Выбрать главу

— Вас, напэўна, напусціў на мяне шляхцюк, які тут праходзіў паўгадзіны таму?

Пацвердзілі. Я ўспомніў, што гэта быў той самы шляхцюра, на якога нацкаваў мяне ў Воўкаўшчыне Адам Каліноўскі і якога хацеў застрэліць на ягоным падворку.

У Воўкаўшчыне браты Юзаф і Браніслаў Каліноўскія прывіталі мяне на двары, заяўляючы:

— Адам звар’яцеў!.. Што рабіць?..

Пайшоў з імі ў пакой, дзе на ложку ляжаў Адам. Быў апрануты. Ляжаў ніцма і няспынна лупіў кулаком у біла драўлянага ложка… Пазнаў мяне адразу і зрабіў братам знак рукой, каб выйшлі з пакоя. Потым сеў і сказаў умольна:

— Схадзі, пан, да Меляховіча!

— Навошта? — здзівіўся я.

— Каб пагаварыць з Люцыяй.

Пазней ад ягоных братоў даведаўся, што Меляховіч мае трох дачок. У малодшую, Люцыю, Адам закахаўся і хацеў узяць з ёй шлюб перад выездам у Амерыку да сваякоў, якія намерваліся ў хуткім часе даслаць яму «шыфратэлеграму». Бацька Люцыі на шлюб не згаджаўся. Каліноўскія, як я зрабіў выснову, таксама былі супраць. Вось якраз ад усяго гэтага Адам звар’яцеў… Потым я разважаў над тым, як, паддаючыся на ўгаворы вар’ята, ледзь не нарабіў бяды. Праўда, быў я п’яны, але павінен больш крытычна ставіцца да фантастычных аповедаў Адама пра ўбачаных ім у сутарэннях хаты Меляховіча людзей… А можа, я таксама вар’ят, у якога вар’яцтва выяўляецца, калі нап’юся?

Увечары, паводле просьбаў Адама і братоў Каліноўскіх, пайшоў да Меляховіча. Папрасіў у яго прабачэння, растлумачыў усё. Гаварылі пра рознае. Меляховіч выявіўся практычным і прагрэсіўным гаспадаром, хоць меў і абмежаваныя магчымасці. Падпісваўся нават на нейкую газету, што ў беларускай вёсцы рэч незвычайная. Пазнаёміўся і наўмысна зацікавіўся ягонай дачкой Люцыяй. Даволі сімпатычная, але я не мог зразумець, што незвычайнага знайшоў у ёй Адам, які з кахання да яе звар’яцеў.

Меляховіч пастаянна выказваў гасціннасць і ветлівасць. Ставіўся да мяне, як я заўважыў, з асцярогай. Калі я ўсоўваў руку ў кішэнь, позіркам суправаджаў яе.

Да Каліноўскіх я вярнуўся позна і, зрабіўшы справаздачу, павячэраў (зразумела, яечняй) і паехаў на станцыю. Браніслаў, які вёз мяне да Аляхновіч, гамонячы ўсю дарогу, раскрыў сваю мару: працаваць у пякарні.

— Няўжо ты гэтак любіш булкі? — спытаўся яго.

— Я?.. Я, каб быў багаты, заўсёды еў бы булкі!

Трэба прывезці яму наступным разам розных булак. Танней, чым частаваць гарэлкай… Людскія мары розныя, часта смешныя і не для кожнага зразумелыя. Каб мяне хто спытаў, якая мая мара, чаго прагну, не ведаю, што і адказаў бы. Менавіта ў той момант прыйшла мне думка пра Лізку. Успомніў сон… Мабыць, гэта мая мара! Але мне яе трэба заваяваць…

Калі б згадзілася, узяў бы яе з сабой у Польшчу. Але на гэта яшчэ даволі часу. Пакуль што я жыву так, што планы на будучыню мне трэба будаваць ой як абачліва.

Жыву ў цягніках… і тут, і там. Цягнікі, цягнікі, цягнікі… Вагоны, вагоны, вагоны… Тут: горы валізак. Там: горы мяшкоў. Тут у буфеце: абеды, апельсіны, шакалад. Там, у буфеце: фарбаваная содай гарбата, падробленае манпасье, сахарын (у 280 разоў саладзейшы за цукар). Тут: лакіраваныя паркеты, цэнтральнае ацяпленне, струмені святла. Там: запляваная падлога, пакрытая шалупіннем семак, сабачы холад, закуродымленыя лямпы. Тут: парфума, шоўк, панчохі на нагах, пудра на тварах. Там: смурод брудных, залатаных кажухоў, махоркі і дзёгцю, лапці або апоркі на нагах, заміж пудры — блакітнае, шэрае і жоўтае адценне скуры, нібы то пудра голаду на тварах. Тут: вясёлыя вокрыкі мужчын і жанчын, дзіцячы смех. Там: нахабныя галасы і праклёны салдатні, рык начальства і баязлівыя пагляды пасажыраў. Тут плакаты: «Сачыце за дзецьмі!», «Не еш нясвежай садавіны!», «Усе на змаганне з сухотамі!». Там: «Не пляваць на падлогу!», «Ты дэзерцір!». Тут мне не трэба мець пастаянна напятыя нервы, не чакаючы штохвіліннага ўдару ззаду… А тамака!..

Я не баюся ў Саветах. Гатовы пры выкрыцці біцца даканца. Літаральна: да апошняга ўздыху, да апошняга патрона… Шыць кулямі, ірваць гранатамі, і, нарэшце, нажом!.. Абы не дацца жыўцом, як найдаражэй прадаць жыццё. Ведаю, што чакае мяне ў Чрэзвычайцы! Ведаю добра і ніколі ім не здамся жывым! Во што мяне і мучыць — толькі гэтая бесперапынная гатоўнасць да бітвы, безупынная напруга! Менавіта гэта! Баюся, каб не спазніцца!.. Калі хаджу па штабах, праслізгваю праз вакзалы і праверкі ЧК, крочу вуліцамі, дык у мяне такое ўражанне, быццам нашу на шыі пятлю, якую ў кожную хвіліну могуць зацягнуць, бо другога канца той пятлі не бачу… Трымае яго ў руцэ хтосьці жорсткі, хітры… У руцэ маю нож каб перарэзаць пятлю акурат у той момант, калі пачнуць яе зацягваць. Нельга гэта зрабіць ні заўчасна, ні запозна, толькі ў адной-адзінай секундзе, якую мне нельга прагледзець!