Я рухаўся ўжо амаль усутыч. Самога Ёхана Цынка я праз шкло не бачыў, толькі абрысы невы-разнай постаці на заднім сядзенні, затое яго сына і вадзіцеля і целаахоўніка ў адной асобе, хоць і мелькам, але добра разгледзеў. Гэта быў дэфармант гадоў сарака, з высокім, завостраным кверху, чэрапам і збягаючым назад, як у малпы, ілбом. Хутчэй за ўсё ён якраз і з’яўляўся сваяком Касіусагарбузагаловага, канчаткова вырашыў я.
На сваім пазадарожніку я то адставаў, то зноў наганяў іх. Праз паўхвіліны, адзначыў я, павінен быць святлафор. Пасля Непажаданых Падзей машын у гарадах дый па ўсёй краіне значна паме-нела. У бакавым люстэрку, а таксама задняга бачання, за мной рухаліся на рознай адлегласці ўсяго некалькі аўтамабіляў. Наўрад ці хоць адзін з іх акажацца набітым агентамі службы бяспекі ці звычайнымі паліцыянтамі — такая выпадковасць, згубіўшая Платона, не магла паўтарыцца двойчы. Хіба толькі ў старога маразматыка былі і існуюць сувязі з інферальнымі сіламі, якія яму дапамагаюць, але я ў гэта не надта верыў. Верагодна, меркаваў я, Платон пачаў страляць першым і наўрад ці паліцыянты вызначылі, што гэта менавіта замах і менавіта на нікчэмнага старца, які ўжо нічога не вырашаў. Усё дадумалі тэлевізіёншчыкі. Нават сам Ёхан Цынк, меркаваў я, можа і не лічыць дагэтуль, што быў на кароткі час у ролі патэнцыяльнай ахвяры. Магчыма, ён ужо нават і не памятаў сам ні пра зганьбаваны ім сымбаль, ні пра палітычныя даносы, ні пра расціснутыя лёсы людзей, якія мелі фатальную неасцярожнасць аказацца побач з ім, ці на яго шляху. Вось, думаў я, усяго ў двух-трох метрах справа ад мяне едзе “чалавек-цень”, тупая палітычная жывёла, з па-ідыёцку завышанай самаацэнкай, упэўненая ў сваёй значнасці. Нікчэмнае і шкоднае насякомае, нават і дастаткова няпалоханае, хоць на гэты час і пражыло столькі год. Што ж, давядзецца яго напужаць. Невыразныя дагэтуль абрысы майго плана раптам пачалі складацца ў маёй галаве ў нешта ак-рэсленае. Даганяць іх на трасе, як я збіраўся раней? Але на бальшаку гэта адразу выкліча падазрэнні: любы прафан насцярожыцца, калі да яго машыны ззаду прыклеіцца іншая. Дый мой джып уступаў “Міцубісі” ў хуткасці. Калі яны разгоняцца на поўніцу, я акажуся зусім у дурным становішчы, хіба не так? Значыць, вырашыў я, — пара. Цяпер у сілу ўступала толькі ўдача. Калі яна сёння са мной, я працягну жыць далей, калі ж не, то гэты шлях — мая памылка.
Я выцягнуў з-пад сядзення рэвальвер, перакінуў яго злева пад кашулю, а на вочы насунуў вялікія ахоўныя акуляры, якімі звычайна карыстаюцца рабочыя пры распільванні металу.
Акуляры закрывалі і да непазнавальнасці змянялі твар.
Святлафор мігнуў наперадзе чырвоным святлом. Я аблізнуў вусны і паклаў руку на дзяржанне рэвальвера: не зараз, чырвоны, ён гарыць ужо дастаткова доўга, падумаў я, прытармазіўшы, і адразу загарэўся жоўты.
Значыць, не тут...
зялёны.
Перагазоўка, трэцяя перадача, чацвёртая. Наперадзе, адзначыў я, заставаліся ўсяго два-тры святлафоры. Потым ужо быў бальшак.
Калі ахоўнік за рулём упішацца ў абраную ім хуткасць, то цалкам, верагодна, што зялёны знак сустрэне нас зноў, а потым, магчыма, яшчэ раз. Мне ж абавязкова трэба, каб мы пад’ехалі да скрыжавання на жоўты, потым адразу запаліцца чырвоны, ці прама — на чырвоны, і — рух спыніцца. Тады ў мяне будзе каля трыццаці-сарака секунд.
Як заўсёды, у вызначаны час я адсёк усе лішнія думкі. Усё павінна вырашыцца як мага хутчэй, потым мне, магчыма, давядзецца пазбавіцца ад машыны, бо яна непазбежна “засвеціцца” камерамі адсочвання. Хіба толькі іх не будзе. І хоць мой нумар намерана запэцканы фарбай, і машын маёй маркі ў горадзе дастаткова, і прадаюць і купляюць іх без афармлення, пад ключы, лепш не рызыкаваць. Шкада, вядома, але жыццё Мойры па-за ўсялякіх абмеркаванняў і кампрамісаў. Калі я зараз не “выканаю” Цынка, яна пачне па прыездзе таго ў Эдэм дзейнічаць сама, і хутчэй за ўсё накліча бяду.
Раптам я ўспомніў пра паперу, схаваную за ахоўным шчытком. Ледзь не запамятаваў, падумаў я, выцягнуў яе і пераклаў у кішэню. Каб наклеіць яе на машыну Ёхана Цынка, мне спатрэбіцца не больш як тры секунды.
Вось што было на ёй напісана: “Я ненавідзеў нацыянальную ідэю”.
Нечакана “Міцубісі” Ёхана Цынка мільгануў правым паваротам і перастроіўся ў крайні справа рад, што ўскладніла маю няпростую задачу. Можа, ён збіраўся ўвогуле павярнуць і з’ехаць па нейкай незразумелай мне патрэбе з бальшака? Навошта? — меркаваў я. Але прамільгнула адно скрыжаванне, потым другое, а “Міцубісі” нікуды не павярнула. Увесь час імкнучыся трымацца ўпрыцірку побач з ёй, я, у рэшце-рэшт, амаль гвалтам праціснуўся ў правы рад і зноў апынуўся на бліжняй ад яе паралельнай прамой. Гэты манеўр каштаваў мне таго, што я празяваў імклівае набліжэнне чарговага святлафора: жоўты.