— Ведаеце што, пан? — сказаў Юзаф. — Падабаецеся мне. Нам трэба наша знаёмства акрапіць. Маю ў запасе бутэлечку першаку, таму раздушым яе.
Неўзабаве на стале з’явілася літровая бутэлька самагону. Пан Юзаф падахвоціўся. Зрабіўся вясёлы і вельмі гаваркі.
— Я не маю адукацыі, — сказаў ён, — але жыццё бачыў. Ой, пабачыў! Шчыра, паночку. Шэльму па вачах пазнаю. Так. У мяне: як чалавек чалавекам, душу аддам! Як хам — душу з яго вон!.. Вось што!.. У пану бачу чалавека. Так.
— Гэта мне вельмі прыемна, — адзначыў Забава, — што пан, так мала мяне ведаючы.
— Ціха!.. Не кажыце, пане, — перапыніў Юзаф. — Я тамака розных псіхалогій не вучыўся, але не аднаму з тых, што стос кніг згрыз, дам форы. Ён на паперы вучыўся, а я на людзях, у жыцці. Разумееш, пан? Ты ведаеш, пане, кім я быў? — Юзаф нізка нахіліў галаву, змятаючы са стала вялікай чорнай барадой крошкі. — Матросам я быў. Так, матросам! — сказаў з націскам. — Трыццаць гадоў па свеце бадзяўся, шчасця шукаў, ажно тут знайшоў! — тыцнуў шырока растапыранымі пальцамі дзесьці ўглыб пакоя.
Задумаўся.
— Хачу пану штосьці сказаць, — прамовіў пасля кароткага маўчання. — Толькі сакрэт. Разумееш?.. Бо гэта нібы няёмка.
— Добра, — адказаў Забава.
— Дай руку!
Паціснулі рукі, як сябру сябра.
— Пан прынёс ліст для Ядзькі ад Кароля. Яна ўзрадавалася, а я, зусім не! Бо ён, шчыра кажучы, смоўж. Гэта чалавек, паночку, які толькі сябе самога любіць. А калі жонку прыпомніў, дык не таму, што кахае, а проста: пра сваю ўласнасць нагадвае. Дбае, як пра карову або казу. Так… А няварты яе, няварты!.. Самалюб, недалуга, тонкая кішка. Яна ў мяне добра загартаваная, на ўсякую бяду! А якая працавітая, цярплівая, верная!.. Выхоўваў, навучаў, як мог, за апошні рубель, каб такому беларучку жыццё асалодзіла. Ну, прапала. А усё: бяда-нэндза!.. Точыць чалавека, як іржа жалеза!..
— Калі ласка, пан, — сказаў Забава, каб адарваць яго ад непрыемнай тэмы, — якія ў вас тут адносіны паміж грамадзянамі і уладай? Гэтак даўно не быў у Расеі.
Спадар Юзаф усміхнуўся.
— Адносіны, адносіны?. Вельмі простыя адносіны: Молчать и неразгаваривать. Такія адносіны! Разумее пан: дыктатура пралетарыяту! Дык-та-ту-ра!!! А з гэтай прычыны кожны гнюс, уедлівы, які мае шмат спрыту і нахабства, атрымаў магчымасць прыгнятаць іншых, якія тых вартасцей не маюць. Калісьці ўлада служыла грамадзянам. Зараз грамадзяне служаць уладзе. Служаць са страхам, подлым, агідным, які зневажае чалавека. Страх ператварыў грамадзян у шпікоў, нават у сем’і ўвайшло шпіёнства. Пан ведае, у якой дзяржаве мы жывём, га?
— У Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.
— Нічога падобнага! — грукнуў даланёй па стале Юзаф. — У ліпкай краіне, у ліпучай дзяржаве, паночку, у ліпучай. Тут усё ліпее і ўсё злеплена: расколатыя шыбіны — паперай, муры і платы — дэкрэтамі, паркеты і сцены — макроццем і брудам!.. Паветра ліпкае ад смуроду; рукі ліпкія — ад зладзейства; погляды ліпкія — падазроныя і баязлівыя; улада ліпкая — хабарыстая!.. У клеі, халера, мы жывём, у ліпкасці паміраем! Кожны сноўдаецца, як той журавель у балоце: нос з бруду выцягне — хвост уграз, хвост выцягне — нос уграз і так кругом!.. Мая Ядзька (разумная гэта лабацінка) кажа, што мы жывём у чацвёртым вымярэнні. Нібы пазанармальным чалавечым жыццём. І гэта насамрэч так, бо нават час перасунуты на тры гадзіны.
У людзей дзевятая вечара, у тэатры ідуць ці на балі, а ў нас — дванаццаць уначы, даўно спаць вымушаны. Людзі на працу а восьмай раніцы ідуць, а мы а пятай уначы.
— Мяне цікавіць, як грамадзяне ставяцца да ўладаў?
— Не-на-відзяць! Стра-а-ашэнна! Да смерці, крадком ненавідзяць, са страхам. Ненавідзяць, ліслівячы! Ненавідзяць, працуючы! Тут няма анічога святога! Усё аплявана, высмеена, над усім здзек, з крывёй і слёзамі. Да прыкладу, дзяржава наша завецца скарочана: РСФСР. Скарот гэты служыць мішэнню да проста бясконцых высмейванняў таго, што лепш за ўсё сведчыць пра любоў і давер грамадзян да ўлады. У кожнай іншай краіне грамадзяне ганарацца сваёй прыналежнасцю да дзяржавы, а ў нас... Калі ласка, паслухайце, што робяць з таго прыгожага скароту: РСФСР. Першае: «Редкий Случай Феноменального Сумасшествия Расы». Другое: «По краям Розы, по бокам Слёзы, а посредине Фига». Трэцяе: «два Ерики, два Серики, а посредине «Фе»». Чацвёртае: «Российский Социализм Форсит Своим Рылом»… І гэтак далей бясконца!.. Тут я прывёў толькі некаторыя, мажлівыя да пераказвання. У ніякай дзяржаве, спадарочку, не можа выгадавацца гэткая нянавісць да ўлады, як у нас! І думае пан: ненавідзяць буржуі? Не, беднякі ненавідзяць! З буржуямі скончана: альбо выбіты, альбо павыміралі, альбо паўцякалі, а тыя што засталіся — далі сабе рады. Добра абгрунтаваліся. Кажу ж, далі сабе рады… Можа, лепш, чым калі. Зрэшты, убачыць пан сам. Пан казаў, што жадае ехаць у Гомель, да знаёмых.