Выбрать главу

Наперадзе затармазіла некалькі машын, я таксама даволі рэзка спыніўся і праз паўзу ўбачыў, як запаліўся зялёны. Не тут...

Мы зноў набралі хуткасць. Дэфармант-ахоўнік, абрысы твару якога за бакавым шклом то набліжаліся да мяне, то, наадварот, аддаляліся, па невядомых мне прычынах зноў паказаў пава-рот, на гэты раз — левы і памкнуўся перасунуцца ў мой рад, але мне гэта было нявыгадна, і я не даў яму такой паслугі.

Беспакаранасць, — пранеслася ў мяне ў думках, — вось што неверагодна ўражвае, калі аналізуеш учынкі гэтых стварэнняў, якія дарваліся да ўлады. Як укормленыя каплуны, даўно і, пэўна, назаўсёды, яны пазбавіліся пачуцця небяспекі. І не дзіва, бо з такім збродам, які атабарыўся ў гэтых землях, ім усё сыходзіла з рук.

Нянавісць пакрысе авалодала мной, і я даў ёй волю. Хіба я прагну забіваць? Зусім не. Нават на вайне я не прывык да гэтага. Але ж, калі забіваць развучацца ўсе тыя нешматлікія, хто пакутаваў ад уціску, то з часам яны самі стануць трупамі, а іх жанчын і дзяцей захопяць у рабства. Так было заўсёды.

Метраў за дзвесце наперадзе я раптам убачыў святлафор, які мігаў зялёным. Халодная хваля прабегла па маёй спіне. Значыць, цяпер, падумаў я, зялёны.

Машына наперадзе ў маім радзе не тармазіла, а, наадварот, дабавіла ў хуткасці. Вадзіцель мусіў паспець праскочыць скрыжаванне, што яму і ўдалося. “Міцубісі” справа, заціснуты спераду і ззаду, пачаў тармазіць.

жоўты.

Я таксама націснуў на тормаз і адразу ўбачыў, што запаліўся чырвоны.

Пара.

Скідваючы засцерагальнік рэвальвера, я выскачыў на правы бок.

Памылкай ахоўніка з “Міцубісі” было тое, што ён згубіў пільнасць на гэтыя тры дзесяткі секунд, пэўна, утаропіўшыся ў сігнальны ліхтар, а можа, размаўляючы, і таму я ў некалькі імклівых крокаў апынуўся ля лабавога шкла “Міцубісі” і адразу пачаў страляць.

Я стрэліў двойчы, шкло напалову рассыпалася, і праз дзірку я ўбачыў, што вадзіцель верагодна забіты. Не марудзячы, я зноў націснуў курок, а потым яшчэ і яшчэ. Толькі тады я пачуў крык. Гэта быў нават не крык, а віск. Так вішчэць магла істэрычная жанчына альбо жывёла перад пакладаннем. Гэта крычаў Ёхан Цынк.

“І-і-і-і-і-і!”

Дзесьці ў падсвядомасці ў маёй галаве працаваў унутраны, нябачны і нягучны секундамер: дванаццаць, адлічваў ён — трынаццаць, чатырнаццаць

Не ведаю чаму, я вырашыў паспрабаваць адкрыць дзверы ў кабіну і рвануў заднюю. Яна аказа-лася незаблакаванай. Ёхан

Цынк па-ранейшаму вішчэў, не перастаючы, хоць яго крыкі наўрад ці чулі звонку. Але гукі стрэлаў там, вядома, чулі. У мяне заставаўся лічаны час. Капялюш старога зваліўся з яго галавы.

Твар, перакошаны ад страху, чамусьці спачатку падаўся мне вартым жалю: з адвіслай, у зморшчынах, скурай, вузкавусным і шырокім ротам, з якога бліскалі золатам шматлікія каронкі. Затое валасы на галаве, нягледзячы на свівізну, былі шорсткія і густыя, зверху нават з цёмнымі пасмамі, па-плябейску зачэсанымі к патыліцы. Стары набіраў у грудзі паветра і працягваў крычаць.

Замест таго, каб памерці прыстойна, ён і ў гэты раз спадзяваўся на сваё нахабства — урэшце не адзін жа голы страх быў у тым віску, а жаданне прыцягнуць увагу звонку, і тым разбурыць маю задумку. Я назіраў неверагодную, насякомую прагу да жыцця, і ўва мне зноў адразу выбухнула нянавісць.

Пятнаццаць, шаснаццаць, семнаццаць, — адлічваў секунды таймер у маёй галаве: васемнаццаць...

Да грудзі ён прыціскаў нейкую скураную папку-сакваяж, быццам баронячыся, і я бадай што інстыктыўна свабоднай рукой выхапіў яе і адначасова націснуў на курок.

Галава старога адкінулася на спінку задняга сядзення і крык перарваўся.

Пырскнула кроў.

Дзевятнаццаць, дваццаць…

У маім распараджэнні было яшчэ каля дваццаці секунд. На святлафоры па-ранейшаму гарэў чырвоны сігнал. Галоўнае, не спяшацца і не пабегчы, мільгала ў мяне ў галаве, бо пакуль яшчэ ніхто з тых, хто спыніўся ў сваіх аўтамабілях, пэўна, нічога толкам не зразумеў, а калі зразумеюць і пачнуць рэагаваць, то я ўжо буду далёка. Дый ці захочуць яны неяк рэагаваць? Каму ахвота наклікаць на сябе шматгадзінныя допыты з боку сілавікоў? Лепш хутэчй з’ехаць далей, і няхай каму трэба самі разбіраюцца потым ва ўсім, што тут адбываецца. Будзь я простым абывацелем, я б на іх месцы думаў бы менавіта так.

Дваццаць адзін, дваццаць два...

Ужо адчыняючы дзверы кабіны свайго “джыпа”, я раптам спыніўся і знерухомеў: дваццаць тры...