“Вядома, на ёй скідваюць адыходы не зусім з вашага паселішча?” — пацікавіўся я, бо ведаў з мінулай сваёй чыноўнічай дзейнасці сапраўдную падкладку існавання такіх месц.
“У асноўным, тут смецце з Мегаполіса, — згадзіўся Андруш і нават абурана сплюнуў, — яны прывозяць сюды ўсялякі хлам і харчовыя адыходы з наступленнем ночы, бо афіцыйна такое быццам забаронена, але на гэта даўно ніхто не звяртае ўвагі: будаўнічы хлам, часам гнілое мяса і рыбу, такія ж агуркі, капусту, памідоры, бывае, што нават сапсаваныя бананы і бульбу з багатых кварталаў.” “Пэўна ж, тут селяцца не толькі птушкі, пацукі і бадзячыя сабакі?” — спытаў я.
“Тут жывуць людзі, хутчэй — былыя, — паправіўся са зласлівай іроніяй Андруш. — Урэшце, самі пабачыце”.
Сапраўды, на звалцы там-сям гарэлі невялічкія вогнішчы, ля якіх варушыліся чалавечыя постаці. Зноў я ўбачыў, што іншыя з іх перасоўваліся на карачках. Дзіўнае відовішча неўзабаве чакала нас наперадзе. У наступаючай цемры з воклічамі мітусіліся ўзброеныя самаробнымі марлевымі сачкамі і дыёдавымі ліхатарыкамі людзі. Раз-пораз яны махалі сваімі прыладамі ў паветры, а потым нешта выцягвалі з сачкоў і засоўвалі ў торбачкі за поясам.
“Гэта паляўнічыя за жамярой, — патлумачыў на маё пытанне Андруш. — Тут, на звалцы, рас-плоджваецца яе вялікае мноства: жукі, конікі, усялякія саранчовыя, тлустыя мухі, мятлікі. Усё гэта ляціць на святло, ловіцца, а потым ідзе ў ежу”.
“Ядуць яшчэ што-небудзь?” — удакладніў я. Андруш вытрымаў паўзу.
“Так. Пацукоў, бадзячых сабак і катоў, чарвякоў, лічынак: усё што ўтрымлівае бялок. Урэшце, для многіх прыхадняў гэта іх старадаўняя і ўзаконеная ежа”.
Задушлівае паветра раптам данесла да нас гук працуючага матора, а потым удалечыні мы пабачылі абрысы вялікага фургона-самазвала, які заднім ходам заязджаў на звалку з дарогі.
Да гэтага фургона з усіх бакоў з крыкамі беглі гурты падлеткаў. Чуўся жаночы віск.
Андруш відочна ўстрывожыўся. “У вас ёсць зброя?” — спытаў ён.
“Так. Я захапіў з сабой рэвальвер”. “Абмінем гэта месца. І хутчэй”.
“А ў чым справа?” — пацікавіўся я.
“Сёння якраз той самы дзень. Гэта прыбыў асобны фургон. На ім нелегальна прывозяць скары-станыя медыцынскія прэпараты з фармацэўтычных заводаў і бальніц Мегаполіса — усялякія пратэрмінаваныя лекі: таблеткі, бутэлечкі з рэшткамі спіртавых настояў, шпрыцы, нават часам скідваюць і ампутаваныя чалавечыя органы. За таблеткі, асобныя з якіх ці іх сумесь, што даюць, як тут кажуць, “падагрэў”, а таксама спіртавыя настоі і рэшткі наркатычных прэпаратаў, б’юцца часам насмерць, пасля чаго знаходзяць трупы. Тут жа яны і колюцца тымі ж скарыстанымі шпрыцамі”.
Але Андруш дарэмна турбаваўся, бо якраз у гэтыя хвіліны на нас не звярнулі ўвагі; у фургоне ўключылі кампрэсары, і смецце марудна папаўзло на зямлю. Да яго адразу, адпіхваючы адзін аднаго, кінуліся цёмныя постаці. У іх руках замільгацелі ліхтары.
empty* * *empty
Паўночныя могілкі, дзе да гэтага часу звыкла хавалі па хрысціянскім абрадзе, я вызначыў па некалькіх напаўзасохлых бярозках, з цёмнымі плямамі вароніных гнёздаў. Я праверыў свой ліхтарык, партатыўную камеру для здымкаў у цемры і зірнуў на таймер надалонніка: стрэлкі паказвалі на адзінаццатую гадзіну.
“Андруш, —звярнуўся ядасвайго добраахвотнага спадарожніка, — ты тут быў калі-небудзь ноччу?”
“Калі і буду, то, пэўна, ужо непрытомнікам”, — аджартаваўся ён.
“Могілкі вялікія па плошчы?”
“Днём можна абысці хвілін за дваццаць, а вось як цяпер — не ведаю”.
“Будзем абыходзіць, — сказаў я. — Калі ўбачыш якое свячэнне ці нешта падобнае на агонь — адразу гавары мне”.
“Адкуль тут можа быць агонь?” “Тут цяпер усё можа быць”.
Я ўключыў ліхтарык, але свяціў выключна пад ногі. Па сцежцы мы саступілі за паламаны плот, завалены смеццем і сухім галлём, і апынуліся на могілках. Нават у наступаючай цемры я паспеў убачыць неверагодны беспарадак, запусценне і дзікую неахайнасць, якія панавалі ў гэтым жур-ботным месцы. Калі вартасць народа, як кажуць, выяўляецца і на месцах яго пахавання, то па-бачанае тут ўражвала: частка магіл была кімсьці раскапаная і завалена смеццем, бязладна зама-цаваныя агароджы не давалі магчымасці прайсці, і ад таго сцяжынкі былі пратаптаныя па тых жа магілах, там-сям бялелі выкінутыя кімсьці бярцовыя чалавечыя косці.