Выбрать главу

Мэр гаварыў яшчэ нешта, але не такое істотнае і абстрагаванае, а пра тое, што непасрэдна ты-чылася нарыхтовак і паставак для патрэб Мегаполіса, пра планы асобных прадпрыемстваў і гаспадарак. Процьмы мух раіліся ў яго над галавой.

ТРАНСМОГ!

Ён выкрыкнуў гэтае слова, нахіліўшыся ўсутыч да мікрафона і ўздзеў угору рукі, урэшце даючы разумець, што яго прамова скончана.

Пасля гучных, хоць і бязладных апладысментаў і адабральных воклічаў слова ўзяла мясцовы сакратар па ідэалогіі.

Так званыя Непажаданыя Падзеі, падкрэсліла яна, не расхістаюць нашу веру ў будучыню, але яны спрычыніліся да шматлікіх негатыўных з’яў у нашым грамадскім жыцці. Аднекуль з сярэднявечча там-сям раптам адраджаюцца ачагі ксенафобіі і агрэсіўнасці да ўспрымання новага светапогляду. Раз-пораз яшчэ ўзнікаюць асобныя заканспіраваныя групоўкі, якія актывізуюцца на глебе нацыяналізму і антыграмадскай дзейнасці. Не зжытыя дагэтуль спробы паранавуковай дзейнасці і расхіствання на гэтай глебе нашай веры ў самае светлае, што чакае, магчыма, ужо заўтра, усіх нас — бессмяротнасць.

Пасля агульнай часткі сваёй прамовы сакратар па ідэалогіі, на твары якой запунсавелі чырвоныя плямы, спынілася на мясцовых праблемах.

Не выяўленыя дагэтуль асобы, казала яна, вывешваюць тамсям у нашым Эдэме варожыя па змесце налепкі сумнеўнага сэнсу і характару, якія хоць ніхто і не чытае, але многія іх бачаць і, выконваючы свой грамадзянскі абавязак, прыносяць у адпаведныя органы. Распаўсюджваюцца бяздоказныя чуткі і прымхі пра тое, што быццам мы ўсе існуём у штучна створаным свеце, пра нейкіх прывідаў, упыроў і цмокаў, адзін з іх, ха-ха, наведвае наша паселішча. Але ім не абверг-нуць нашых уяўленняў і нашага імпэту ў прагрэс, які чакае, нягледзячы ні на што, усё людства.

Мы не абмяжоўваем, казала далей яна, імкнення розных людзей нашай мясцовай супольнасці аб’яднацца па нейкіх рэлігійных вартасцях, дазваляем збірацца ў храмах і нават ствараць іх, хоць разумеем, што рэлігія і вера ва ўсіх нас адна — гэта бессмяротнасць.

На вялікі жаль, учора да нас у Эдэм не здолеў прыбыць выхадзец з нашых мясцін, былы начальнік ідэалагічнага ўпраўлення краіны Ёхан Цынк, са скрухай у голасе паведаміла далей выступоўца. Ён, па ўсёй верагоднасці, трапіў у аўтааварыю, але так як ён быў дзяржаўным кандыдатам на далучэнне да бессмяротнасці, то ёсць надзея на тое, што жыццё яго будзе захавана і нават адноўлена.

Тым не менш, працягвала яна ўжо з ноткамі агрэсіі і злосці, тыя хто саступяць нам шлях цяпер ці ў будучым, будуць вылічаныя, выкрытыя і адпаведна пакараныя. Тут і яна ўскінула руку, узмахнула ёй і віскліва, з ноткамі фанатызму ў голасе выкрыкнула ў мікрафон

ТРАНСМОГ!

Адразу пасля яе выступу на ўзвышша падняўся сябра мясцовай моладзевай суполкі бессмяротнасці (аказваецца, фармальна яна існавала і ў Эдэме) з мэтай узяць слова, што, вядома, было яму адразу дазволена. Гэта быў метыс гадоў трыццаці, з пакатым ілбом, амаль без падбародка і з густымі, чорнымі, бліскучымі на сонцы валасамі, узбітымі ў пышную прычоску, якой ён, пэўна, вельмі ганарыўся. Ён быў апрануты ў форменныя чырвоную кашулю і зялёныя брыджы.

“Калісьці, — гаварыў ён, — большасць людства карысталася кожны свёй мовай. На асобнай мове размаўлялі паміж сабой і былыя мясцовыя жыхары, пакуль яна не зведала апладняючага ўплыву іншых, суседскіх і больш далёкіх моў, каб неўзабаве, у наш час, паступова пераходзіць на трансмог. Як сведчаць нашы навукоўцы, трансмог — мова будучыні, дзе замест слоў будуць ужывацца вобразы, што ва ўмовах бессмяротнасці будзе садзейнічаць больш хуткаснаму мыс-ленню. Але дзеля гэтага трэба паўсюдна ўступаць у нашу дзяржаўную моладзевую арганізацыю, добра працаваць і выяўляць і знішчаць нацыяналістаў”.

І ён таксама выкрыкнуў у канцы сваёй кароткай памовы: ТРАНСМОГ!

Ледзь не апошнім сярод выступоўцаў узяў слова сілавік службы бяспекі. Гэта быў апрануты, нягледзячы на спёку, у баваўняную ўніформу, і абвешаны аксельбантамі мурын. Сонцаахоўныя акуляры хавалі амаль палову яго ільснянага ад поту твару, а калі рот раскрываўся, то былі бачныя жоўтыя бліскучыя залатыя каронкі буйных і вострых зубоў.