Выбрать главу

“Глядзі па баках”, — папярэдзіў я Андруша. “Можна размаўляць?” — шэптам спытаў ён мяне. “Так. Хоць крычы”.

“Як я зразумеў, вы хочаце засняць на камеру прывід? — спытаў ён. — Тады навошта тут кры-чаць?” “Ты памыляешся, але ўсё роўна знаходзішся блізка да ісціны, — адказаў я. — Нам трэба на ўсялякі выпадак знайсці магілу Тэафіла Слімака. Ты ведаеш дзе яна?” “Ён жа быў не генералісімус і нават не старажытны поп-кумір накшталт Элвіса Прэслі, — не губляў пачуцця гумару Андруш. — Адкуль жа мне ведаць, дзе гніюць яго высакародныя косці. Тут жа даўно хаваюць, і без дазволу. Я чуў, што, каб закапаць свайго нябожчыка, часам выкоп-ваюць чужога.

“Якраз косці могуць і не гнісці. Цалкам верагодна, калі нашы падазрэнні спраўдзяцца”.

“А вы не можаце штучна падганяць усё пад сваю асабістую і, магчыма, нават памылковую версію? — спытаў мяне мой няўрымслівы напарнік. — Што вы увогуле хочаце сказаць, пра што думаеце?” “З якой прычыны цябе выслалі ў паселішча, Андруш? — пацікавіўся я ў сваю чаргу. — Ці гэта сакрэт?” “Я, скажам так, усумніўся”.

“І дзесьці выказаў свае думкі дастаткова гучна. А штучнік занатаваў іх на дыктафон і данёс цэнзару”.

“Так”.

“Вось бачыш. Думкі заўсёды трэба хаваць, пакуль яны не ператворацца ў доказы. Апошняга “людзі-цені” баяцца больш за ўсё. А мы шукаем менавіта доказ, але гаварыць пра нешта яшчэ рана”.

Мы асцярожна рухаліся ў цемры. Толькі прамень ад майго ліхтарыка асвятляў у нас пад нагамі беспарадкава і, тым не менш, вельмі шчыльна размешчаныя магілы. На большасці з іх не было нічога, ці ляжала пліта альбо высіліся проста ўкапаныя ў зямлю металічныя крыжы. Прайшло каля гадзіны. На небе я не заўважыў ні месяца, ні зорак. Толькі здалёк слабы ветрык данёс да мяне ледзь улоўны пах вільгаці. Хмары, падумаў я. Значыць, цалкам верагодна, што будзе дождж. Нашы пошукі, між тым, нічога не прыносілі, хоць мы і абышлі ўсю тэрыторыю могілак. Магіл было зашмат, часам не прайсці, і я адчуваў сябе ніякавата. Мяркую, што і мой напарнік таксама.

“Што ж, — урэшце падсумаваў я, — калі так, то крочым дадому”.

Мы знайшлі знаёмую сцежку і павярнулі да выхаду. Андруш быў незадаволены, але стрымана памоўчваў.

“Вы верыце ў магчымую бессмяротнасць?” — раптам спытаў ён.

“Людзі не хочуць жыць вечна. Яны проста не хочуць паміраць”, — адказаў я яму словамі ста-ражытнага пісьменніка.

“А ў Бога верыце?”

“Каб у некага ці ў нешта верыць, трэба валодаць інфармацыяй — хоць якімі-небудзь ведамі. А іх, на жаль, у нас няма. Бог захоўвае інкогніта. Магчыма, павінна быць нейкая Першапрычына, але, мяркую, нам яе ніколі не спазнаць”.

“Але ж вы зараз разам са мной, збіраеце доказы нечага ірэальнага. Навошта яны вам?”

“Ну, па-першае, мы збіраем доказы ісціны, калі іх можна ахарактарызаваць простай мовай, а калі больш навукова — то найбольш верагодныя збоі працэсу пострэлятывісцкай касмалогіі.

Цалкам, магчыма, што гэта суцельныя ілюзіі. А па-другое, і вы , і я хочам зняць рэальную з’яву, каб даволі празаічна зарабіць грошай. Хіба не так?”

“Так, — згадзіўся Андруш. — Але не таму я навязаўся вам у напарнікі. Не падумайце, што з-за нейкіх грошай, якіх мне, дарэчы, ніхто не абяцаў. Мяне цікавіць вынік, да якога мы мусім прыйсці. Як кажуць — што там, за гэтым снегам?..”

“А пад гэтым снегам могуць хавацца не толькі кветкі, а і засвяціцца нешта больш цікавае”, — падумаў я ўслых.

“Як вунь той стары бляшаны тазік, — з ноткай сарказму ў голасе паказаў рукой у бок Андруш, — што свеціцца пад Месяцам”.

Я зірнуў у напрамку рукі майго маладога напарніка, а потым на неба. Месяца на ім не было.

Святло... Ля самой агароджы, ля выхаду. Яно нібы ішло з зямлі.

Я спыніўся і ліхаманкава выцягнуў камеру, зрабіўшы Андрушу знак.

“Гэта не тазік”, — ціха шапнуў я яму.

У тазіках і вёдрах, як я ведаў, на магілы звычайна насілі чысты, жоўты пясок, які капалі з ям за агароджай. Тут было нешта іншае. Мы ціха рушылі ў той бок і падышлі ледзь не ўсутыч. Я адразу ўключыў камеру. Над магільнымі плітамі ціха гарэў блакітны агонь, пераліваючыся халодным, туманным святлом, нібы ў матавай электрычнай лямпе. Ён паступова павялічваўся ў аб’ёме і наліваўся чырванню.

Я моўчкі здымаў. Побач узбуджана дыхаў мне ў вуха Андруш.

Агонь, між тым, станавіўся ўсё больш шчыльным і набыў неўзабаве форму шара, велічынёй якраз з невялікі тазік, толькі круглай, падобнай на мяч, формы. У прыкладна такіх памераў мячом, як я ведаў, яшчэ паўстагоддзя назад гулялі на вялізных стадыёнах.

“Скажыце, што гэта?” — узбуджана прашаптаў Андруш мне ў патыліцу.

“Потым. Падымі галінку і кінь у гэта. Толькі блізка не падыходзь”.