Было ўжо даволі позна, і, згадаўшы, што хутка пачне світаць, я выключыў камп’ютар і падумаў пра тое, што, магчыма, зараз запісвае замаскіраваная мной камера ў пакоях удавы Адметы
Слімак, і што ўсё ж варта было пра ўсё гэта ёй растлумачыць і папярэдне давесці: пра небяспеку, пра “цмока”, але вырашыў ісці туды заўтра з раніцы, каб мяне, не без падставы, не прынялі за апантанага. Дый ці зразумее яна тое, што я здолею ёй сказаць?
Ноччу, бліжэй да раніцы, пайшоў дождж. Мяне разбудзілі маланка і гром. Нягледзячы на неве-рагоднае жаданне зноў заснуць, я дысцыплінавана ўскочыў з канапы і выйшаў на падворак. Дождж быў цёплы і спорны. Са стрэх адразу дружна пацякло і я пачаў падстаўляць пад ваду ўсялякія пустыя ёмістасці, якія знаходзіў на падворку і па дарозе, забягаючы ў флігель. Урэшце, мокры, але задаволены, я вярнуўся ў свой пакойчык і заснуў з пачуццём выкананага абавязку.
empty* * *empty
З раніцы зноў выпаўзла бязлітаснае сонца. На блакітным небе не было бачна аніводнай хмаркі. Шчанюк прачнуўся, пэўна, разам са мной, бо адразу падбег да майго ложка, падаў голас і завіляў хвастом. Я выцягнуў са сметніцы дзве скарыстаныя талеркі, якія раней прыносіла к абеду Мойра, апаласнуў іх і паставіў ля ўваходу. У адну я наліў свежай вады, а ў другую нашкроб крыху кашы. Жывёліна адразу пачала есці.
Таймер на маім надалонніку паказваў восьмую гадзіну. Спаць далей не выпадала. Я апрануўся ў шорты і тэніску і з нецярпеннем падключыў на прагляд камеру, якой здымаў на могілках учора ноччу.
Усё атрымалася. З хваляваннем я зноў назіраў, як разгараецца над магільнай плітой агеньчык, як ён пераўтвараецца ў шар з пупавінай, адрываецца ад зямлі і, распырскваючы іскры, ляціць у паветры. Удача! Частка, і вельмі важная і істотная, будучага доказу была ў маіх руках.
У гэты час другая камера, памерам у звычайны гузік, пэўна ж працавала ў доме Адметы Слімак, і я вельмі спадзяваўся, што і там мяне чакае шмат цікавага. Але тут я абвальна ўспомніў пра ўчарашнюю сутычку на звалцы, пра тое, што забіў дэфарманта, і мяне ахапіла пачуццё трывогі. Урэшце, думаў я, супакойваючы сябе, такое здараецца не кожны дзень і, увогуле, што я павінен быў рабіць у той сітуацыі? Падставіць пад нож жывот? А Андруш?
Я зрабіў сабе сняданак з таго, што знайшоў у пакоі, і працягваў думаць пра тое, што я раблю тут, у Новым Эдэме, правільна я дзейнічаю ці не? Урэшце, з майго, хоць і невялікага, ваеннага вопыту я разумеў: калі чалавек недастаткова жорсткі — ён проста не выжывае. Так — забіваць заўсёды не прыносіць задавальнення, мне, у прыватнасці, бо я не належаў да тых трох працэнтаў людзей, якія адчуваюць ад гэтага пэўную асалоду, але іншым разам такое неабходна. І потым я даўно прыйшоў да высновы, што калі лёсам каму і выпадае шчасце, то для такіх, як я, яго просто няма. Дык, ці ёсць сэнс спяшацца? Не да той жа прывіднай бессмяротнасці, пра якую балбочуць штодня шматлікія дзяржаўныя клапы? І веру ў якую штодня ўкараняюць праз СМІ ў нашыя мазгі нейралінгвісты? Раптам шчанё ў мяне пад нагамі завурчэла і падало голас. На парозе з’явілася знаёмая постаць Мойры. Шчанё падкацілася ёй пад ногі і зноў завурчэла. “Берташ! Ты не адзін?” Я ўсміхнуўся і сказаў: “Бачыш, Мойра, я набыў табе падарунак”.
Яна відавочна абрадавалася і ўзяла шчанё на рукі.
“Не жартуеш, Берташ? Дзе ты яго прыдбаў?”
Я крыху сумеўся з адказам.
“Яно само прыйшло. Не ведаю — адкуль”.
“А што, калі ў яго блохі? Трэба яго памыць”.
“Вось і зрабі гэта сама, Мойра. Я ноччу назбіраў многа вады”.
Мойра апусціла шчанё на падлогу.
“Як яго зваць?” — спытала яна.
“Яе. Бачыш — гэта сучка. А імя прыдумаеш. Табе вырашаць”.
Мойра пацікавілася, як і наколькі ўдала працягваюцца мае пошукі, і што я бачыў у бараку, дзе жыве Адмета Слімак са сваякамі.
“Пакуль што нічога. Але я зараз туды іду”, — адказаў я.
Якраз у гэтую хвіліну мой надалоннік засігналіў. Шчанё незадаволена адскочыла ўбок. Я ўбачыў на дысплеі Васка
Петкавіча, які сказаў, што калі я яшчэ не ў дарозе, то ён зойдзе да мяне разам з Андрушам.
Мойра пайшла. Ужо ў дзвярах яна папярэдзіла мяне, што заў-
тра вымушана быць на працы, дзе пакуль што яе падмяняла сяброўка, дык ежу я буду гатаваць сам, а браць прадукты ў лядоўні, якую я знайду ў яе пакоі. А сёння яна пакідае мне тое-
сёе, і яна кіўнула на клунак. Мне было ніякавата ўвесь час браць у яе ежу, але пакуль што я не ведаў спосабу, як у бліжэйшы момант зарабіць на гэта грошы. Але ж, меркаваў я, часам даводзілася бываць у значна горшым становішчы, і цяпер таксама здолею знайсці выйсце.