Я паківаў галавой. Такіх, як ён і Беніта, навокал было шмат. Як толькі ў асобнай сям’і здаралася бяда ці хто з кармільцаў запіваў ці паміраў, то побач заўсёды аказваліся паразітуючыя ўсходнія прыхадні. “Злыдні”, як казала пра іх Мойра.
Чым усё скончыцца ў Жана — можна было пралічыць. Спачатку ён занядужае, а потым сыдзе ў іншы свет. Беніта стане рабыняй і народзіць аднаго ці некалькіх мяшанцаў, а калі знясілее, то і ад яе хутка пазбавяцца.
“Кажуць, вы бачылі “цмока”, які наведвае Адмету з дваццаць першага барака, — раптам нясмела вымавіў ён, — гэта праўда?” “Хто давёў табе такое?” — адказаў я пытаннем, хоць здагадацца было няцяжка.
“Тодар. Калісьці мы разам працавалі на сметніку”.
“Па-першае, — задаволіў я цікаўнасць Жана, — з “цмокам” я пакуль што “не прыкурваў”, а, па-другое, ці не захочаш ты з раніцы мне дапамагчы?” І я, прадбачачы ўжо, што ён скажа, паведаміў, што атрымаў важнае заданне і планую аб’ехаць звалкі вакол паселішча, каб намеціць фронт будучых работ. Дык, ці не згодзіцца ён, калі спатрэбіцца, і я дзе загразну, дапамагаць мне піхаць машыну?
Гэтым пытаннем я пакідаў яму засечку ў памяці, быццам заўтра еду менавіта ў раён звалак, а перспектыва напружвацца фізічна па каленях у смецці павінна была яго напужаць і адмовіцца, што ён адразу і зрабіў, а ў мяне з’явіўся, хоць і ўскосны, а сведка.
Барбі сустрэла мяне на падворку радасным віскам. Мойра таксама чакала мяне. Цяпер, калі ўжо надышоў вечар, без асаблі- вай цікаўнасці выслухаўшы мой, адцягваючы ўвагу, слоўны манеўр, яна спытала пра тое, што яе найперш непакоіла.
“Дык ты едзеш у горад, Берташ?”
“Так, — стрымана паўтарыў я тое, што казаў ёй раней, — мне варта забраць кнігі”.
“Раніцай?” “Але”.
“Я з табой”.
“Не, — рашуча сказаў я. — Іншым разам, Мойра”.
Мы павячэралі ў маўчанні. Жанчына больш не распытвала мяне, але я адчуваў, што яна зноў раздумвае над маім намерам. Што, урэшце, я мог ёй сказаць? Праўду? Але гэта нічога не выра-шыць, а толькі ўскладніць мае задумкі і ўсё тое, што я хацеў зрабіць.
Замест гэтага я прылашчыў яе. Нягледзячы на тое, што сонца даўно змяніў на небе месяц, было яшчэ адчувальна спякотна.
Целы нашыя неўзабаве сталі гарачымі і вільготнымі. Як ніколі шчырая ў любоўных ласках, Мойра абдымала мяне пяшчотна і ў той жа час рашуча і вольна ў памк-неннях.
Потым мы ўсё так жа моўчкі ляжалі ў абдымках адзін аднаго.
Праз аконнае шкло я глядзеў на мігцеючы россып зорак на небе, але душэўнага спакою чамусьці не адчуваў. Па звычцы прааналізаваўшы свае пачуцці, я вызначыў тое, што менавіта мяне трывожыць. Заўтра. Даклад-ней, што адбудзецца заўтра.
Ужо засынаючы, я раптам падумаў пра тое, што можа рабіць цяпер, у начы, так і не выяўлены намі дагэтуль упыр, у існаванні якога я, тым не менш, ніколькі не сумняваўся. Ляціць да сваякоў, каб прадоўжыць сваё пасеўдажыццё? Альбо невядомым чынам кантактуе з Матрыцай? Абдымае кагосьці, спрабуючы наталіць голад, у тым ліку і сексуальны?
Але тут думкі мае раптам змягліся, і я заснуў.
Пэўна, вайна зрабіла маю нервовую сістэму зандата лабільнай.
Прачнуўся я ад таго, што Барбі ціха, але ўстрывожана вурчэла. Як толькі я падхапіўся на ногі, сабака кінуўся ў дзверы. Я асця-рожна рушыў следам, узяўшы, тым не менш, напагатоў рэвальвер.
Першай маёй думкай была тая, што на падворку зноў нешта крадуць: але я ўспомніў, як шлюха Беніта напусціла так званых кватарантаў — жаўтаскурых мяшанцаў, якія размнажаліся з неймавернай хуткасцю і падбіралі і выядалі ўсё, што бачылі іх шкадлівыя вочы. Я адносіўся да гэтай набрыдзі з пачуццём гідлівай непазбежнасці, бо тут нельга было што-небудзь прадпрымаць — увесь свет кішэў падобным збродам, які, дарэчы, усё больш набіраў сілу. Пакуль звярыным сваім чуццём яны адчувалі здольнасць да рашучага супраціву і непазбежнасць пакарання, то абыходзілі такіх, як Мойра. Тым больш, што спачатку Платон, а цяпер я быў побач, але, прыкладам, калі б яна раптоўна засталася адна, састарэла і стала нямоглай, то накінуліся б і адабралі ўсё, а потым зжэрлі і яе саму.
Святла за маёй спінай не было, і я асцярожна прыадчыніў дзверы, злёгку прытрымліваючы Барбі рукой за пысу, каб не падала голас, пасля чаго выйшаў у ноч, запіхнуўшы сабаку назад. Я рухаўся ў цемры, і вочы мае неўзабаве звыкліся з ёй: я бачыў абрысы прадметаў. Серпік месяца слаба свяціў над галавой. Я скіраваў да сваёй машыны, сілуэт якой цямнеў у некалькіх кроках наперадзе. Ззаду Барбі драпала дзверы, і я чуў яе слабое павіскванне, але працягваў ісці далей, бо ў мяне прамільгнула думка, што нехта імкнецца раскурэжыць мой джып.