Выбрать главу

“Ну, банкуй як ведаеш. Ты сам выбраў горшае”.

Я падняўся з крэсла.

“І яшчэ, — дадаў ён з прыхаванай пагрозай, — ты пабачыў тут, як мяне круціла. Не раю крычаць пра гэта на вуліцах”.

“Не сумнявайся Касіус, — заспакоіў я яго. — Табе няма чаго саромецца. На тваю хваробу пакутавалі многія вялікія героі мінулага, якія літаральна скаланалі свет: Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, Напалеон”.

Ён не заўважыў у маіх словах іроніі.

“Шкада, — сказаў ён, — што мы разыдземся ворагамі. Са свайго боку я магу зрабіць яшчэ толькі адну ўступку: даць табе на роздум... ну, скажам, тры дні. Гэта ўсё, што я ахвярую. Пасля трох сутак вось на гэтым стале павінен ляжаць “выкуп”.

Я кіўком галавы паказаў яму, што ўсё зразумеў, пасля чаго павярнуўся і пайшоў.

Ахоўнікі паспелі ўжо разабраць маю зброю, якая была ім у навіну, і на маіх вачах зноў спрытна сабралі яе і не без шкадобы вярнулі назад.

Частка VI. СВЯТА

23.

Як я ўжо казаў раней, я ненавіджу мух і “людзей-ценяў”.

Дадам да гэтага і грамадскія святы. Гадоў пяць таму ў Мегаполісе святкавалася стагоддзе нейкай вайсковай перамогі, свята заняло некалькі дзён, на працягу якіх і днём, і ноччу аглушальна білі барабаны і ў неба запускаліся феерверкі, у турмах і лагерах былі аб’яўлены амністыі, а на вуліцы выліліся сотні тысяч людзей, няспынна патрабаваўшых алкагольных напояў і ўсялякіх забаўляльных відовішчаў.

Нешта падобнае адбывалася цяпер у Новым Эдэме — вядома ў меншых маштабах, але ў дас-таткова ўнушальных памерах.

На плошчу раней завезлі вялізную музычную гукаўстаноўку і з раніцы я адразу пачуў зазыўны грукат барабанаў, пасля чаго выйшаў на падворак. Па вуліцы ўжо цягнуліся ў бок цэнтра купкі па магчымасці святочна апранутых людзей, хоць былі сярод іх і звычайныя шлюмперы.

“Яны аб’явілі свята” — сказала Мойра.

“Пакінуць бы іх назаўсёды ў гэты радасны дзень”, — пажадаў я.

“Калі Ёхан Цынк сюды не прыездзе, а гэта так, то я — вольная. А можа, ён ужо бессмяротны?”

“Спадзяюся, ён едзе проста ў пекла. Але ў мяне тут, як ты ведаеш, застаецца адна даволі інфернальная справа: пазнаёміцца з “п’яўкай” і засняць гэты прыемны факт на камеру”.

“І калі ты думаеш гэтым заняцца?” “Заўтра к вечару”.

“А можна, я з табой, Берташ?”

“Не, — адразу і даволі жорстка запярэчыў я. — Адзінае, што я магу табе паабяцаць, Мойра, дык гэта прагляд стужкі потым.

Урэшце, мы нават зробім мантаж разам”.

“Будзь асцярожны, Берташ. Не хачу, каб цябе вылічылі службы бяспекі. І не толькі з-за “п’яўкі”. А яны, пэўна, узнятыя на ногі, бо замешаная нацыянальная ідэя. Гэта ім як цвік у задніцу”.

“Наўрад. Пляваць ім на нейкага сапселага функцыянера.”

“Не зусім так, Берташ. Можа ім сапраўды на яго напляваць, бо зараз у свеце шмат блытаніны, але яны ўжо апрытомнелі і, як лічыць Маркус, дзейнічаюць на ўзроўні інстынктаў.” “А больш дакладна?” — пацікавіўся я.

“Ён кажа, што бясконцыя сцверджанні пра рынкі збыту, барацьбу за нафту, за тэрыторыю, за чыстую ваду — усё гэта пустое і далёкае ад сапраўднай прычыны. А прычына ў ідэалогіі, у “палітруках”. Усе людзі — ворагі і ненавідзяць адзін аднаго, як ваўкі і сабакі, бо яны ад нарад-жэння на розных узроўнях.” “Так, цікава. І што?”

“Той, хто валодае ідэалагічнай парадыгмай і навязвае яе дурной большасці — той і кіруе светам.”

“Бадай, што ён мае рацыю, — сказаў я, — палітрукі з аблытаннымі ідэалогіяй мазгамі замбіруюць большасць, а большасць заўсёды хоча быць менавіта такой, бо не можа інакш.”

“Так. Ён кажа, што хоць “людзі-цені” і ўмела маскіруюцца, іх можна вылічаць па асноўнай прыкмеце: яны апантана ненавідзяць адно — нацыянальную ідэю.” “І знішчаць “палітрукоў”?” “Магчыма”.

“Гэта не жаночая справа.” “А якая жаночая? Нараджаць новых “палітрукоў”?”

Тое, што шматлікія ідэалагічныя аддзелы, якія былі задзейнічаныя паўсюль, нічога не рабілі ў сэнсе маральнасці, а наадварот усяляк разбэшчвалі яе, нішчылі ўсё здаровае і мірна суседнічалі з хлуснёй, бардэлямі, антрапафагіяй — даўно стала нязменнай рэальнасцю і сведчыла хіба што пра суцэльны абсурд. Я даўно ведаў гэта.

Мы нейкі час назіралі за тым, як перасоўваецца ў бок плошчы пакуль яшчэ разбіты на асобныя купкі натоўп, але Мойра раптам моўчкі павярнулася і пайшла ў дом.

“Барбі стаіць у мяне ў вачах, — зноў тужліва сказала яна перад тым, як знікнуь за дзвярыма. — Мне хочацца завыць і закапацца ў якую нару”.

“Можа, мы нікуды не пойдзем?” — спытаў я з надзеяй.

“Я б з задавальненнем засталася тут з табой, але мне трэба пабачыць таварышаў, і да таго ж сёння к вечару пастар Себасцьян будзе гаварыць казань у новым храме. Хіба ты запамятаваў пра гэта?”