Выбрать главу

Я зірнуў уніз: мёртвы дэфармант, так і не выпусціўшы з рукі нож, ляжаў на зямлі, пакрытай слоем спрасаванага смецця. Куля трапіла яму ў лоб і выйшла з патыліцы.

“Цяпер прэч адсюль, — Андруш усхвалявана цягнуў мяне за руку. — На гукі стрэлаў могуць прыехаць і агенты эсбэ. Нам варта спяшацца”.

“Забяры сабаку!” — загадаў я яму.

Андруш падняў шчанё на рукі. Мы рушылі, але я раптам спыніўся.

“Трэба закапаць цела”, — запознена прапанаваў я.

“Яшчэ чаго! — абурыўся Андруш. — Дый ён да раніцы не даляжыць, іду на заклад”.

“Ты думаеш?” — спытаў я, здагадваючыся, у чым справа.

“Упэўнены. Яны вернуцца, паклічуць іншых, засмажаць і з’ядуць яго, пакуль яшчэ цёплы”.

empty* * *empty

Прыкладна праз гадзіну мы дабраліся да паселішча. Новы Эдэм збольшага ужо спаў.

На развілку Андруш апусціў шчанё на зямлю.

“Цяпер, — сказаў ён, — паглядзім, за кім яго Бог пашле”.

Шчанё ледзь бачным камяком круцілася ля нашых ног.

“Гэта яшчэ як?” — не адразу зразумеў я.

“Разыдземся. Нам усё роўна ў розныя бакі. Паглядзім, за кім гэты ваўкадаў пабяжыць. Спадзяюся, што за мной”.

Але шчанё, пакруціўшыся і нейкі час жаласна паскавытаўшы, чамусьці аддало перавагу мне.

Таймер паказваў ужо каля дзвюх ночы, калі я, урэшце, апынуўся ў сябе ў флігелі. Шчанё дзелавіта ўбегла ў пакой следам за мной, агледзелася і пачало радасна павіскваць. Пры святле я разгледзеў яго. Гэта была сучка месяцаў трох-чатырох ад нараджэння, з падпалінамі шэрага колеру, з шырокай грудкай, таўстымі лапамі і белай “зорачкай” на пысцы.

На стале я ўбачыў тэрмас і накрытую двума рушнікамі каструлю з яшчэ цёплай ежай —кашай з касерваванай эрзацтушонкай. Побач ляжаў аркушык ад Мойры з чатырма словамі — рэмінісцэнцыяй рэплікі з нейкай старажытнай п’есы: “ПАЕШ І ПОМНІ ПРА МЯНЕ”.

Можа, упершыню за ўжо мінулы ліхаманкавы дзень я абрадаваўся як дзіця, і, нягледзячы на свой узбуджаны стан, з прагнасцю накінуўся на ежу. Спаць я не мог, а пакарміў сабаку.

Потым я падключыў свой ноўтбук, уставіў у сістэму флэшку і, перад тым, як прагледзець, што мяне цікавіла, прылёг на некалькі хвілін на канапу. Шчанё ўжо наелася і, крыху паскавытаўшы, вы-брала сабе месца і заснула. Я нейкі час думаў пра тое, што недзе ў цемры ляціць зараз, ці ўжо прыляцеў, да сваіх родных “цмок”, якога я бачыў тут учора ноччу і сёння назіраў за яго невера-годным абуджэннем на могілках, ляціць, не разумеючы (а можа, і мэтанакіравана разумеючы?), што, каб прадоўжыць сваё псеўдажыццё, ён адбярэ яго ў сваякоў, а потым я думаў пра тое, што вось, вайны быццам няма, а я адзначыў свой прыезд у Эдэм тым, што забіў чалавека. Але , ці быў ён чалавекам? Хіба можна назваць людзьмі тых апушчэнцаў і агрэсіўных дэградантаў?

Мне па-ранейшаму зусім не хацелася спаць. Нервы, думаў я, звыкла ўваходзячы ў Сеціва. Я пачаў наўгад высвечваць курсорам тое-сёе са шматлікіх занатовак з галіны парапсіхалогіі, якой бацька калісьці ўдзяляў вялікую ўвагу. Урэшце, думалася мне, я б таксама хацеў сур’ёзна заняцца якой-небудзь з паранавуковых галін, і не па-аматарску, як цяпер ці раней, а па-сапраўднаму, не ашчаджуючы часам. Што трэба для так званага шчасця? Зусім нямнога: любімы занятак, надзейны чалавек побач — у маім выпадку каханая жанчына і, вядома, душэўны спакой.

Каб не сурочыць, я не стаў правяраць, што запісалася на камеру на магіле Слімака, а звярнуўся да запісаў бацькі.

7.

З р а с п р а ц о в а к Н і ка с а Я н о в і ч а .

“...Класічнае апісанне ўпыра дае старажытны ліцвінскі літаратар Максім Гарэцкі ў сваім першым зборніку апавяданняў “Рунь”, які выйшаў у Вільні ў “друкарні пана Марціна Кухты” ў тысяча дзевяцьсот чатырнаццатым годзе.

Дзед Яхім вязе на станцыю студэнта Архіпа,

якому расказвае: