Выбрать главу

Асноўную частку казані пастара Себасцьяна я запісаў на дыктафон надалонніка. Прыводжу яе ў адносна сціслым выглядзе.

“Многія цяпер зададуць сабе пытанне: чаму ў нас з’явіўся ўпыр? Вы думаеце, я буду шукаць прычыну ў шматлікіх грахах, якія пералічу зараз з прыступкі пад нагамі? Заклікаць вас да пакаяння? Да маральнасці?

Не, я не зраблю гэтага, бо вы ўсе даўно вінаватыя хоць і другасна. Упыр не мог не прыйсці і не рабіць сярод вас спусташэння, бо яшчэ стагоддзе назад вы сталі сусветным пасмешышчам, парыямі, струхлымі і слабасільнымі рабамі, якія не могуць выклікаць не толькі павагі, а нават раўнадушша і тым больш страху. Да гэтага часу ў цэнтры былога вашага сумеснага прабывання ляжыць спруцянелы труп, якога калісьці зрабілі святым, і выстройваюцца чэргі, каб укленчыць перад ім і памаліцца яму. Менавіта вашыя апантаныя продкі прынялі рэлігію малых, убогіх, пакладанцаў, баб і брудных дзікуноў, не задумаўшыся над тым, да чаго гэта іх прывядзе. Ужо тады “людзіцені” прагнулі і марылі пра бессмяротнасць і, чакаючы абяцанага хрысціянствам уваскрашэння і вечнага жыцця, складвалі ў храмах і цэнтрах гарадоў і паселішчаў труны з памерлымі; так, у кожнай з іх ляжаў труп, але раз-пораз здаралася, што асобныя непрытомнікі пачыналі наведваць сваякоў, бо ў сваім псеўдажыцці, пэўна, знаходзілі выхад да нашага свету і вярталіся сюды ўпырамі. Так, яшчэ тады, у сярэднявеччы, высвеціліся абсалютна новыя якасці чалавека, прычына і сутнасць якіх хаваецца ад нас у цемры і цяпер, нягледзячы на так званы прагрэс, эвалюцыю і тэхнагенныя распрацоўкі. Але што такое, дарэчы, эвалюцыя? Эвалюцыя павінна абараняць моцных ад ніжэйшага віду і відаў, а інакш мы напаткаем інвалюцыю, што ад-значаецца цяпер, і да нас пачынаюць зноў прыходзіць упыры. Не сустрэўшы сярод нас супраціву, вампір актывізуе сваё псеўдажыццё, высмоктваючы кроў з жывых. Калі біямаса той “п’яўкі” пакоіцца ў зямлі, на глыбіні, то інфернальная сутнасць яго выходзіць на паверхню і імкнецца да нас, каб пакаштавацца нашай энергіяй, паступова набіраючыся моцы і вырастаючы ў памерах ад апельсінападобнага шарыка да трохпяціметровага велікана, што неаднойчы масава фіксавалася ў Еўропе некалькі стагоддзяў назад і адбываецца, як вы бачыце, і цяпер, на вашых вачах.

Што мы ведаем пра наша няшчасце, бяду, якая ў выглядзе цмока завітвае да нас, нашых жанчын і дзяцей? На вялікі жаль, нічога. Мы не ведаем адкуль ён, хто былі яго бацькі, чаму ён калісьці выбіраў з нашых жанчын і апладняў некаторых з іх.

Хітрасцю і пустымі, псеўдавартаснымі размовамі ён раней аблытаў нас і прымусіў не толькі лічыць яго адным з нас, але і для некаторых лепшым, першым, а калі дасягнуў таго, чаго намагаўся, то мы ўжо не бачылі ў ім інкуба. Тупое самаедства стала гаспадаром нашага становішча, а на свет, нібы з пустэчы, выпаўзла ўсё дробязнае, вычварнае, вартае жалю. Хіба не мы з патроенай сілай накідваліся і накідваемся цяпер на нашых лепшых, разумнейшых, больш адукаваных і моцных духам і целам? А хіба не гаварыў нам адзін са старажытных філосафаў: “...свабодны розум — вораг ланцугоў, ненавісны народу, як воўк сабакам”. Страшным Судом адзначыў Творца наша псеўдаіснаванне, і гэты Суд адбываецца з уздзеяннем на нас саміх, бо ўжо большая частка з нас пераўтварылася ва ўпыроў.

Не думайце, што я хачу вас напужаць, гаворачы малазначныя словы ў месцы, якое многія з вас выбралі самі і назвалі Месцам для агучвання Ісціны — гэта не так. Не думайце і таго, што я хачу скіраваць вас на шлях дабрачыннасці, шчасця і справядлівасці, бо нічога гэтага няма і не магло быць. Тое, што нараджаецца на свет у мярзотных параксізмах болю і крыку, павінна само вызначыць, што ёсць дабро і што ёсць зло, не шукаючы гатовых адказаў у брудных, напаўвар’яцкіх, супярэчлівых тэкстах. Адрыньце іх!

Пра што нам сведчыць з’яўленне ўпыра? Па-першае, пра тое, паўтару, што ёсць нейкія абса-лютна нязведаныя для нас якасці чалавека, які жыве ў субматэрыі і, пэўна, сам з’яўляецца такой жа субматэрыяй, хіба што надзеленай свядомасцю, але справа ў тым, што апошняе тычыцца да-лёка не ўсіх. “Людзі-цені” не маюць свядомасці, але вызначыць іх можна, і не толькі па іх адносінах да ўпыроў, якіх яны любяць і абагаўляюць, прыводзяць да іх сваіх сыноў і дачок і ад-даюць апошніх ім на ахвярапрынашэнне.

Усе людзі роўныя! — крычаць нам са сродкаў масавай інфармацыі, — а “чалавек-цень” — гэта выдумка дэсідэнтаў, якія заўсёды былі ворагамі народа”. Але, хто ўжо даўно валодае тымі сродкамі інфармацыі, захапіўшы іх з дапамогай нізасці, хітрасці і хцівасці?