Выбрать главу

Публіем Росам.

Я надаў сабе загадкавы выгляд і адказаў, што пэўныя колы. Ён адразу пацішэў, прыняўшы мяне хутэчй за ўсё за супрацоўніка адпаведных службаў.

З бакоўкі выглянула Адмета Слімак, і я міжволі здзівіўся, як яна аслабела за апошнія суткі: у яе быў бледны, нават сіняга колеру, твар і чорныя плямы пад вачыма.

Я павітаўся і спытаў яе, ці звярталася яна да мясцовых улад па дазвол на эксгумацыю трупа яе мужа-нябожчыка.

“Я хадзіла ў муніцыпалітэт, — праз сілу сказала яна, — але чыноўнікі адмовілі мне”.

“І на якой падставе?”

“Мне было заяўлена, што нябожчыкі ў магілах не могуць заставацца жывымі, і што, калі я яшчэ раз пайду да іх па гэта, мяне скіруюць на дазнанне”.

Навуковец Публій Рос адарваўся ад сваіх прыбораў і здзіўлена ўтаропіўся на мяне.

“Не разумею, — няупэўнена заўважыў ён, — пры чым тут эксгумацыя?” “Здараецца, нябожчыкі непакояць сваякоў, — стрымана заўважыў я. — Гэта назіралася даволі часта і ў мінулым”.

“Дык што, вынікае, і нашы праблемы цяпер таксама з таго боку?” — спытаў навуковец Публій Рос з ноткай скепсісу ў голасе.

“А па-вашаму — у чым справа?” — у сваю чаргу пацікавіўся я.

Тут навукоўца на паўхвіліны нібы прарвала. Палтэргейст, пачаў гаварыць ён, няўпэўнена азіраючыся па баках, хоць і мае шмат тлумачэнняў, з’ява не настолькі таямнічая і загадкавая, каб навука ў ёй не разабралася. Прыборы, з дапамогай якіх ён цяпер даследуе тут анамальную з’яву, маніць не могуць, а яны станоўча паказваюць на існаванне нейкага невядомага назіральніка, магчыма, нават з Месяца, на яго думку — біяробата іншапланецян, які знаходзіцца альбо на арбіце, альбо дзесьці на Зямлі, і ён існуе ў адной асобе, правакуючы час ад часу зямлян на рэакцыю ў адказ пасля ўздзеяння тых нябачных істот, якімі ён кіруе. Усе звесткі пра гэта паступаюць на базу на Месяц, дзе збіраюцца і аналізуюцца, што чарговым разам даказвае прысутнасць у блізкім

Сусвеце адной са шматлікіх цывілізацый, якія шукаюць кантактаў з разумнымі гуманоідамі, у дадзеным выпадку — з намі. Далей

Публій Рос паведаміў мне, што пад скалістым покрывам Месяца знаходзіцца металічная шкарлупіна таўшчынёй каля сямідзесяці кіламетраў, якая, на погляд навукоўцаў, аніяк не магла ўтварыцца натуральным шляхам. Дзіўна і тое, што пад шкарлупінай каля ста кубічных кіламетраў пустаты. Мы часта бачым на Месяцы светлавыя аб’екты, каляровыя траншэі, якія павялічваюцца, кратэры, якія знікаюць Усё гэта сведчыць, што з базай увесь час кантактуюць.

“Але ж, калі ў ходзе палтэргейста вам у чаравікі выльецца суп ці на сцяне з’явяцца мацюкі — гэта што за такі кантакт?” — спытаў я з іроніяй.

“Так, — не міргнуўшы вокам, адказаў ён, — а які яшчэ кантакт вы хочаце? Як, напрыклад, вы кантактавалі б з чарвякамі?

Абмяркоўвалі б з імі тэорыю адноснасці?”

Я скептычна ўсміхнуўся, пачуўшы такое, але ён не заўважыў гэтага, напружана рэагуючы на кожны рух і гук. Вядома, я не верыў ні ў якіх там іншапланецян і іншую лухту, так улюбёную большасцю ўфолагаў. Справабылазначнаглыбей, але дакапацца да праўды было пакуль не-магчыма, а нават здагадкі пра яе здаваліся настолькі ашаламляльныя, што немінуча падпадалі пад тэрміновую забарону. Урэшце, раздумваць пра ўсё гэта цяпер не выпадала. Неакрэсленае пачуццё трывогі ахапіла мяне.

Раптам люстэрка, што вісела на сцяне, падскочыла ў паветры і, змадуліраваўшы плаўную дугу, упала на падлогу, але не разбілася. Я паспеў зняць гэта на камеру.

Публій Рос на некалькі секунд знерухомеў, а потым кінуўся да сваіх прыбораў. Яго асістэнткі істэрычна віскнулі, а ўдава Адмета пабялела яшчэ больш і памкнулася ў бакоўку. Я ступіў следам і дапамог ёй дабрацца да крэсла.

“Ён дзесьці тут”, — прашаптала яна.

Я скарыстаўся момантам, перазарадзіў камеру і спытаў: “Скажыце мне праўду: ён зноў прыходзіў да вас ноччу?”

Нейкі час яна глядзела мне ў твар з непаразуменнем, быццам знаходзілася ў одуме, а потым прызналася, што так — з’яўляўся, зайшоў праз дзверы і паімкнуўся легчы побач з ёй у ложак, але яна, пэўна, адразу страціла прытомнасць, бо нічога больш не памятае.

“Вы павінны даць асабісты дазвол на эксгумацыю, — сказаў я, — інакш усё скончыцца бядой. Вы рызыкуеце жыццём. Успомніце, што ў доме ўжо двое памерлых”.

“Але каму? Я ж казала, што мне забаранілі гэта і пагражалі пакараць, калі я буду настойваць”.

“Дайце дазвол мне”, — сказаў я даволі рашуча.

“А большай бяды не будзе? Мне страшна!”

“Ніхто пра гэта не даведаецца, акрамя нас дваіх і яшчэ траіх маіх сяброў, — пераконваў я. — За ўсіх іх я адказваю”.

Запанавала працяглая паўза. Я моўчкі чакаў.

“Рабіце ўсё, што лічыце належным”, — урэшце выціснула яна так патрэбныя мне і доўгачаканыя словы.