Усе нашыя веды, тэхнагалічныя і гуманітарныя распрацоўкі апынуліся перад безданню. Калі б гэтую бездань можна было вызначыць назвай, то імя ёй — НІШТО. Сапраўды, нашае няведанне нагадвае цывілізацыю мурашоў, якую вывучаюць і апісваюць мірмеколагі. Дарэчы, біямаса мурашоў больш чым біямаса ўсяго чалавецтва. Ці ведаюць шматлікія мурашы пра існаванне таго чалавецтва? Адказ адназначны — НЕ. Хто мы такія, украпаныя на невялікай планеце ў сотнях мільярдаў галактык, нібы на пясчынцы ў неабсяжнай пустыні? Істоты, вартасць якіх не больш як вартасць якіх-небудзь мух? Альбо мурашоў?
Магчыма, вы палічыце мяне адступнікам, які здрадзіў рэлігіі. Але, згадзіцеся, што кожная рэлігія ці вучэнне, якое адмаўляе законы Прыроды, гэта мана, а Бог і рэлігія далёка не адно і тое ж. Паміж імі існуе нябачная, але дакладная мяжа, бо рэлігія разпораз супярэчыць Богу. І калі Праграма, збоі ў якой мы калі-нікалі назіраем, сапраўды створана вышэйшай сілай, то рэлігія створана людзьмі, якім уласціва рабіць памылкі.
Адразу скажу вам, што “людзі-цені”, якія стварылі тое, што мы цяпер назіраем вакол нас, — а гэта, па сутнасці, гіганцкі гноевы сметнік, патураюць тым рэлігіям, якія выспавядаюць вучэнне аб замагільным жыцці. Хіба не да пакорніцтва і дурных спадзяванняў схіляе нас хлуслівая ідэя бессмяротнасці?
Што я магу, урэшце, сказаць вам зараз: усім, хто сабраўся тут, на месцы Ісціны, хто цяпер знясілены, разгублены і зацкаваны? Змагайцеся. Нават, калі вы пацерпіце паразу, памятайце, што смерць не ганьбіць вас за яе, а ганьбіць за пакорлівасць і за бяздзеянне. “Біце ў сэрца іх, біце мячамі!” — заклікаў больш як стагоддзе таму наш старажытны паэт, і я гавару вам тое ж самае ў гэтым Храме. Вось учора адзін з іх, тых п’явак, што паразітавалі і паразітуюць на нашым целе, ехаў да нас, каб трыумфаваць на месцы свайго нараджэння, да спусташэння якога ён спрычыніўся болей за іншых — хіба не тут вырасцілі і выхавалі яго, інкуба ад зачацця? Але ён не дасягнуў сваёй мэты, бо на яго шляху паўстала помста. Помсціце і не цурайцеся гэтага! Страх — вось адзінае, што паставіць заслону ад нашэсця і размнажэння “людзейценяў”. Прымушайце іх баяцца нават у моманты іх узвялічвання і ўладарання над іншымі, і вы пераможаце...
Знішчайце ўпыра без ваганняў і сумневу, калі хочаце быць вольнымі...”.
Казань Пастара Себасцьяна падалася мне даволі простай для ўспрымання і, на мой погляд, была зразумелай для большасці прысутных. Тым не менш, некаторыя з іх пасля таго, як прапаведнік спыніўся, паціху ўсталі і выслізнулі за дзверы. Цяжкае маўчанне павісла ў паветры. Толькі ледзь чутны шэпт жанчын час ад часу парушаў яго, чым напружанне толькі павялічвалася.
Між тым, выступоўца выцер твар насоўкай і з хвіліну моўчкі ўглядваўся ў людзей, якія слухалі яго.
“Цяпер, — сказаў праз паўзу пастар Себасцьян, — вы пабачыце роспіс на сценах гэтага Храма, які зрабіў наш сябра, мастак Юліус. Няхай вас не засмуціць і не азмрочыць змест карцін, якія выявіў праз свой талент творца, бо жыццё, як вядома, кароткае, а толькі мастацтва вечнае, хоць бы таму, што зразумець яго дадзена не кожнаму”.
Адразу пасля гэтай невялікай абвесткі, Юліус Гармата, за якім моўчкі сачылі дзесяткі пар вачэй, пацягнуў за шпагат і ўсё рыззё, якім былі занавешаныя сцены, спаўзло ўніз. У аголеныя вокны хлынула святло і перад маімі вачыма паўстала намаляванае мастаком.
Шум хваляй прашамацеў над натоўпам і разам сціх.
Тут, хоць і далёкі ад выяўленчага мастацтва, я павінен дасканала і аб’ектыўна апісаць тое, што ўбачыў і над чым доўгі час упарта і самааддана працаваў Юліус Гармата, і ўражанне, якое ён зрабіў на мяне і ўсіх прысутных выкананай ім працай.
Пасля некалькіх хвілін беглага агляду, першая думка, якая прыйшла мне ў галаву (дарэчы, яна неўзабаве спраўдзілася), што творчая ідэя Юліуса Гарматы, пакідаючая незабыўнае ўражанне, а пасля працяглага азнаямлення маючая выклікаць самыя розныя пачуцці, уступае не толькі ва ўскосную, а і ў прамую канфрантацыю з усімі існуючымі цяпер ідэалагічнымі ўстаноўкамі ўладаў і, пэўна, выкліча з іх боку неадэкватную рэакцыю ў адказ, бо ў мастацкай форме спрэс выракаецца пастулату аб блізкай бессмяротнасці.
На столі ангара творца змясціў, як я зразумеў, выяву смерці.
Ён выканаў гэта ў выглядзе бяспо-лай істоты ў чырвоным, а не ў традыцыйным чорным колеры, абмінуўшы ўсе ранейшыя мастацкія тлумачэнні гэтай постаці. Падобная на старэючага трансвестыта, яна не выклікала страху альбо пачуцця агрэсіі з яе боку, а, наадварот, усяляла жаданне цікаўнасці і спакойнага назірання, як я бачыў такое ў адной забытай старажытнай кінастужцы мінулага стагоддзя, дзе смерць гуляла ў шахматы з рыцарам на жыццё. Зараз жа яна была ў атачэнні павукоў, якія процістаялі процьмам мух, што адразу выклікала ў мяне адпаведную рэакцыю. Мухі былі пад яе нагамі, у паветры, поўзалі за спінай, адкладвалі яйкі і размнажаліся, нягледзячы на тое, што былі атакаваны павукамі, якія, тым не менш, не маглі даць ім рады.