзя. Замыкалі шэсце важныя паны і некалькі сялян, якія былі ў такой пашане, што ім дазволілі знаходзіцца за ачапленнем.

Ленсман з арыштантамі сталі з левага боку ад судовай палаты, суддзя з засядацелямі павярнулі направа, а паны размясціліся пасярод. Пісар са сваімі паперамі заняў месца за сталом. Вялікі барабан па-ранейшаму стаяў у цэнтры плошчы ва ўсіх на вачах.

Як толькі паказалася шэсце, у натоўпе пачалася штурханіна і цісканіна. Нямала рослых і дужых мужчын так і намагалася праціснуцца ў першы рад, спадзеючыся перш за ўсё сагнаць з месца Марыт Эрыксдотэр. Але, баючыся, як бы яе не адціснулі, яна, маленькая і тоненькая, нахіліўшыся, прашмыгнула міма салдат і апынулася па другі бок іхняга частаколу.

Гэта было супраць усіх правіл парадку, і ленсман даў знак судоваму прыставу выдаліць Марыт Эрыксдотэр. Прыстаў тут жа падышоў да яе, паклаў руку ёй на плячо, быццам намерваючыся яе арыштаваць, і павёў да судовай палаты. Але як толькі яны апынуліся ў людскім натоўпе, ён адпусціў яе. Прыстаў ужо нагледзеўся на дзяўчыну і ведаў — ёй абы толькі дазволілі стаяць паблізу ад арыштантаў, а яна нават не паспрабуе ўцякаць. Калі ж ленсман захоча яе паўшчуваць, то знайсці Марыт будзе лёгка.