небудзь з іх, працягваючы да мяне руку, а то і нахабна хапаючы за кашулю. Потым на мяне звярнула ўвагу купка падлеткаў абодвух полаў, яўна прыблатнёных. Гэтых трэба было засцерагацца, і я са спазненнем успомніў, што па-ранейшаму хаджу без зброі.
Да мяне наблізілася парачка: жаўтаскуры, азіяцкага этнатыпу хлапец і белая дзяўчына з лялечным тварыкам, цыгарэтай у роце і пасмамі сальных валасоў на галаве — але намеры ў іх яўна былі пазбаўленыя якой агрэсіі. І сапраўды, яны сходу, без якіх намёкаў і іншасказанняў прапанавалі мне, вядома, за грошы, і калі я гэтага пажадаю, партнёршу для сексзабавы, маладую, нават зусім маладую. Выслухаўшы маю адмову, яны яшчэ нейкі час настойвалі, але хутка адступілі, незадаволена брыдкасловячы, бо якраз па вуліцы рухаўся падрапаны паліцэйскі джып. Абагнаўшы мяне, ён спыніўся наперадзе — там сабраліся нейкія напаўголыя постаці. Як я даведаўся, пад раніцу кагосьці з мясцовых зарэзалі, і толькі па абедзе да іх прыехалі разбірацца.
Пэўна, так было і будзе заўсёды, думаў я, варушачы ў памяці старонкі прачытаных мною ста-ражытных кніг. У адных з іх жыццё яўна рамантызаванае і трохі ўпрыгожанае, у іншых, такіх, напрыклад, як злашчасны дзённік фрэйліны Арнгейм, на якім я засыпаўся, — адлюстроўвае не-прыкрытую праўду. Я ўспомніў своеасабліва непахісны пункт гледжання гэтага дзіця заходнееўрапейскай цывілізацыі, кінутага лёсам у “краіну гарэлкі, крыві і бруду”, краіну, якая праз стагоддзі сыграе фатальную ролю ў заняпадзе шматлікіх народаў, у тым ліку і таго, да якога належаў і я. “У асамблеях і палацах танчылі, — расказвала фрэйліна Арнгейм, — а побач на шастах гнілі, паступова парахнеючы, галовы пакараных, і іх можна было бачыць з вокнаў. На царавых баляваннях жаўнеры разносілі гарэлку ў чанах, і тамтэйшыя баярыні і княгіні напіваліся ўпоравень з мужчынамі. Знатныя дамы ў плясках задзіралі прыполы і лаяліся мацерна і непатрэбна...”
Раздумваючы над рознымі сімуляцыйнымі сцэнарыямі, бацька, спасылаючыся на даследчыкаў мінулага стагоддзя, гаварыў з гэтай нагоды пра этычныя пярэчанні, якія маглі ўзнікнуць супраць стварэння сімуляцый. Гэта, меркаваў ён, пярэчанне меншай каштоўнасці: жыццё ў сімуляцыі горш за жыццё ў рэальнасці; пярэчанне супраць падману — сімуляцыі не павінны стварацца, паколькі яны непазбежна звязаны з масавым падманам; эгаістычнае разуменне: сімуляцыі павінны быць забаронены цывілізацыяй, каб гарантаваць, што яна сама не знаходзіцца ў сімуляцыі.
Але ўсе гэтыя пярэчанні абапіраюцца на нашу мараль, а яна таксама мутабельная, думаў я. Ці жывём мы ў поўнасцю дэтэрмінісцкім свеце, у доказнай базавай цывілізацыі? Бо яшчэ больш складана даведацца пра нешта акрэсленае адносна апошняй, калі мы самі не з’яўляемся такой. Няма абсалютна ніякіх навуковых сведчанняў, якія б сцвярджалі ці адмаўлялі гіпотэзу аб сімуляцыі. Так, няма. Хіба мурашка можа даведацца пра існаванне акіянаў, Месяца, планет, ча-лавека, ў рэшце-рэшт? Адзінае, што застаецца вартым на нашым шляху да ведаў, — гэта ўсё тыя ж шматлікія доказы. Калі чалавек узнік сам па сабе ці быў штучна створаны, усё роўна ён заслугоўвае адзінага — таго, каб жыць не па хлусні, а ведаць ісціну, якой бы яна ні была.
Так, — меркаваў я, па дарозе назад, да дому, — і гэты шлях ведаў не пакідае нам выбару, бо трэба ісці па ім да канца. Хтонебудзь можа спытаць мяне ці маіх аднадумцаў: што з таго, калі доказаў назбіраецца дастаткова шмат, і праўда будзе агучана на ўсіх плошчах і скрыжаваннях? Па-першае, праўду адразу аб’явяць маной, па-другое, свядомасць недастаткова прасімуляваных — гэта значыць “людзей-ценяў”, магчыма, увогуле заблакіраваная ад падобных узрушэнняў, а па-трэцяе, калі большасць людзей сапраўды канчаткова ўпэўніцца ў тым, што наша Светабудова — гэта віртуальная рэальнасць (што ўпэўніцца — для мяне малаверагодна), сімуляцыя будзе спынена, магчыма, сцёртая імгненна, як камп’ютарны файл, і мы нават нічога не адчуем і не зразумеем. І каму мы тады сунем у нос нашу славутую бесмяротнасць? Але, хутчэй за ўсё, — думаў я, — мы ўвогуле кінутыя на волю лёсу, можа, нават больш — забытыя і непатрэбныя нікому. Інакш, чаму маўчаць, калі яны ёсць, Богі? Ну, далі б які знак, зачэпку, намёк. А замест гэтага тысячагоддзямі толькі маўчанне.
empty* * *empty
У маім флігельку было прыбрана. На стале я адразу ўбачыў аркушык паперы з почыркам Мойры і прачытаў: “Барбі накормлена”.
Якая яшчэ Барбі? Хто гэта? — прамільгнула ў маёй галаве, але шчанюк выкаціўся мне пад ногі і незадаволена забурчэў: дакараў, што застаўся адзін. Значыць, Барбі, падумаў я, ну, няхай сабе і так.