Я ўставіў мікраблок на ўзнаўленне ў надалоннік, наблізіў да вачэй і пстрыкнуў джойстыкам.
“Пачакайце! — перапыніла мяне Адмета. — Няхай вашыя сябры выйдуць, бо я хачу сказаць нешта важнае толькі вам аднаму”.
Я паціснуў плячыма.
“Мы пакуль што параспытваем там унізе”, — з гэтымі словамі
Васка Петкавіч тактоўна выйшаў за дзверы, а за ім незадаволена рушыў следам і Андруш.
“Вы бачылі мужа-нябожчка тут, у вашым пакоі, хіба не так?” — спытаў я.
“Так”, — праз паўзу прызналася яна.
“Вы з ім размаўлялі?” “Не. Ён сказаў усяго некалькі слоў, хутчэй, прамармытаў, я нават не здолела зразумець пра што. Я вельмі спалохалася і, пэўна, была ў шокавым стане”.
“Ён што-небудзь рабіў?” “Спачатку я ўбачыла святло. Там, за акном, якое было адчынена.
А потым ён і з’явіўся, быццам праз акно”.
Увесь гэты час, пакуль мы так размаўлялі, я адным вокам сачыў за дысплеем надалонніка. На ім я бачыў у пакоі Адмету, але, акрамя яе, нікога. Пуста.
“І што?” “Ён сеў за стол і пачаў усё на ім аглядаць, перасунуў талеркі.
Потым устаў і пасунуўся да мяне”.
“Як ён выглядаў? Ён быў голы?” “Апрануты ў касцюм, але неяк быццам у змятае і не па сезоне.
Ну, які ў такую спёку касцюм? А выглядаў — у яго быў такі позірк, быццам у п’янага ці наркамана. Зрэнкі звужаны да кропкі, а бялкі як крэйда. І ён не міргаў. Ні разу. Я страціла прытомнасць”.
На дысплеі я ўбачыў, як крэсла само падымаецца ў паветра і апускаецца ўсутыч да стала, а талеркі на апошнім перамяшчаюцца, затым адна з іх падае на падлогу, але не разбіваецца.
“Што было потым?” — спытаў я.
“Калі я апрытомнела, ён ляжаў побач, і ён абдымаў мяне”.
“І?” “Я закрычала, і тады ён устаў і выйшаў за дзверы”.
“Яго хто-небудзь бачыў, акрамя вас?” “Не. Я пыталася. Унізе толькі казалі, што па пакоях поўзала нешта ў выглядзе белага слупа, нібы з пары. Там зноў усё лётала, і яны выбеглі на падворак, дзе і сядзелі, пакуль не развіднела”.
Я прыгледзеўся, і тут сапраўды ўбачыў на дысплеі нешта падобнае на слупок дыму, што рухаўся ў пакоі, і саму Адмету, якая ўціскалася ў кут, закрываючыся рукамі. Калі, падумаў я, гэта перанесці з надалонніка на вялікі экран, то цалкам верагодна, што я выяўлю там значна больш. Але ўсё наступнае я адклаў на потым, бо цяпер мне трэба было неяк разгаварыць няшчасную ўдаву.
“Скажыце, — спытаў я, — ад якой хваробы днямі памерлі дзеці ўнізе?” “Ніхто не ведае. А вы, можа, думаеце, што гэта неяк супольна з прывідам мужа, які з’явіўся ў доме?” “Упэўнены. Вы таксама ў небяспецы”.
Адмета нервова заварушыла рукамі, а твар яе збялеў яшчэ больш, нягледзячы на спёку.
“Няхай. Я заўтра ж.., не, сёння з’еду адсюль у іншы дом. Зараз жа пачну збірацца.”
Але я расчараваў яе.
“Нават, калі вы апынецеся ў Амерыцы, мяркую, ён і там вас знойдзе. Хіба што вас высадзяць на Месяцы — але і там... я не ўпэўнены. Вось толькі, калі вылеціце за межы Сонечнай сістэмы.
Тады, магчыма, “п’яўка” павінна пакінуць вас у спакоі”.
Яна ўстрапянулася.
“Як вы сказалі? “П’яўка”? Ён п’е кроў?” “Не. Тут, верагодна, іншая справа”.
“Што ж мне рабіць? Я нічога не разумею”.
“Ёсць толькі адзін спосаб. Яго ўжывалі продкі, бо раней такія з’явы былі масавымі”.
“Падкажыце мне. Вы, я бачу, вопытны чалавек. Я заплачу вам”.
Я крыху памарудзіў, але вырашыў сказаць ёй усё, як ёсць. “Патрэбна эксгумацыя цела вашага мужа. І неадкладна.
Звярніцеся да ўлад і вазьміце дазвол. Найміце людзей, якія за грошы здолеюць гэта здзейсніць”.
“І што мне рабіць з тым целам? Мне ніколі не было так страшна!” “Мяркую, яго трэба знішчыць. Ён жа хацеў, дарэчы, каб з ім пасля смерці паступілі па звычаях яго продкаў?”
“Ужыць у ежу?” — Адмета адхіснулася з выразам жаху на твары.
“Труп трэба проста спаліць”.
“Але ж... улады. Яны могуць не зразумець. Мяне арыштуюць і я апынуся ў вар’ятні ці ў лагеры”.
“Дарэчы, — папрасіў я, ужо ідучы да дзвярэй, — калі вы пойдзеце да ўлад, не кажыце там, што я тут нешта здымаў на камеру. Лепш увогуле ні слова пра мяне”.
“І вы больш не прыйдзеце?” — з надзеяй спытала Адмета, сутаргава соўгаючы рукамі. Выглядала яна зусім дрэнна, зноў адзначыў я, і сказаў: “Мяркую, што мы хутка пабачымся. Я зайду да вас позна ўвечары. Лепш, на мой погляд, заўтра”.
І я развітаўся з ёй, зноў паабяцаўшы, што вярнуся.
Унізе мяне чакалі Васка Петкавіч з Андрушам. Іх абкружылі ўзрушаныя дамачадцы, хто лісліва, а той-сёй і нахабна патрабуючы, калі не дапамогі, то хоць бы тлумачэнняў. Але мы рашуча выйшлі на вуліцу і скіравалі назад па дарозе.
Андруш паведаміў мне, што за той час, пакуль знаходзіліся ў доме, яны нічога вартага не пабачылі, хіба што абрынулася долу шафа, але гэта магло быць і натуральна, ды адзін з пляменнікаў