Выбрать главу

Тыя нічога ў доме не кранулі, затое пакінулі пасля сябе паперу.

“Вось яна”.

Я паднёс да вачэй змяты аркуш.

“Пачнём з сабачкі”.

Наўрад ці хто, акрамя мяне, зразумеў бы прыхаваны сэнс гэтага напаўздзеклівага сказа. Гарбу-загаловыя ўсё-такі даўно высачылі, дзе маё жытло. Я разумеў, што ўсё, што адбылося, будзе мець непрадказальны працяг, што надышоў час сур’ёзна перасцерагчы Мойру і, у рэшце-рэшт, усё ёй растлумачыць. Але спачатку трэба было пахаваць Барбі. Мы загарнулі шчаня ў кавалак кужаля, ахвяраваны Мойрай, і я аднёс яго ў дальні кут на падворку, дзе і закапаў. Калі я ўжо скончыў гэтую сумную справу, да мяне, азіраючыся, наблізіўся Жан, які, пэўна, чакаў зручнага моманту, каб загаварыць, але не хацеў пры Мойры.

“Што ты хочаш, Жан?” — спытаў я яго. “Тут былі гарбузагаловыя”, — сказаў ён. “Бачу. Ты іх ведаеш?” “Не. Але яны прасілі перадаць, што будуць чакаць цябе на плошчы сёння ці заўтра адразу пасля апоўдня”.

“Яшчэ што?” “Інакш, — сказалі, — чарговая будзе яна”, — і Жан паказаў кіўком у бок Мойры.

Я павярнуўся і пайшоў у дом. Стомленасць раптоўна навалілася на мяне. Хіба толькі на вайне я адчуваў нешта падобнае, але тады я, пэўна, быў маладзейшы і спрытнейшы.

“Навошта ты з’ехаў, Берташ? — спытала Мойра, падышла ўсутыч і паклала рукі мне на плечы. — Ты прывёз кнігі? Чаму ты вярнуўся пешшу?” “Я без кніг і без джыпа. Ён заграз на звалцы”.

“Што здарылася, Берташ? Чаму яны забілі Барбі?”

Я расказаў ёй па магчымасці коратка пра сваю з Андрушам сутычку на звалцы з гарбузагаловымі.

“Вось, — дадаў я, — канешне варта было сцерагчыся, але я меркаваў, што мы паспеем адсюль з’ехаць. Барбі я мусіў забраць з сабой”.

На вачах Мойры нечакана выступілі слёзы.

“На зямлі ж шмат месца. Хопіць пакуль усім, але гэтая набрыдзь паступова адбірае ў нас усё: ежу, жытло, каханне, волю. Чаму мы павінны цярпець такі ўціск, Берташ?” “Калі я знайду забойцу, то зраблю з ім тое ж, што ён зрабіў з сабакам. Але галоўнае цяпер не ў гэтым. Нам пара шукаць новы прыстанак. Я хутка здабуду доказ, але на гэта патрабуецца час, і мы павінны быць напагатове. Асабліва ты.”

Яна задумалася, але неўзабаве прапанавала: “Трэба паведаміць Маркусу”.

“Ён ведае. Кажа, што выкуп можа ўсё вырашыць. Тут так прынята”.

Я кінуў вокам на таймер: ішла ўжо трынаццатая гадзіна, і ўключыў тэлебачанне.

“Яны згодныя на грошы?”

“Думаю, што так. Дарэчы, я іх прывёз”, — я выцягнуў з кішэні і паклаў на стол пачак банкнот.

Але яна засталася раўнадушнай, нават не спыталася, дзе я іх набыў.

“Каб Платон быў жывы”, — раптам вырвалася ў яе.

Я змаўчаў. Варта было разумець, што ўсё астатняе жыццё яна не пакіне згадваць пра свайго бы-лога мужчыну. Мёртвы будзе мець рацыю, бо паспеў зрабіць хіба што адну памылку. Хоць, калі меркаваць па справядлівасці, яму проста не пашанцавала.

Між тым, па тэлеканале ішлі навіны. Дыктары: напамажаны, з павыскубанымі брывамі і яго напарніца — вяртлявая, з лялечным тварыкам, тэлешлюха, звыкла гугнелі бадзёрымі галасамі пра чарговыя дасягненні, але раптам у іх расказ уварваліся істэрычныя ноты. Карцінку перкаключылі, і ў кадры я пабачыў скалечаную машыну Ёхана Цынка, аточаную купкай аператыўнікаў і паліцыянтаў.

“ЗАМАХ НА ЁХАНА ЦЫНКА. БЫЛЫ САКРАТАР ПА ІДЭАЛОГІІ І

ЯГО ВАДЗІЦЕЛЬ ЗАБІТЫЯ. СЫН ЁХАНА ЦЫНКА ЦЯЖКА ПАРАНЕНЫ.

НЕВЯДОМЫ ВЫКАНАЎЦА НАПАЎ НА ІХ НА СКРЫЖАВАННІ, ПРОСТА

НА СВЕТЛАФОРЫ. ВЯДЗЕЦЦА ВЫШУК”.

Далей пра ўсё распавядала тэлебрыгада ў складзе аператара і спецыяльнага карэспандэнта. Так, казаў апошні, напад быў выключна нахабны, і сляды нападаючага згубіліся. Як на бяду, камеры адсочвання ў гэтым месцы не працавалі, хоць іх варта было даўно замяніць, і злачынца знік не-апазнаны. Адзін з вадзіцеляў, які на момант здарэння аказаўся побач, сказаў, што нападаўшы адносна малады, цёмнаскуры мужчына, які вёў джып. Заўтра, працягваў свой аповед камента-тар, Ёхан Цынк якраз збіраўся наведаць Новы Эдэм — месца, дзе ён нарадзіўся.

На месцы нападу злачынца пакінуў налепку, якая сведчыць, хутчэй, пра палітычныя матывы забойства. Там усяго тры словы...

“Я НЕНАВІДЗЕЎ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ”

“Вось бачыш, — сказаў я Мойры, — цяпер нас тут нічога не затрымлівае. Як толькі я здабуду доказ, мы пакінем гэтае райскае месца. На працу больш не выходзь, і трымайся побач, пакуль я не даведаюся, што хочуць гарбузагаловыя”.

Мойра нейкі час дапытліва ўглядалася ў мой твар.

“Паслухай, Берташ, — раптам сказала яна, — навошта ты ўключаеш увесь час дурня? Хіба я таго заслугоўваю? Гэта ты “выканаў” старога? Я ж здагадалася.” “Так, — не стаў я маніць. — Твая мэта спраўдзілася. Я зрабіў гэта, каб ты не рызыкавала да-рэмна.”