Выбрать главу

Я падключыўся да Сеціва і ўставіў у сістэмны блок флэшку з бацькавай навуковай, а калі больш дакладна, калянавуковай спадчыны. Праз некалькі хвілін пошуку я знайшоў тое, што мне было трэба.

Дык вось, да слова, анатомія з’явы, якая не адно стагоддзе нядобра ўражвала людзей, выклікаючы ў іх сваёй незразумеласцю і невытлумачальнасцю некантралюемы жах.

“Па невядомых прычынах асобны чалавек, хутчэй за ўсё мужчына, але і жанчына таксама па-чынае слабець, марнець і, урэшце, як кажуць у народзе, пруцянее. Яго аглядаюць, прызнаюць памерлым і хаваюць на могілках. Тут адразу ўзнікае пытанне: чалавек сапраўды памёр ці апынуўся ў летаргічным сне ці коме? Калі гэта вампірычная кома, то праз нейкі час над магілай нябожчыка назіраецца блакітнае ці больш яркае, чырвонае святло, іншым разам у выглядзе пары, якая контурамі можа нагадваць постаць чалавека. Дасягнуўшы неабходнай ступені канцэнтрацыі, гэтая “п’яўка”, лятун, ці як казалі ў нашай краіне, цмок — ляціць да свайго былога жытла і там спачатку з’яўляецца ў выглядзе прывіда, светлавога шара, калі-нікалі чагосьці пухнатага, а потым, пэўна, забіраючы ў жывых сваякоў энергію, матэрыялізуецца поўнасцю. Сваякі ж “п’яўкі”, у большасці выпадкаў спачатку дзеці, пачынаюць чахнуць і неўзабве паміраюць. Паколькі з’ява гэтая ў народзе вядомая (па Еўропе ў XVIII стагоддзі пракацілася сапраўдная эідэмія вампірызму), то магілу ўскрываюць і бачаць у ёй жывога і здаровага — кроў з малаком — вампіра, які, дарэчы, ляжыць у лужыне крыві, працінаюць яму сэрца (пры гэтым часта вампір стогне і раве), а потым адразаюць галаву ці ўсяго спальваюць. Больш гэтая “п’яўка” наяве не з’яўляецца, народ, як заўсёды, на ўсё забываецца, пакуль зноў не здараецца нешта падобнае.”

Апавядальнік лічыў, што вампірызм — адзін з класічных доказаў нашага існавання ў Вялікай Сімуляцыі. Чаму гінуць ахвяры спантаннага ці, наадварот, мэтаскіраванага візіту “п’яўкі” да сваіх родных? Чаму ў сваёй труне ўпыр літаральна плавае ў крыві? Ён п’е кроў? Не. Упыр хутчэй за ўсё напрамую спажывае праз Матрыцу ці яшчэ як, мінуючы складаныя ланцугі натуральных прыродных працэсаў, “софт” вады (а чалавек — гэта ў асноўным вада) у рамках тэорыі аб інфармацыйнай структуры свету. Пры вампірычным кантакце ўпыр не капіруе нешта на свой “софт” вады, а здымае з “софта” вады ахвяры інфармацыйныя даныя, якія забяспечваюць яму жыццё. Цела ж любога чалавека і кроў — гэта перш за ўсё інфармацыя.

Прасцей кажучы, гэтыя даныя ўключаюць у сябе і інфармацыю пра тое, што, напрыклад, і калі з’ела ахвяра. Адпаведна законам нашага псеўдасвету, гэтыя даныя не могуць дубліравацца. Упыр забірае іх сабе, пазбаўляючы сваю ахвяру самаго факта (інфармацыі), што яна нешта калісьці з’ела. Далей ахвяра памірае ад знясілення, а “п’яўка” ў труне працягвае сваё псеўда-

жыццё, якое смяротна небяспечнае для іншых — жывых людзей. Адкуль жа ў труне ўпыра кроў? — задае законнае пытанне апавядальнік. І тут усё таксама тлу-мачыцца на здзіўленне дастаткова матэрыялістычна: у каматозніка не працуе большасць органаў — няма выдзяленняў абмену рэчываў у выглядзе мачы і фекалій, адпаведна не працуюць лёгкія, ныркі, страўнік і кішэчнік. Але касцявы мозг па-ранейшаму прадуцыруе эрытрацыты, гэта значыць, чырвоныя крывяныя цельцы, якія і накапліваюцца ў целе “п’яўкі”, а потым запаўняюць і труну, у якой упыр жыве сваім новым жыццём.

Вядома, я дзеля сціпласці перадаю спрошчаны вынік даследаванняў апавядальніка: свайго бацькі,апускаючы навуковыя і тэхнічныя, а таксама яго некаторыя філасофскія развагі. Падзеі, якія на маіх вачах разгортваліся і працягваюцца ў бараку ўдавы Слімака, цалкам упісваюцца ў класічны кантэкст забытага ўсімі вампірызму. Толькі, ці здолею я набыць асноўную частку доказу і зарабіць тым самым сабе на самае неабходнае?

Дзеля гэтага, вызначыў я, варта засняць на камеру эксгумацыю псеўдатрупа і далейшае пакаранне “п’яўкі”, калі, вядома, яно адбудзецца. Хоць, меркаваў я, упыр, калі ён сапраўды будзе выяўлены, тым не менш, жывая істота, якая знаходзіцца ў своеасаблівай коме, і ці маем мы права вырашаць яго лёс такім, хоць і правераным, але дзікім метадам? З другога боку, упыр вельмі небяспечны, і да нармальнага жыцця ён ніколі не вернецца — такіх выпадкаў за ўсю гісторыю вампірычнай эпідэміі зафіксавана не было. Яшчэ пытанні: ці пойдзе Адмета Слімак па дазвол на эксгумацыю? І ці дазволяць гэта ўлады? І ўрэшце, ці заразны сам па сабе феномен вампірызму? Дакладных даных пра тое, што гэта так — няма, але шмат ускосных доказаў сведчаць адваротнае. Старажытны даследчык, у прыватнасці, наш стары знаёмы Аўгусцін Кальмэ, ў сваім галоўным творы “Трактат аб з’яўленнях духаў” на прыкладах, якія, так бы мовіць, назіраў сам ці чуў ад вартых даверу людзей, на гэтае пытанне сцвярджае станоўча. Кальмэ піша, што па народных вераваннях кожны чалавек, які зведвае напад упыра, сам у сваю чаргу рызыкуе стаць вампірам. Простыя людзі, у асноўным сяляне з тых месц, дзе лютавала знакамітая эпідэмія вампірызму, каб пазбавіцца ад хваробы, елі зямлю з магіл упыроў ці на момант эксгумацыі, націраліся іх выдзяленнямі і крывёю.