— Спрабаваў, — адказвае Вініць.
Пятроні разрагатаўся й кажа: — Ах ты, здраднік! Нявольнікі хутка разносяць весткі: адбіў ад мяне Хрызатэміс!
Вініць махнуў з нясмакам рукою.
— А ўсё ж дзякую табе, — гаварыў далей Пятроні. — Пашлю ёй пару чаравікаў, нашываных перламі; у маім любоўным лексіконе азначаціме гэта: «Адыйдзі». Маю перад табою доўг падвойнае ўдзячнасці: раз за тое, што не прыняў Эўніку, а другі — што выбавіў мяне ад Хрызатэміс. Паслухай мяне: бачыш перад сабою чалавека, які ўставаў рана, купаўся, банкетаваў, цешыўся з Хрызатэміс, пісаў сатыры, а нат часамі прозу пераплятаў вершамі, але каторы нудзіўся, як цэзар, і часта не ўмеў абараняцца ад пасумных думак. А ці ведаеш, чаму так было? Таму што я шукаў далёка тое, што было блізка… Жанчына-красуня заўсёды варта столькі, колькі сама важыць, але жанчына, якая пры тым кахае, папросту не мае цаны. Таго не купіш за ўсе скарбы Вярэса. А цяпер вось заўсёды кажу сабе так: напаўняю жыццё шчасцем, як чару найлепшым віном, якім абдарыла нас зямля, і п’ю, пакуль не змярцвее рука ды не збялеюць вусны. Што будзе далей, не дбаю. Вось мая найнавейшая філязофія.
— Ты ж прызнаваў яе заўсёды, нічога тут новага!
— Ёсць у ёй змест, якога не было раней.
Сказаўшы гэта, заклікаў Эўніку, якая ўвайшла ў белых строях, залатавалосая, не нявольніца ўжо даўняя, але моў багіня кахання і шчасця. Ён разняў перад ёю рукі і кліча: — Хадзі!
Прыбегла да яго і, сеўшы на каленях, апляла рукамі яму шыю, злажыла галованьку на грудзях. Вініць бачыў, як паволі ружавелі ейныя шчокі, як кунежыліся вочы. Разам у такой позе тварылі чароўную любоўную групу шчаслівых. Пятроні сягнуў рукою да плыткае вазы, стаяўшае на стале вобак, і, загарнуўшы цэлую жменю фіялак, пачаў абсыпаць імі голаў, грудзі й столу Эўнікі, пасля абсунуў туніку з ейных плечукоў і кажа: — Шчаслівы той, хто так, як я, знайшоў каханне, заварожанае ў такія формы… Часамі здаецца мне, што з нас двое багоў… Ну глянь ты сам: ці Праксытэлес, ці Мірон, ці Скопас або Лізыпас стварылі калі цудаўнейшыя лініі? Ці на Паросе або Пантэліконе існуе падобны мармур, цёплы, ружовы, закаханы? Ёсць людзі, што выцалоўваюць берагі вазаў, але я лепш буду шукаць раскошы там, дзе яе сапраўды можна знайсці.
Вымавіўшы гэта, пачаў вадзіць вуснамі па ейных плечукох і шыі, аж дрыготы яе спанавалі, то зачыняла, то адчыняла вочы, поўныя нявыказанае раскошы.
Пятроні па хвіліне падняў стройную галаву і, звярнуўшыся да Вініція, сказаў: — А цяпер падумай, чым ёсць у параўнанні з гэтым твае хрысціяне? І, калі не ўяўляеш розніцы, ідзі сабе да іх… Думаю, гэтае відовішча цябе вылечыць.
Пах кветак, напаўняючы залю, казытаў ноздры Вініція; ён збялеў; каб мог вадзіць так вуснамі па целе Лігіі, была б гэта хіба нейкая святакрадская раскоша, так магутная, што пасля хай бы сабе праваліўся ўвесь свет. Але, прызвычаены ўжо да самааналізу, змеркаваўся, што ў ім дзеецца: і ў гэнай хвіліне думае пра Лігію, толькі пра яе.
— Эўніка, — звяртаецца далікатна Пятроні, — загадай нам, боская мая, прыгатаваць вянкі на галовы ды снеданне.
Як яна пайшла, адзываецца да Вініція: — Маніўся яе вызваліць, а яна ведаеш, што адказала? «Лепей быць тваёй нявольніцай, чым жонкаю цэзара». І не згадзілася. Тады я даў ёй волю міма ведама. Прэтор зрабіў гэта мне так, што непатрэбная была ейная прысутнасць. Яна не ведае аб гэтым, як і не ведае аб тым, што ўсе мае каштоўнасці, за вынікам гэм, ёй належацімуць па маёй смерці.
Тое сказаўшы, устаў, прашпацыраваўся па залі і цягнуў далей: — Каханне пераіншвае адных больш, другіх менш, але пераіншыла й мяне. Калісь раскашаваўся я пахам вервены, а цяпер, калі Эўніка жадае фіялкі, і я палюбіў іх, і вось цэлую вясну дыхаем толькі фіялкамі.
Тут затрымаўся перад Вініціем і выгаворвае яму: — А ты заўсёды гонішся за нардам?
— Адкасніся! — бароніцца юнак.
— Я хацеў, каб ты прыгледзеўся Эўнікі, і кажу табе аб ёй таму, што мо і ты шукаеш далёка таго, што ёсць блізка. Можа, і да цябе рвецца дзе ў тваіх нявольніцкіх кубікулах сэрца вернае і шчырае. Прылажы гэткі бальзам да сваіх ран. Кажаш, Лігія кахае цябе? Быць можа! Але што ж гэта за каханне, якое цябе выракаецца?