— Так, і з гэтай прычыны маю просьбу.
— Вельмі ахвотна.
Забава паказаў Юзафу бранзалет і папрасіў прадаць яго за савецкія грошы. Трэба ж на праезд. Той стаў уважліва разглядаць каштоўнасць.
— Вядома, зраблю, — сказаў. — Але я раю дыяментаў тут не прадаваць. У Польшчы пан напэўна даражэй яго абгрошыць. Я разбіраюся трохі ў гэтым. Дыяменты каштоўныя: вунь гэтыя два па тры чвэрткі карата, а той, што ў сярэдзіне, пад карат з ліхвой. Яны ўсе чыстыя, іх так і называюць — «чыстае вады». Каштуюць каля 250 даляраў. А золата пану заўтра ж прадам.
— Цудоўна!
— Можна зрабіць так: палову ўзяць лімонамі, а палову ў далярах. Ведае пан, чым я займаюся, з чаго жыву?
— ?..
— Перакупніцтвам. Гандаль у нас наогул забаронены, але то, паночку, хлусня. Усе гандлююць, чым хто можа. Нават улада… Яны дык першым чынам… Прыклад падаюць.
Доўга гаварыў Забава з Юзафам. Пачуў ад яго шмат цікавых рэчаў, атрымаў шмат інфармацыі. Цяпер збольшага арыентаваўся ў новых праявах савецкага жыцця і ў новых парадках.
Набліжалася трэцяя гадзіна ночы. Газа ў лямпе дагарала, бутэлька была даўно пустая. Юзаф пасцяліў Забаве на канапе.
Стомлены Забава адразу ж заснуў. Прыснілася яму дэманстрацыя абарваных, жудасных, знясіленых людзей. Ішлі панурыя, бязгучна сунучыся па сонных вуліцах места, напаўняючы яго бруднай хваляй целаў і лахманамі адзежын. Над той чорнай, жывой хваляй чырвонымі макамі квітнелі сцягі, з напісанымі на іх дзіўнымі заклікамі: «Няхай жыве чацвёртае вымярэнне!»
Пасля пяці дзён знаходжання ў Гомелі Забава вяртаўся ў Менск. «Працу» выканаў нечакана лёгка і добра; зрэшты, заданне ягонае выпрабавальнае, яно і не магло быць цяжкім. Так, паездзіць, паглядзець, паслухаць. Аднак Забава падмацаваў свае назіранні яшчэ і дакументамі, якія пацвярджалі трохі сумнеўныя звесткі вайсковага характару.
У Гомелі давялося перадаць ліст ад бацькоў, якія жывуць у Польшчы, аднаму чырвонаму афіцэру з 7-й кавалерыйскай дывізіі. Сустрэлі яго добразычліва. Лёгка здабыў патрэбную інфармацыю, і нават некаторыя матэрыялы (малакаштоўныя, але яны адкрывалі шырэйшую перспектыву на будучае). Акрамя таго, яму наладзілі знаёмства з «буйной рыбай» са штаба той 7-й кавалерыйскай дывізіі. Уласна, дзеля гэтага ён тут, у Саветах, і быў. Стомлены, не выспаны, але вельмі задаволены.
Звык у новым для сябе асяродку і пачуваўся, як рыба ў вадзе. Умеў лёгка прыстасоўвацца да любых нечаканых акалічнасцей і прызначанай ролі. Гэта быў яго талент, удасканалены доўгімі гадамі небяспечнага жыцця ў агні вайны, віры рэвалюцыі. Канспіратыўнае жыццё насычала яго радасцю. Любіў хавацца пад чужымі прозвішчамі, праслізгваць з горада да горада, адчуваць заўсёдную рызыку і напругу нерваў. Жыць даведзенай да дасканаласці вёрткасцю гнанага звера. Для яго гэта была тая стыхія, як для добрага плыўца вада: прыемная і — заўсёды небяспечная, няпэўная.
Меў спраўныя дакументы (зразумела: падробленыя). «Уліковая картка» і «Працоўная кніжка», выдадзеныя «ў Маскве ў Арбацкім раёне». На першым дакуменце, у правым верхнім ражку, кідаўся ў вока выдрукаваны і тлуста падкрэслены лозунг: «Нетрудящийся да не ест!». Меў трохі клопату з грашыма, бо яму цяжка было прыстасавацца да грашовых знакаў, якія заўсёды азначалі нешта іншае, напрыклад: адзін рубель, выпушчаны ў 1922 годзе, быў варты 10 000 рублям, выдадзеным у 1921 годзе, і гэтак далей. Каб пазбегнуць памылак, заўсёды ў білетных касах плаціў буйнымі купюрамі і атрымліваў рэшту. Быў вельмі асцярожны, нават у дробязях, і гэта яго ратавала.
У вагоне ехалі пераважна вайскоўцы. Цягнік быў бітком набіты. Ішоў са звычайным спазненнем больш чым на дзесяць гадзін. Гэта здаўна ўсталявалася і было звычайнай з’явай на савецкіх чыгунках.
У Гомелі, беручы прыклад з іншых пасажыраў, пераважна салдат, Забава сеў у вагон праз акно. Месцы здабываліся пры дапамозе кулакоў. Крык, шум, праклёны чуліся наўкола. Вагоны выглядалі як фарты, атакаваныя вар’ятамі.
Быў у дарозе некалькі гадзін. Смурод і задуха запаўнялі вагон. У суседнім купэ ехала некалькі чырвонаармейцаў, гарачых аматараў паспяваць. Дзёрлі горла не перастаючы, спявалі адну песеньку за другой і змаўкалі толькі на станцыях. Забава прыхіліўся спінай да перагародкі купэ, прыплюшчыў вочы і драмаў. Гучала прыглушаная пастукваннем колаў песенька: