Вочы яго вылучалі непрадказальнасць і агрэсію, а ўсе аголеныя часткі цела — распісаныя тату. Позірк быў, на маю думку, самы застрашаючы, нават сярод дэфармантаў. Але я спакойна вытрымаў яго — урэшце, што мне было губляць?
Ён правёў мяне ў пакой, дзе стаялі стол, некалькі крэслаў, а сцены і падлога былі засланыя дыванамі. Акна ў пакоі не існавала, а ўсё асвятляла адзіная электрычная лямпачка без плафона.
Касіус сеў за стол, а я, не чакаючы дазволу, у адно з крэслаў.
“Дапускаў, што ты прыйдзеш”, — сказаў Касіус.
“Я тут, у цябе. Што ты прапануеш?” “Не так хутка. Я, а не ты, усё вырашаю”.
“Кажуць, што ты справядлівы і трымаеш слова, — падмасліў я, успомніўшы словы Юліуса Гарматы і яго характарыстыку лідэра тутэйшых гарбузагаловых, які змрочна разглядаў мой твар, —
кажуць, ты — канкрэтны чалавек і не схільны да падлянкі. Таму я прыйшоў сюды і аддаў зброю тваім гракам”.
“Справа ў тым, што ты павінен памерці, — выціснуў з сябе
Касіус. — І ты ведаеш, за што і чаму. Ты забіў аднаго з нашых, а такое мы нікому не даруем. Што скажаш?” “Так, — пацвердзіў я. — Але гэта была самаабарона”.
Ён падумаў нейкі час, свідруючы мяне позіркам. Цёмна-жоўтая скура на яго голым чэрапе і на лбе заблішчэла ад поту.
“Ведаю, што ён быў нікчэмны чалавек, ні на што не варты, жыў на звалцы, але так жывуць многія і таму гэта не мяняе справы”.
“Не я напаў на яго”.
Але Касіус раптам змяніў тэму.
“Адкуль ты? — спытаў ён, — і чаму апынуўся тут?”
“Мяне выслалі, — не стаў маніць я. — Раней жыў у Мегаполісе”. “Здаецца, ты ў сваім жыцці “замачыў” не першага, — у роздуме вымавіў Касіус. — Гэта так?”
“Так, — пацвердзіў я. — Ёсць экзэмпляры, якіх трэба забіваць, але асалоду пры гэтым зведваюць толькі тры адсоткі людзей.
Калісьці я быў на вайне і вызначыў, што не належу да гэтых трох. І я ніколі не забіваю сабак”.
“Няўжо ты думаеш, што я мог аддаць загад знішчыць твайго пса? Што сабачыя дробязі ўласцівыя такому чалавеку, як я?” — узвар’яваўся ён.
“Ні ў якім разе. Але ты не хочаш зразумець, Касіус, што мне нанеслі знявагу — гэта раз, а па-другое, — тая жывёла даверылася і палюбіла мяне”.
Ён нейкі час раздумваў над маімі словамі.
“Я загадаю, каб табе прынеслі новага сабаку”.
“На жаль, — сказаў я, — не магу адказаць табе тым жа”.
“А я не магу памяняць наша паняцце, — прамармытаў ён. —
Калі я гэта зраблю, то могуць вы-рашыць, што я састарэў, саслабеў ці ўвогуле звар’яцеў”.
Ён маўчаў, гледзячы паўз мяне ў нябачную кропку. Я з трывогай адзначыў, што позірк у яго не-чакана стаў зусім ашклянелы, а па твары нібы прабег цень. Раптам ён ускрыкнуў і пачаў марудна абвальвацца долу. У пакой адразу забеглі два ахоўнікі. Яны нерашуча глядзелі, як цела Касіуса сутаргава курчылася, а галава білася аб падлогу. Я ўжо ўсё зразумеў: гэта быў прыпадак падучай, і крыкнуў, каб яго трымалі за ногі, а сам ашчаперыў галаву, каб ён не нанёс сабе якога пашкоджання, і заціснуў яму ў зубы насоўку.
Цяпер я здагадваўся, чаму сцены і падлога былі тут засланыя дыванамі, а на стале не стаяла нічога са шкла.
Хіба не з’яўляецца падучая адным з незлічоных доказаў, раптам прамільгнула ў маёй галаве. Чаму нармальны стан чалавека нечакана, няхай на кароткі тэрмін — дзесяткі секунд, — пераўтвараецца ў нешта злавесна-загадкавае, чаму ні ён сам, ні людзі вакол яго не могуць пасля таго, як прыступ скончыўся, даць тлумачэнне? У якім свеце апынаўся за тыя секунды пакутнік?
Дый, ці пакутнікам ён быў у час гэтага кароткага збою? Кажуць, эпілептыкі спазнаюць у тыя імгненні пачуццё незвычайнага шчасця. Кароткая сувязь з Матрыцай?
Прыступ прайшоў хутка. Праз некалькі хвілін Касіус ачуняў. З рота ў яго яшчэ цякла пена, змешаная са слінай, твар быў сіні, але ў вачах з’явілася паразуменне.
Ён аддыхаўся і запатрабаваў вады і ручнік, пасля чаго з хвіліну сядзеў нерухома.
“Мне патрэбны правільныя людзі, — урэшце сказаў ён, — не педэрасты, а тыя, хто здолее тры-маць у паслушэнстве ўвесь гэты мясцовы хлам. Ёсць два варыянты. Першы: мне не хапае люд-зей. Вось толькі што ў Мегаполісе застрэлілі майго сваяка. Ідзі да мяне, хоць я і лічу цябе чала-векам Маркуса. Але ён прайграе — гэта пытанне часу, а ты, калі будзеш побач са мной, выйгра-еш. Другі: ты плаціш выкуп, бо так сярод нас прынята”.
Я нейкі час маўчаў, абдумваючы яго прапанову, а потым сказаў: “Што ты маеш на ўвазе пад словам “выкуп”, Касіус?” “Мяркую, нас задаволіць дзесяць тысяч крэдытак”.
“Сабака аднойчы выратаваў мяне, — праз паўзу адказаў я. —
Маё ж жыццё асабіста для мяне не мае цаны. Таму я не прымаю ні твой першы варыянт, ні другі. Прабач, Касіус”.