Выбрать главу

У віхуры апошніх падзей я сапраўды выпусціў з віду пра маючае адбыцца адкрыццё Храма. Што ж, падумаў я, дзень свята абяцае прынесці і нешта станоўчае.

“Я зараз”, — сказала Мойра.

Я агледзеўся навокал. Краем вока я раз-пораз бачыў Беніту, якая круцілася непадалёку. Было па-ранейшаму спякотна, але вецер са звалак дзьмуў у іншы бок.

“Паслухай, Беніта, — урэшце спытаў я, — куды гэта падзяваліся твае кватаранты? Нешта я іх не заўважаю”.

Дзяўчына адразу апынулася ўсутыч і з гатоўнасцю падтрымала размову. Вусны яе былі нафар-баваныя ярка-чырвоным, а важкія грудзі зазыўна калыхаліся пад сукенкай.

“З’ехалі. Як яны мне надакучылі”.

“І куды? Пацукі недарэмна перабягаюць з аднаго месца на іншае”.

“Хіба яны скажуць? Мяркую, у Мегаполіс”.

“У цябе могуць увогуле адабраць пусты пакойчык. А пасля і той, дзе жывеш. На карысць тых жа мнагадзетных кватарантаў. А то і яны самі да гэтага дадумаюцца”.

“Могуць”, — уздыхнула дзяўчына.

Я ўжо ведаў, што ў паселішчы, дарэчы, як і паўсюль, бязбожна кралі. Скрадзенае перапрадавалася, а на грошы набывалі наркотыкі, ці яны адразу прапіваліся. Часта гэтае скрадзенае, набытае новым гаспадаром — які-небудзь варты жалю хлам — кралі зноўку ўсё тыя ж злодзеі. Урэшце, красці — ужо не лічылася заганай. Мойра расказала мне, што толькі частая прысутнасць у яе жытле Платона (змрочнага і зацятага — яго проста не разумелі, і з-за таго пабойліваліся) стрымлівала ахвотнікаў да чужога.

Чыноўнікі паселішча і ўсё тутэйшае начальства, а таксама мясцовыя крымінальныя аўтарытэты займалі асобныя дамы, часта двухпавярховыя, агароджаныя бетоннымі блокамі і калючым дротам. За астатняе жытло ўвесь час ішла прыхаваная барацьба: моцны і нахабны раз-пораз выжываў слабейшага і з больш лабільнай нервовай сістэмай, як, прыкладам, (калісьці я чытаў пра гэта ў старых кнігах) лісіца выцясняе з нары рупліўцабарсука, не адзін раз там нагадзіўшы.

“Беніта, — звярнуўся я да яе і ўзяў за руку, — здагадваюся, што ты мне хочаш тое-сёе сказаць. Табе нешта замінае?” “Сказала б, але баюся”, — Беніта нерашуча хіхікнула.

“Да цябе звярталіся людзі, якія цікавяцца мной, так?”

Яна нерашуча кіўнула.

“І хто гэта, Бенітачка?” “Яны не гавораць. Іх было двое”.

“Гарбузагаловыя?” “Так”.

“А на свята ты пойдзеш?” “Вядома, пайду”.

“Дык пра што пыталіся ў цябе гарбузагаловыя?” — вярнуўся я да ранейшай тэмы.

“Яны цікавіліся, ці быў ты ўчора дома”. “І што ты ім адказала?” “Сказала, што так — быў”.

Мойра зноў выйшла да мяне, і я спыніў размову. Дый наўрад ці я больш даведаўся пра што істотнае ад Беніты. Я ўзяў Мойру за руку, і мы рушылі ў бок плошчы. Па дарозе нас калі-нікалі абганялі крыклівыя падлеткі на самакатах і рыкшы з мясцовых — схуднелыя, спітыя, але яшчэ здольныя цягнуць двухколку з седаком. Вышчарыўшы рэшткі паражоных карыесам зубоў і прагна глытаючы гарачае, сухое паветра, яны няспешна беглі да цэнтра паселішча, часам крыкам патрабуючы выслабаніць ім шлях. Везлі яны ў асноўным укормленых жаўтаскурых чыноўнікаў альбо іх жонак ці дачок. Апошнія ўжо лічылі ледзь не ганебным хадзіць на ўсялякія святкаванні і гульбішчы пешшу.

“Бачыш, Берташ, — сумна ўсміхнулася Мойра, — варта было паўтара стагоддзя змагацца за светлую будучыню, знішчыць мільёны разумнейшых, каб цяпер так па-ідыёцку вазіць на сабе новых палітрукоў”.

“Якая розніца, калі ўсё навокал — суцэльная пустата, — сказаў я. — Мы з’ездзем куды-небудзь далёка адсюль, да якога возера і будзем сузіраць птушак і чытаць старажытныя кнігі. Плюнь на астатняе”.

Між тым на плошчы ўжо віраваў натоўп. Першымі нас сустрэлі дзесяткі ілжэжабракоў, якія цягнулі рукі да тых, хто праходзіў побач, выпрошваючы міласціну. Многія з іх былі не на жарт скалечаныя сваімі апекунамі, якія, як правіла, заўсёды трымаліся ў зацені: выкручаныя рукі і ногі, адкрытыя гноевікі, на якія ўвесь час зляталіся мухі, знявечаныя твары, выкалатыя вочы. Іншыя наадварот нахабна сядзелі ў інвалідных калясках, трымаючы на шыі шыльды з указаннем псеўдахваробы і патрабаваннем дапамогі, аб якой крычалі і хапалі прахожых за вопратку шматлікія дзеці.

Мноства латкоў, што ў большасці ўяўлялі сабой звычайныя брызентавыя намёты, былі размеш-чаны за ноч па кутках і баках плошчы, а таксама на падыходзе да яе. Акрамя ўсялякіх забаўляльных цацак, прадметаў ужытку, відэадыскаў, як правіла, парнаграфічнага зместу, гас-падарчых прылад, у іх прапаноўваліся гукападручнікі па так званым трансмогу — мове бліжэйшай будучыні. Адпаведная гіганцкая расцяжка вісела над сабранай з жалезных труб сцэнай.