Выбрать главу

Мяне вымотвае бесперапыннае вынюхванне, прыслухоўванне, чаканне засады. Стамляе безупыннае прапальванне зрокам начнога змроку… Ад гэтага пагляд робіцца блукаючым. Заўважаю ў люстэрку ў сваіх вачах іншы выраз: халодны, востры і… як у таго злодзея, мае вочкі бегаюць. Бясконца мучыць штохвіліннае назіранне ўсяго навакол, ацэнка кожнай асобы, пагляду, руху, слова! Рукі стамляюцца ад няспыннага сціскання зброі; усё цела — ад пастаяннага надавання ўяўнай упэўненасці ў сабе; твар стомлены ад увесьчаснай маскі; мозг ад безупыннай працы — падліку шанцаў, утрымання ў памяці безлічы падрабязнасцей і дэталей!

Усюды адзін. Быццам д’ябал злосны, быццам д’ябал рашучы, быццам д’ябал ганарысты!.. Толькі ноч мая памагатая! Толькі лес — мой сябра! Уначы, у лесе я магу спаборнічаць з ворагамі зброяй, спрытам, трываласцю… З усімі! Але днём?..

Калі потым апынаюся ў сваім краі, у бяспецы, дык тады ў душы ўтвараецца нейкая пустэча, якую нічым нельга запоўніць. Людзі вакол здаюцца празмерна звычайнымі, усё будзённае не мае вялікага значэння, не мае аніякай каштоўнасці і цаны. На запаўненне той пустэчы застаецца гарэлка і… скандалы, якія я чыню безупынна і за якія атрымліваю суровыя вымовы.

Падаецца мне, што гэтак званая мужнасць — гэта не мужнасць у тым значэнні, у якім яе звычайна разумеюць, але штосьці іншае. Не магу зразумець — што. Але адчуваю памылку ў сваім ладзе жыцця. Магчыма, у будучым здолею гэта выказаць…

Нядаўна адзін афіцэр, які суправаджаў мяне на мяжу, чалавек адзначаны шматлікімі ўзнагародамі за адвагу, сказаў:

— Шкада мне пана, што ідзе туды адзін… уначы… Я — смяльчак, вельмі адважны, але апынуцца ў гэткім становішчы не хацеў бы. Адна справа, калі мы ідзём у атаку, плячо ў плячо, узбуджаныя, загіпнатызаваныя агульным энтузіязмам, агульнай ідэяй… Калі смерць, дык — на полі бою, прылюдна. Калі рана — гонар, нават у ворагаў… Няволя — ганаровая… А тут? — Вайсковец сцепануўся амаль з агідай. — Ці пан напраўду не баіцца?

Я не мог адказаць яму на гэта пытанне, бо знаходзіўся над памежжам і думаў пра штосьці іншае і, апрача таго, не меў часу разважаць. Якія дзіўныя людзі! Задаюць вельмі цяжкія пытанні, цяжар якіх нават немагчыма асэнсаваць, і пытаюць пра гэта як пра: «Каторая гадзіна?» Адказаў яму тады штосьці накшталт:

— Ці баюся?.. Не ведаю… Здаецца, не… Я зараз адчуваю толькі жаданне да палёту наперад, каб не зацягваць чаканне невядомай мне небяспекі… А потым, калі я апынуся «там», дык буду мець сцятыя сківіцы і злосць у душы, што хтосьці можа на мяне паляваць, замінаць мне ў тым палёце… Не баюся анікога на свеце, пакуль трымаю ў руцэ зброю… Я там машына: рашучая і мэтанакіраваная, хоць яна можа вельмі зношвацца з прычыны празмернай, разнастайнай працы цягліц, нерваў, мозгу… напятасці… інтуіцыі… інстынкту… Да таго ж яны самі часта ваююць між сабою. І каб гэтая складаная машына працавала, яе трэба змазваць: нянавісцю або ідэяй…

Я забыўся пра адну рэч, магчыма, галоўную! Тую, якая завецца неабходнасцю. Яна або свая, або чыя-небудзь, або агульная. У сэнсе — некаму ж трэба туды ісці.

Баранавічы
16 кастрычніка 1922 г.

Я сяджу ў Лёлькі ў гатэлі і пішу. Памірыўся з ёй. Згоду нашу прыспешылі і ўмацавалі падарункі. Купіў для яе ў Вільні вожыка. Казалі, што гэта малады самец, але я не ведаю, ці праўда, бо пол я пазнаю па адзежы, а узрост па пысе. Гэты ж д’ябал апрануўся ў калючае футра, згарнуўся ў клубок і ні чапай яго! Акрамя вожыка прывёз Лёльцы прыгожы шаль і шмат рознай драбязы. Сядзіць зараз на ложку і смакуе шакаладкі, скоса пазіраючы на мяне. Дзівіцца напэўна, што заманулася мне дурная думка: крамзоліць нешта ў сшытачку ў адзінаццаць уначы.

Калі часам думаю пра Лёльку, дык не ўяўляю яе інакш, як на ложку… негліжэ. Яе працоўны варштат… Нельга пра яе так пісаць, бо гэта вельмі добрая дзяўчына. Не дужа разумная, але гэта не змяншае яе асноўную вартасць. Яна ніколькі не прагная і не саманадзейная. Каханкаў і да мяне мела некалькіх і, здаецца мне, да кожнага прывязвалася шчыра, а паколькі вельмі зграбная паставай (хоць брыдкая з твару), дык калі страціць аднаго, лёгка знаходзіць наступнага.