Перад вачамі Забавы ўзнік твар спадарыні Ядвігі. Прыгожы, вытанчаны пакутамі твар. Бачыў яе гэтак нядоўга, але зрабіла на яго глыбокае ўражанне: не пачуццёвае, а эстэтычнае. Любіў прыгожыя твары, а твар спадарыні Ядвігі быў незвычайнай пекнасці. Асабліва ўпрыгожвалі яе цудоўныя залацістыя вочы, казачная ўсмешка і багатыя валасы, нібы адлітыя з бронзы. Калі спадарыня Ядвіга ў гутарцы з ім смяялася, адчуваў, як яго быццам штосьці цёплае ахутвала ў грудзях, пераймала дыханне, і ён захоплена глядзеў ёй ў вочы.
А жаўнеры далей спявалі з жарсцю, якая выклікала ў іх «мілка-ўмілаваная», калі з’яўлялася на вуліцы:
Злева ад Забавы сядзеў армянін, які пры пэўных рэфрэнах песенькі гучна пляскаў далонямі па каленах і манерна голасна смяяўся:
— А-ха-ха-ха! Ма-а-ла-дзец!.. Нават коні!.. ха-ха-ха!.. Яшка! — крыкнуў у наступнае купэ, дзе ехаў «хор» і дзе меў кагосьці знаёмага. — А заспявайце ну, наш адэскі «Чайнік»!
— Добра!
І неўзабаве хор заспяваў «Чайнік». Пасля першай, запеўнай страфы надышла чарга другой, якую «ўсходні чалавек» успрыняў з асаблівым захапленнем, падпяваючы, свішчучы, цмокаючы вуснамі і б’ючы ў ладкі. Армянін тупаў у такт песенькі, жудасна вырачваў вочы і па-змоўніцку падміргваў да развяселеных пасажыраў, нібы прапаноўваючы ім далучыцца да ягонага захаплення.
У Жлобіне зайшоў чыгуначны кантроль — ЧК. Праверылі дакументы. Тры чэкісты абыходзілі купэ. Адзін браў дакументы і падаваў таварышам да прагляду. Тыя ўважліва глядзелі кожны дакумент, а некаторыя паперкі, сумнеўныя, нават глядзелі на святло. Калі прыйшла чарга Забавы, нядбайна падаў дакументы чэкісту. Той іх прагледзеў.
— Чаму вы, — звярнуўся да Забавы, — будучы сталым жыхаром Масквы, маеце ўліковую картку са смаленскага ваенкамата?
— Працоўная кніжка выдадзена мне была у 21-м годзе, а ўліковая картка ў 22-м. У маі гэтага года я выехаў на службу ў Смаленск як манцёр і тамака прымацаваўся ў ваенкамаце.
— Угум, — невыразна буркнуў чэкіст, беручы да праверкі дакументы ў наступных.
Забава заўважыў, што ў жаўнераў дакументы праглядаліся вельмі нядбайна. Затое дакументы цывільных падлягалі падрабязнаму агляду і вывучэнню. Аднаго цывільнага арыштавалі. Карыстаўся пасведчаннем, выдадзеным з валіспалкама, пячатка якога была вельмі невыразнай.
«Лепш за ўсё ездзіць у вайсковай форме», — падумаў Забава.
Хор спяваў далей:
Насупраць армяніна сядзеў малодшы камандзір з двума чырвонымі трыкутнікамі на рукаве. Вялі «палітычную» гутарку. Уласна гэта была не гутарка, бо гаварыў толькі малодшы камандзір, а армянін хітаў галавой і падтакваў яму. Відаць было, што ўсходняму чалавеку вельмі хочацца спаць, што гутарка жахліва яму надакучыла, але малодшы камандзір не ўлоўліваў тое і азартна выгалошваў:
— Рэвалюцыя, таварыш, на месцы стаяць не можа і адступаць назад ёй нельга! Рэвалюцыйны фронт павінен увесь час пасоўвацца наперад і наперад, аж да перамогі!..
А хор роў частушкі:
— Гэта правільна, да-а-ска-а-нала! — захапляўся, цмокаючы мясістымі, нібы наклеенымі вуснамі, армянін, пацвярджаючы невядома што — словы песенькі, ці прамову малодшага камандзіра.
— У Польшчы, таварыш, паны рыхтуюцца знішчыць нашу свабоду!.. Паўмільёна працоўных канае ў турмах!.. Сяляне і працоўныя з голаду паміраюць, а буржуазія аб’ядаецца рознымі апельсінамі і разбіваецца на аўтамабілях! Культура падае! Масы паміраюць у жабрацтве, а панкі́ ад абжорства рыгаюць!..