Выбрать главу
Артур Конан Дойл Пярсцёнак Тота

Містэр Джон Вансітарт Сміт, сябра Лонданскага каралеўскага таварыства, быў чалавекам, чыя энергія ў дасягненні мэты і яснасць думкі маглі высунуць яго ў першыя шэрагі навукоўцаў. Аднак ён быў ахвярай уласных амбіцый, якія штурхалі яго на спазнанне шматлікіх навук, замест таго каб засяродзіцца і зрабіцца першым у адной з іх.

У маладосці ў яго былі здольнасці да заалогіі і батанікі, за што сябры празвалі яго Дарвінам, але за крок да звання прафесара ён раптоўна скончыў свае штудыі і зацікавіўся хіміяй. Доследы ў галіне спектру металаў прынеслі яму сяброўства ў каралеўскім таварыстве, але ён зноў парваў з гэтай навукай, год не з’яўляўся ў лабараторыі, а пасля далучыўся да Усходняга таварыства і выдаў працу па іерагліфічных і дэматычных надпісах Эль-Каба — яшчэ адзін прыклад размаітасці і непастаянства ягоных зацікаўленняў.

Але нават найвялікшыя легкадумнікі нарэшце спыняюцца ў сваіх пошуках. Так адбылося і з Джонам Вансітартам Смітам. Чым больш ён заглыбляўся ў таямніцы егіпталогіі, тым больш захапляўся агромністым колам пытанняў, што паўставалі перад ім, і той надзвычайнай важнасцю прадмета, даследаванне якога абяцала кінуць прамень святла на зародак чалавечай цывілізацыі і крыніцу развіцця мастацтва і навукі. Таму містэр Сміт неадкладна ажаніўся з маладой дзяўчынай-егіптолагам, што займалася шостай дынастыяй, і, маючы добры грунт, засеў за збіранне матэрыялаў для работы, якая мусіла аб’яднаць даследаванні Лепсіюса і Шампальёна. Напісанне гэтага артыкула вымагала частых паездак у Луўр, дзе захоўваецца багатая егіпецкая калекцыя, але не так даўно, недзе ў сярэдзіне кастрычніка, з ім здарылася дзівосная прыгода.

Цягнікі сунуліся марудна, канал быў неспакойны, таму навуковец прыехаў у Парыж раздражнёны і разгублены. Ледзь зайшоўшы ў “Гатэль дэ Франс” на вуліцы Лафіт, ён адразу ўпаў на канапу, але праз пару гадзінаў зразумеў, што не зможа заснуць, і таму, нягледзячы на стому, вырашыў накіравацца ў Луўр, развязаць адно пытанне і вярнуцца дадому вячэрнім цягніком. На дварэ імжыла, ён надзеў паліто і рушыў. У Луўры яму ўсё было знаёма, і ён хутка адшукаў патрэбную залу з папірусамі.

Нават самыя гарачыя прыхільнікі Джона Вансітарта Сміта наўрад ці маглі б сказаць, што ён прыгожы мужчына. Глюгавы нос і вострае падбароддзе паказвалі на з’едлівы характар і выбітны інтэлект. Ён трымаў галаву як птушка і ў размове па-птушынаму дзёўб сваіх суразмоўцаў нязгодамі і пярэчаннямі. Стоячы з паднятым да вушэй каўняром паліто, ён мог бачыць у шкляной вітрыне свой нязграбны адбітак. Тут ён пачуў, як у яго за спінай нейкі ангелец рэзка выгукнуў: “Глянь, які дзівак!”

Навуковец меў схільнасць да дробнай пыхлівасці, а таму з падкрэсленай грэблівасцю ставіўся да меркавання абываталяў. Ён сціснуў вусны і ўтаропіўся ў сувой папіруса, а яго сэрца адразу ж напоўнілася непрыязнасцю да вандроўнага племені брытаў.

— Ага, — прамовіў іншы голас, — ён напраўду нейкі незвычайны хлопец.

— А ведаеш, — сказаў першы, — можна падумаць, што ён праз пастаяннае сузіранне мумій і сам стаў падобны да муміі.

— У яго дакладна егіпецкія рысы твару, — прамовіў другі.

Джон Вансітарт Сміт павярнуўся, збіраючыся паставіць на месца сваіх суайчыннікаў з’едлівай заўвагай. Аднак, як ні дзіўна, двое маладых мужчын стаялі спінамі да яго і глядзелі на служку Луўра, што наводзіў бляск на медных вырабах у іншым канцы залы.

— Картэр будзе нас чакаць каля Пале-Раяля, — зірнуўшы на гадзіннік, сказаў адзін з турыстаў, і яны сышлі, пакінуўшы навукоўца сам-насам з ягонымі папірусамі.

“Цікава, што гэтыя пустасловы называюць егіпецкімі рысамі твару”, — падумаў Джон Вансітарт Сміт, і прыўстаў, каб пабачыць твар служкі. Цяжка было ўявіць, але гэта быў менавіта той тып твару, з якім ён быў так добра знаёмы са штудый. Правільныя застыглыя рысы, шырокія бровы, акруглае падбароддзе, цемнаваты колер скуры... ён быў дакладнай копіяй незлічоных статуй, мумій і выяваў, якія ўпрыгожвалі сцены залы.

Абсалютнае падабенства. Мужчына мусіў быць егіпцянінам. Дастаткова было зірнуць на ягоныя вуглаватыя плечы і вузкія сцёгны, каб пераканацца ў гэтым.

Джон Вансітарт Сміт наблізіўся да служкі. Яму было цяжка распачаць размову, бо ён вагаўся перад выбарам паміж паблажлівым тонам старэйшага і добразычлівым тонам роўнага. Калі ён падышоў бліжэй, чалавек павярнуўся да яго тварам, але ягоны позірк быў засяроджаны на працы. Было нешта нечалавечае і надзвычайнае ў ягоным выглядзе. Скура на шчоках і скронях была шкляная і бліскучая, як лакіраваны пергамент. На ёй не было ні і знаку пораў. Немагчыма было ўявіць ані кроплі вільгаці на гэтай сухой паверхні. Ад брыва да падбароддзя твар быў спярэшчаны мільёнам далікатных зморшчынак, якія пераліваліся і перапляталіся, нібы сама прырода імкнулася паказаць, якія дзівосныя і мудрагелістыя візэрункі яна ўмее ствараць.