Усяляк падтрымаўшы і ўхваліўшы ідэю трансмогу, ён нечакана засяродзіўся на хісткай і, на мой погляд, рызыкоўнай тэме законнасці абрадаў пахавання.
“Часта мы сутыкаемся з тым, — паведаміў ён, — што асобныя групы людзей, якія пражываюць у паселішчы, ужываюць самыя розныя звычаі пахавання памерлых сваякоў. Многія з тых звычаяў становяцца не даспадобы іншым, з-за чаго ўзнікаюць канфлікты, якія калі-нікалі прыводзяць да забойстваў. Па кожным факце натуральнай смерці цяпер вы будзеце абавязаны звяртацца ў муніцыпальны савет па дазвол на пахаванне па сваіх абрадах. Найперш гэта тычыцца тых, хто ўжывае ў ежу сваіх нябожчыкаў. Мы прызнаем, што ў мэтах гігіены і блакавання хвароб і эпідэмій, такія абрады і звычаі цалкам мэтазгодны і будзем даваць на гэта дазвол, пра што хутка выйдзе адпаведны загад, але кожны асобны выпадак будзе спачатку разглядацца намі. Тады ў нашым здаровым грамадстве паменшае розных варожых прымхаў пра ўпыроў, прывідаў, анамальшчыну, пра нейкія цьмяныя доказы, якія быццам сведчаць пра тое, вы толькі падумайце, што нічога навокал і нас таксама, проста не існуе, і ўсё гэта нам толькі мроіцца”.
Ён яшчэ некалькі хвілін гаварыў пра пагрозу прымхаў, чутак, а таксама пра нацыяналаў і іншых парушальнікаў стабільнасці, а потым спыніўся і таксама гучна і з робленай узнесласцю крыкнуў: ТРАНСМОГ!
Пасля яшчэ некалькі напаўафіцыйных выступоўцаў заклікалі прысутных на свяце радавацца жыццю і верыць у непарушную ідэю бессмяротнасці.
Па заканчэнні афіцыйнай часткі свята пачалася забаўляльнамастацкая. На сцэну адзін за другім выходзілі папулярныя спевакі, спявачкі і прытворшчыкі з Мегаполіса. Асобных з іх натоўп сустракаў крыкамі захаплення. Яшчэ праз гадзіну пачаўся гандаль таннымі алкагольнымі напоямі. Там-сям ужо звыкла поўзалі на карачках, дзе-нідзе ўзнікалі бойкі і гэтаксама хутка заканчваліся, у неба ўзляталі і ўзрываліся там с аглушальным трэскам усялякія піратэхнічныя сродкі.
Маю ўвагу прыцягнулі некалькі падпітых цёмнаскурых, якія з гіканнем і смехам мачыліся на асобных прахожых, пераважна жаночага полу. Мойра адразу скіравала ў процілеглы бок, на твары яе чыталіся агіда і пагарда. Гэта не хто іншыя, патлумачыла яна мне, як нашчадкі стара-жытных кафраў з мыса Добрай Надзеі.
Іх тут некалькі, і яны аднавілі своеасаблівы і рызыкоўны звычай сваіх продкаў паліваць мачой тых, каму яны быццам хочуць аказаць найвышэйшыя ўшанаванні.
Мяне зацікавілі некалькі напаўаголеных цёмнаскурых, якія ўвішна поўзалі на карачках. Вакол іх віраваў натоўп. Зблізу гэта аказаліся звычайныя напарстачнікі, што нахабна дэманстравалі прастакам і шматлікім сліперам дробнае старажытнае махлярства. Іх ахоўвалі двое мускулістых мурынаў з тупымі тварамі. Яны ж сачылі за тым, каб ахвяры гульні сплачвалі пройгрыш і не спрабавалі ўцячы.
Убаку ад іх маляўнічая змешаная пара гандлявала так званымі “таблеткамі кахання”. Белая жанчына — невысокая бландзінка, складзеная як цыркавая гімнастка, прапаноўвала жадаючым пілюлі з сумессю аксітацыну і нейкіх узбуджальных сродкаў. Каханне, — сцвярджала яна, — гэта ўсяго толькі біяхімічная рэакцыя, і выклікаць яго могуць адмысловыя хімічныя кампаненты. Адначасова з яе тлумачэннямі напарнік бландзінкі — таўсматы кітаец з сальнымі валасамі, заплеценымі ў чорную касу, якая вісела ў яго ад патыліцы і ніжэй, на спіну, дэманстраваў на відэамагнітафоне рэкламную стужку, у асноўным парнаграфічнага зместу.
Побач, абцяжараны чорнай грыфельнай дошкай, на выгляд сталага веку, індус паказваў матэма-тычныя фокусы, раз-пораз пускаючы сярод разявак капялюш, каб туды кінулі дробных грошай. Ён браў высахлымі жоўтымі пальцамі крэйду і крэмзаў на дошцы лічбу: “9”
“Вось лічба, — казаў ён, — якая ўтрымліваецца ва ўсіх лічбах. Сярод лічбаў ад аднаго да дзевяці іншых сапраўдных няма, а нуль — гэта не лічба. Глядзіце”: 1 х 9 = 9
2 х 9 = 18 (1+8=9)
3 х 9 = 27 (2+7=9)
........
9 х 9 = 81 (8+1=9)
“Менавіта праз дзевяць месяцаў нараджае жанчына і... ўсё такое. Просты прыклад, але хіба не дзіўна?”
Тым, хто пажадае, казаў гэты рызыкоўны дзівак, за самую невялічкую ўзнагароду, нават за ка-валак жытняга хлеба, ён гатовы даступна вытлумачыць знакамітую гіпотэзу Рымана аб простых лічбах. Гіпотэза, сцвярджаў ён (цяпер я ўжо не сумняваўся, што гэта былы навуковец, а цяпер ссыльны), заняла пасля доказу Апошняй тэарэмы Ферма месца галоўнага недаказальнага сцвярджэння ў матэматыцы.