“Як быў я маладзей, ішоў я раз апоўначы каля могілак, а была там свежая магіла: надоечы пан войт памёр. Даўся ён, гэты войт, пры жыцці людзюхнам. Жорсткі чалавек быў, нікому не дараваў,
няхай ужо свят ляжыць. І паміраў доўга і страшна,
памерці ніяк не мог, мучыўся дужа. Іду, значыцца, я сабе з качарэжкаю, адганяю думкі аб нябожчыку, а яны так і лезуць. Не гляджу туды, дзе гэта магіла,
а нехта як падбівае: “Зірні, зірні, што тама?” Ня ўцерпіў я, скасіў вочы: зірк! Аж на магільцы, над насыпам — белы, як у тумані, чэловек стаіць,
бытцым той на пана войта паходж, да яго ў падобі.
Закалацілася ў мяне сэрца, ногі занямелі, валакуся,
як нежывы, дыхаць дайжэ баюся. А тое дрыжыць-
дрыжыць, трасецца, як во паветрэ, калі ў пагодны дзень сонечны; толькі яко белае, быц папера. Ня ведаю, як я ўжо да хаты давалокся, белых валасоў, праўда заўтра знайшоў, хварэў ці мала, хадзіў, як у воглумі... Траплялася гэткае бачыць і другім...”.
Я нейкі час сядзеў над гэтым занатаваным бацькам наіўным і шчырым тэкстам. Не магло быць і гаворкі, што такі аповед мог для забаўкі прыдумаць неадукаваны селянін і расказаць яго будучаму пісьменніку дзвесьце год таму, бо аналагічныя, як кропля на кроплю падобныя апісанні, сустракаюцца ў шматлікія крыніцах. Асабліва шмат іх у васемнаццатым, дзевятнаццатым ста-годдзях — час, калі ў Еўропе адбыўся грандыёзны збой у Праграме: нечуваная эпідэмія вампірызму.
І менавіта падобнае на такое я назіраў у асобнай з’яве гадзіну назад разам са сведкай — Анд-рушам.
Я вярнуўся да тэксту.
“Кальмэ — гэты няўрымслівы даследчык усяго нязведанага і, у прыватнасці, вампірызму, звярнуўся з лістом да свайго знаёмага, які служыў у Сербіі, у свіце герцага Карла-Аляксандра Віртэмбергскага з просьбай даслаць яму з гэтай нагоды праўдзівыя паказанні. Яго карэспандэнт у адказ расказаў яму пра самы свежы выпадак. У вёсцы паблізу Белграда аб’явіўся ўпыр, які пачаў нішчыць сваякоў. Аўтар адзначыў, што той нападае на сваіх братоў, дзяцей, пляменнікаў, унукаў. У лісце знаёмы афіцэр расказваў далей, што гэты ўпыр памёр ужо некалькі год таму і з таго часу сістэматычна знішчае сваіх блізкіх родзічаў. Герцаг Віртэмбергскі адразу сабраў у тую вёску цэлую камісію для таго, каб даследаваць усё на месцы. У яе склад увайшлі вучоныя, лекары, багасловы і шмат вайскоўцаў. Суправаджаў камісію атрад грэнадзёраў.
Як толькі прыбылі на месца, камісія пачала апытанне мясцовых жыхароў. Усе яны ў адзін голас паказалі, што ўпыр лютуе ўжо даўно і паспеў вынішчыць большую частку сваякоў: трох пляменнікаў, брата, а цяпер нападае на пляменніцу, прыгожую маладую дзяўчыну, да якой з’яўляўся два разы па начах. Тая ўжо настолькі саслабела, што яе смерці чакалі з хвіліны на хвіліну. Камісія ў поўным складзе, якую суправаджаў вялікі натоўп сялян, з надыходам ночы скіравала на могілкі, дзе мясцовыя жыхары, не марудзячы, паказалі на магілу падазронага, які быў пахаваны тры гады таму. Над магілай усе бачылі агеньчыкі ці святло, быццам гарэла лямпа. Магілу раскапалі, адкрылітруну. Нябожчык ляжаў у ёй як жывы і здаровы чалавек, як “кожны з нас пры гэтым прысутных”, казаў у сваім лісце карэспандэнт абата Кальмэ. Валасы на галаве і на целе, пазногці, зубы, напаўадкрытыя вочы трымаліся моцна на сваіх месцах, сэрца білася. Труп быў выцягнуты з труны. У ім было заўважана некаторае скарчаненне, але ўсё ж рукі, ногі былі гнуткія, цэлыя і непашкоджаныя, як у жывога; на целе пры аглядзе не знайшлі ніякіх слядоў разлажэння. Паклаўшы труп на зямлю, яго працялі наскрозь насупраць сэрца жалезным шкворнем — пры гэтым упыр страшна ўзвыў. З раны пацякла белая вадкасць, змешаная з кры-вёю. Непрыемнага паху не было. Потым трупу адсеклі галаву, кінулі назад, у магілу, і засыпалі вапнай. Пасля таго дзяўчына, пляменніца ўпыра, пачала хутка папраўляцца. Яна таксама была агледжана лекарамі. Але на яе целе, акрамя сіняватай плямкі, нічога не знайшлі. У канцы ліста той жа афіцэр паведамяле Кальмэ, што сведкамі ўсяго гэтага, акрамя камісіі і мясцовага насельніцтва, былі шматлікія паважаныя белградскія грамадзяне, а ўсіх відавочцаў было тысяча трыста чалавек”.
Далей бацька спасылаўся на старажытнага даследчыка і ўфолага Скота Каралеса, дакладней, на яго здагадкі і дапушчэнні пра тое, што такая ці падобная энергетычная субстанцыя можа “перапраграмоўвацца кімсьці ў невядомых мэтах і “паўторна выкарыстоўваць” нябожчыкаў. Хутчэй за ўсё, меркаваў бацька, тут вылучалася нейкая энергетычная састаўляючая, якой у выпадку неабходнасці можна было даць іншае цела (кланіраванае ці проста штучнае?).