Вініць не быў так п’яны, як калісь на банкеце цэзара, дзе была Лігія, але і яго зачаравала і ўпаіла ўсё, што тут чаўплося, авалодала ім жада раскошы.
Выбегшы ў лес, імчаўся разам з іншымі, цікуючы-любуючы, каторая з дрыядаў пакажацца яму прыгажэйшай. Імчаліся перад ім з песнямі й крыкам штораз новыя іхнія статкі, ганяныя фаўнамі, сатырамі, сенатарамі, рыцарамі ды адгалоссем музыкі. Згледзеўшы ўрэшце карагод любак на чале з адною, прыбранаю за Дыяну, скочыў да іх, каб бліжэй прыгледзецца багіні. І нагла сэрца яму замерла ў грудзёх — здалося яму, быццам стаіць перад ім з месяцам на галаве ў арэоле багінькі Лігія.
Малодухны акружылі яго карагодам, а цераз момант, жадаючы, мабыць, заманіць яго ўдагонкі за імі, пусціліся наўцёкі, бы статак сарнаў. Але ён ані дрыгнуў з мейсца, стаяў, сэрца ў ім іграла, замёр оддых, бо хоць пазнаў, што Дыяна не была Лігіяй і зблізку не была нат да яе падобнай, моцнае ўражанне спаралізавала яму сілы. Нараз агарнула яго туга па Лігіі так магутная, якой ніколі яшчэ ў жыцці не меў, і каханне хлынула яму новай хваляй у сэрца. Ніколі яму не выдавалася Лігія больш даражэйшай, нявіннай і так каханай, як у гэным лесе дзікае распусты. Нядаўна сам жадаў піць з гэнае чары і занурыцца ў разнузданасці й бессаромнасці, а цяпер вось напоўніла яго брыдасць і загіджанне. Чуе, як душу ягоную цісне агіда, грудзі шукаюць паветра, а вочы — зорак, не зацененых гушчарою таго страшнага гаю, і вырашыў уцякаць. Але ледзь крануўся з мейсца, забягае дарогу нейкая постаць з захіленаю галавою, хапае даланямі за плечукі яго й пачынае абліваць гарачым шэптам яму твар: — Люблю цябе!.. Хадзі!.. Ніхто нас не ўгледзіць, хутчэй!
Вініць схамянуўся: — Хто ты?
Прытулілася да яго грудзьмі і налягае далей: — Хутчэй! Глядзі, нікога няма, а я цябе люблю! Хадзі!
— Хто ж ты? — паўтараў Вініць.
— Згадай!..
Гэта кажучы, прыціснула праз заслону вусны да ягоных вуснаў, цягнучы адначасна да сябе ягоную галаву, аж урэшце з недахопу паветра адарвала вусны ад яго.
— Ноч кахання!.. Ноч забыцця!.. — гаварыла, ловячы паветра. — Сяння — можна!.. Бяры мяне!..
Вініція той цалунак апёк і напоўніў яго новай абрыдай. Душа і сэрца ягоныя былі не тут, нічога на цалюсенькім свеце для яго не існавала, апрача Лігіі. Дык, адсунуўшы рукою замаскаваную постаць, кажа: — Хто б ты ні была, я кахаю іншую, не хачу цябе.
А яна нахіліла да яго голаў: — Адхілі заслону… Нараз зашапацела лісце недалёкіх міртаў; постаць знікла, як сонная мара, здалёк толькі дакацілася рэха смеху дзіўнага, злавеснага. Перад Вініціем стаяў Пятроні.
— Чуў, чуў і бачыў, — адазваўся.
На гэта Вініць: — Хадзем адгэтуль!..
І пайшлі. Мінулі зіяючыя святлом люпанарыі, гай, ланцуг конных прэторыянаў і знайшлі лектыкі.
— Зайду да цябе, — кажа Пятроні.
Селі разам у лектыку. Усю дарогу маўчалі. Аж толькі ў атрыюме Вініціевага дому Пятроні адазваўся: — Ці ведаеш, хто гэта быў?
— Рубрыя? — спытаў, сцяпянуўшыся на ўспамін, што Рубрыя была вясталкай.
— Не.
— Дык хто?
Пятроні зніжыў голас: — Агонь Весты зняслаўлены, бо Рубрыя была з цэзарам. А з табою гаварыла… Тут дакончыў яшчэ ніжэй: — Дзіва аўгуста.
Настала маўчанне.
— Цэзар, — кажа далей Пятроні, — не ўмеў перад ёю ўтоіць сваёй жады да Рубрыі, дык няйначай хацела адпомсціцца, а я перашкодзіў вам таму, што калі б, пазнаўшы аўгусту, адвярнуўся ад яе, дык згінуў бы без ратунку. Ты, Лігія, а можа, і я.
Вініць ускіпеў: — Агорклі мне вашы банкеты, Рым, цэзар, Тыгэлін, аўгусты ды вы ўсе! Я душуся! Не магу тут жыць! Не магу! Разумееш мяне?
— Траціш голаў, меру, толк!.. Вініць!
— Кахаю яе адну ў свеце!
— Ну дык што?
— Дык не хачу іншага кахання, не хачу вашага жыцця, вашых баляў, вашае бессаромнасці й вашых злачынстваў!..
— Што з табою? Ці не хрысціянін ты?
А юнак ашлапіў даланямі голаў і паўтараў, як бы з роспачы: — Яшчэ не! Яшчэ не!
XXXII
Пятроні ішоў дадому, паціскаючы плячыма і моцна незадаволены.
Сцяміў цяпер і ён, што перасталі з Вініціем разумецца, што душы іхнія разыйшліся зусім. Калісь Пятроні меў на маладога ваяка вялікі ўплыў. Ува ўсім быў для яго ідэалам, і часта некалькіх іранічных слоў ягоных даволі было, каб ад чаго-небудзь Вініція паўстрымаць або да чаго заахвоціць.