Выбрать главу

Я кінуў вокам на таймер свайго надалонніка. Ажыўлення ля дома, дзе знаходзіўся Ёхан Цынк, па-ранейшаму не назіралася. Можа, ён перадумаў альбо паранёс час візіту, магчыма, проста захварэў ці нават памёр. Добра, каб здарылася апошняе, думаў я, бо невялікая справа — разду-шыць спарахнелага дзяржаўнага клапа, а так я спакойна забраў бы свае кнігі і вярнуўся да Мой-ры. Праводзячы мяне дзве гадзіны назад, яна сунула мне ў рукі хатуль з ежай, пра што я згадаў цяпер. Я памкнуўся тады непрыкметна пакінуць яго ў хаце, але яна заўважыла і пакрыўдзілася, пасля чаго я забраў ежу з сабой. Напамін быў мне непрыемны, і я зноў адчуў прыхаванае па-чуццё сораму з-за таго, што каторы ўжо дзень існую, як нахлебнік. Грошы. Яны патрэбныя мне, як ніколі. Шмат грошай. Ці вырашаць яны тое, што я задумаў, я дакладна не мог ведаць, бо які сэнс загадваць наперад, калі самая дробная памылка ў самы дробны адрэзак часу можа стаць лёсаноснай.

Раптам наперадзе, перад пад’ездам дома, дзе, як я меркаваў, усё яшчэ знаходзіўся стары, я адзначыў пэўнае ажыўленне. У бінокль было добра бачна, што да пад’езда пад’ехала і спынілася ўсутыч цёмна-сіняя “Міцубісі”. З кабіны спрытна вылез вадзіцель з надалоннікам у руцэ і скіраваў да дзвярэй. Пад лёгкай тэніскай на яго грудзях ледзь бачна цямнеў рэмень наплечнай кабуры, а збоку ўгадваліся абрысы лёгкай агнястрэльнай зброі. Голы яго чэрап быў выцягнуты назад і ў вышыню. Дэфармант. Па маіх разліках — вадзіцель-ахоўнік, які і павязе старога ў паселішча. Верагодна, што менавіта яго я раней назіраў у “Сеціве”, калі збіраў інфармацыю пра Ёхана Цынка. Цалкам, магчыма, што гэта і быў сваяк Касіуса, пра якога мне казаў Юліус Гармата. Што ж, нават з палёгкай падумаў я, вось усё і пачынаецца.

Хвіліны чакання цяклі адна за другой. Некалькі аўтамабіляў прыпаркаваліся перада мной і ззаду майго “джыпа”. На першых паверхах адчыніліся крамкі і шапікі, і людзей навокал адразу па-большала. Гэта мне нават спрыяла: у натоўпе заўсёды лёгка згубіцца, хоць “выконваць” старога здрадніка перад самымі дзвярыма на вачах усіх, таксама не выпадала. Але...

Я ўспомніў пра тое, што захапіў з сабой грым і, гледзячы ў люстэрка задняга віду, хутка перафарбаваў свой твар і рукі ў карычневы колер. Так будзе лепш, вырашыў я і стаў цярпліва чакаць далей. Хвіліны беглі адна за другой.

Урэшце я пабачыў, як з дзвярэй пад’езда выйшаў ахоўнік з сумкай у руцэ, а адразу за ім даволі бадзёра крочыў сам Ёхан Цынк у светла-шэрым касцюме і белым саламяным капелюшы на га-лаве. Я пазнаў яго. За ім нечакана з’явілася і яшчэ адна постаць. Мужчына гадоў пяцідзесяці, з прыкметным жыватом і такімі ж, як у старога, плябейскімі рысамі твару. Сын, адразу вызначыў я.

Ахоўнік расчыніў дзверы кабіны і ўладкаваў старога на заднім сядзенні. Потым спераду пасадзіў Цынка-малодшага, а сам сеў за руль.

Становішча ўскладнялася. Значыць, замест аднаго Цынка ў машыне з’явіліся адразу два, плюс ахоўнік-вадзіцель. Я ўключыў рухавік і рушыў следам за іх машынай. Праз некалькі хвілін мы ўліліся ў паток іншых машын.

Дзверцы майго “джыпа” я разблакіраваў, каб зручней выскачыць з кабіны, і краем вока сачыў за “Міцубісі” справа. Гэта была звычайная мадэль, і з верагоднасцю ста адсоткаў, меркаваў я, ба-кавое шкло кабіны і лабавое таксама былі звычайнымі. Ёхан Цынк не настолькі важная і ўплывовая асоба, каб выдзяляць яму браніраваны аўтамабіль з куленепрабіваемым шклом. Хіба што мог набыць за свае грошы. Як мог пражыць так доўга, няхай сабе і псеўдажыццём, гэты дзяржаўны функцыянер, а па сваёй вартасці — апарыш з грамадскай прыбіральні, якія я бачыў у паселішчах? — мільгала ў маёй галаве. Хіба яго жыццё каштуе нават мезенца такіх людзей, як Платон? Альбо Мойра? Але Платона згубіла выпадковасць, інакш гэты напаўтруп, якога везлі цяпер у Эдэм, ужо гніў бы на дзяржаўных могілках. А Мойра — яна павінна быць са мной і нарадзіць дзіця.