І я коратка паведаміў яму пра сваё часовае затрыманне і пагрозы ў свой адрас.
“Чым сённяшняя ноч горшая за іншыя? — згадзіўся пастар Себасцьян. — Я думаю што на гэты раз мы высветлім усё. Я гатовы”.
“З намі будзе і доктар Арвід”, — сказаў я. — Магчыма, гэта спрасціць нашу задачу, а як медык, дык ён нават неабходны. Только вось у наступную ноч мне брацца за справу не выпадае. Але, мяркую, праз суткі мы пачнём усё спачатку”.
“Думаеце, упыр будзе прыходзіць і далей?” — спытаў пастар Себасцьян.
“Упэўнены. Ён, у сілу сваіх, невядомых для людзей, якасцей ужо не можа не прыходзіць”.
“А вам яны вядомыя?” “Хіба што здагадкі. Каб жыць у сваім псеўдажыцці, ён павінен скачваць на свой “софт” інфармацыю ежы іншых, жывых людзей, і такім чынам наталяць голад. Яго жыццё — мяркую, самы моцны доказ, што мы знаходзімся у віртуальным свеце, дзе ўсё — толькі інфармацыя”.
“Вы хочаце сказаць, што няма ні зорак, ні іншых светаў, ні галактык? Толькі інфармацыя пра гэта? Значыць, наш Сусвет —
грандыёзны падман? А як жа тады палёты на Месяц, шпацыры апаратаў-разведчыкаў па іншых планетах? Яны ж існуюць, тыя планеты?” “Верагодна. У межах сонечнай сістэмы, як інфармацыйная
Праграма. Далей — дэкарацыя”.
“Шчыра скажу: я не даю веры што гэта так”.
“Разумею, бо я — таксама не даю”.
“Пастойце, пастойце, — захваляваўся пастар Себасцьян, —
тады выходзіць, што — Бог існуе? Не стварылі ж мы ўсё гэта самі?
Альбо, Прырода? А яе, хто стварыў?” “Выходзіць, што так”, — сказаў я.
“А калі — не так?” — вырвалася ў яго.
“Значыць, не так”.
Запанавала паўза. Мой надалоннік засігналіў: Мойра спытала, дзе я і, пачуўшы адказ, паведаміла, што ўжо дома і чакае мяне.
Я развітаўся з пастарам Себасцьянам.
“Адно скажу вам напаследак, — заўважыў ён мне, калі я ўжо павярнуўся ісці. — Творца проста не мог даць нам такое кароткае жыццё — гэта ж смехатворна, нават ганебна для яго. Затое Прырода — магла”.
“А бессмяротнасць? — спытаў я. — Можа, мы насамрэч не дарэмна шукаем яе?” “А вы самі верыце ў гэта?” “Не”, — шчыра адказаў я.
empty* * *empty
Мной пачалі ужо цікавіцца суседзі Мойры па бараку. Наяўнасць аўтамабіля рабіла мяне ў іх вачах асобай, хоць і не заможнай, але ў нейкай ступені значнай. Адзін з іх, прыкладна пяцідзесяцігадовы, са старэчым тварыкам хітрага лайдака і аматара выпіць, якого тут звалі Жан, рабіў спробы падрадзіцца выконваць для мяне якія дробныя справы ці даручэнні, ці збольшага хоць бы пільнаваць, каб ніхто не спакусіўся на мой пазадарожнік.
Апошняе я яму ахвотна дазваляў, паабяцаўшы хутка аддзячыць.
Яго непаўналетняя дачка Беніта, грудастая не па ўзросце і, на мой погляд, данельга разбэшчаная, увесь час зазыўна ўсміхалася мне і прымала эфектныя позы, калі прасіла пачаставаць яе цыгарэтай. Я кожны раз аднолькава адказваў ёй, што паліць шкодна.
Жан, як і многія іншыя пражывальнікі паселішча, выклікалі ў мяне абгрунтаваныя падазрэнні. Спрадвеку, з панавання чэкістаў і асаднікаў з Чайнаросі, тут, нібы тараканы, развяліся штучнікі.
Невядомы мне аўтар налепкі, змест якой я прыводзіў вышэй, як ніколі, меў рацыю, бо пладзіліся і размнажаліся яны, пэўна, ужо на генетычным узроўні.
Калі я жыў у Мегаполісе, да мяне раз-пораз заходзіў знаёмы, кожны раз даводзячы мне, што зайшоў выпадкова. Ён любіў паразмаўляць са мной пра тое-сёе, не толькі не абмінаючы вострыя тэмы, а і наадварот, іх, так бы мовіць, падымаючы. Што я быў на прыкмеце ў адпаведных службаў і, пэўна, вісеў на іх камп’ютарах, як і многія мае суграмадзяне, было мне вядома.
Неяк я, дзеля цікавасці, падсунуў пад рукі каляндар і адзначыў на ім дні, калі мяне наведваў мой знаёмы. Кожны раз гэта было напярэдадні, звычайна за суткі да якіх падзей: выбараў там, ці буйных святаў. Штучнік ніколі не прыходзіў да мяне пасля тых падзей, а заўсёды напярэдадні. Некалькі разоў я пасмяяўся з яго, падсунуўшы яму дэзу, пасля чаго ён знік.
Многім штучнікам, якія заракамендавалі сябе і доўгі час былі паспяховымі інфарматарамі, як я ведаў, дазвалялі ў выглядзе ўзнагароды ствараць малыя абслугоўваючыя комплексы — “макі”. Апошнія ўяўлялі сабой нешта кшталтам звычайных хутароў пачатку мінулага стагоддзя: драўляныя дамы дзе-небудзь сярод рэшткаў лесу ці ля якой вады, куды з’язджаліся на кароткі адпачынак заможныя, але сквапныя азіяты, якія ўзбагацелі на гандлі, альбо наркатрафіку.
Цікавасць Жана да маёй асобы верагодна была з таго ж боку, але магчыма я і памыляўся.
“Паслухай, Жан, — спытаў я яго, — чым ты зарабляеш на жыццё?” “У мяне пражываюць кватаранты, — адказаў ён, — яны прыехалі здалёк, у іх шмат дзяцей, і Беніта мамчыць іх і ходзіць па ваду, ежу, мые іх бялізну”.