Сяння з таго не засталося й заваду так далёка, што Пятроні не спрабаваў нат даўніх спосабаў, чуючы, што ягоная дасціпнасць ды іронія саслізнуцца без выніку з новых наслаенняў, якія на душу Вініція налажыла каханне й сутычнасць з таёмным хрысціянскім светам. Дазнаны скептык зразумеў, што згубіў ключ да гэнай душы. Вось гэта выклікала ў ім незадавальненне, а нат і трывогу, уздвоеную шчэ здарэннямі апошняе ночы. «Калі прымха аўгусты ёсць трывалай жадою, — разважаў Пятроні, — дык будзе адно з двух: або Вініць спакусіцца і можа, папаўшыся, згінуць, або (і гэта больш верагодна) упрэцца, і ў такім выпадку згуба ягоная немінучая, а з ягонай, можа быць, і мая, хоць бы й дзеля таго, што ён мой сваяк, ды што аўгуста, зненавідзеўшы ўсю нашу радню, перакіне вагу свайго ўплыву на бок Тыгэліна…» І так і гэтак было дрэнна. Пятроні быў чалавекам адважным і смерці не баяўся, але, нічога ад яе не спадзеючыся, не хацеў яе выклікаць. Пасля доўгай надумы вырашыў: найлепш і найбеспячней будзе выслаць Вініція з Рыму ў дарогу. Ах, каб мог даць яму Лігію ў дарогу на дадатак, даў бы з радасцю! Але й так спадзяваўся, што не надта цяжка будзе яго намовіць. Тады распусціў бы на Палатыне вестку пра хваробу Вініція і аддаліў бы ад яго небяспеку дый ад сябе. Аўгуста хіба ж не ведала, ці Вініць пазнаў яе; магла думаць, што не, дык самагоднасць не надта ўцярпела. Інакш, аднак, магло быць у будучыні, і трэба было б забяспечыцца. Пятроні перадусім маніўся справу адвярнуць, бо меркаваў, што калі цэзар раз ужо рушыць у Ахайю, тады Тыгэлін, прафан мастацтва, сыйдзе на другі план і страціць уплыў… У Грэцыі Пятроні не меў сабе канкурэнтаў.
Прымеж таго пастанавіў мець вока над Вініціем і заахвочваць яго ў дарогу. Праз колькінаццаць дзён разважаў нат аб тым, што, калі б выстараўся ў цэзара эдыкт і выгналі хрысціян з Рыму, дык Лігія пойдзе разам з іншымі вызнаннікамі Хрыста, а за ёю і Вініць. Тады ўжо непатрэбна будзе й намаўленне.
А сама справа была магчымай. Гэта ж не так яшчэ даўно, калі жыды паднялі забурэнне з нянавісці да хрысціян, цэзар Клаўдый, не ўмеючы адрозніць адных ад другіх, выгнаў жыдоў. Дык чаму б Нэрон не выгнаў хрысціян? У Рыме было б вальней. Пятроні пасля таго «плаваючага банкету» часта спатыкаўся з Нэронам і на Палатыне, і ў іншых дамох. Падсуліць яму падобную думку было лёгка, бо цэзар не ўпіраўся ніколі злыбедным ці шкодным на каго нагаворам. Раздумаўшы добра, Пятроні ўлажыў сабе цэлы план. Вось жа, запросіць цэзара на прыгатаваны ў сябе банкет і на ім схіліць яго, каб выдаў эдыкт. Спадзяваўся нат, што цэзар даручыць яму выкананне. Тады б выправіў Лігію з належным каханцы Вініціевай гонарам і спагадай, напрыклад, у Байэ, і хай бы там сабе кахаліся й гулялі ў хрысціянства колькі заўгодна.
Тым часам часта адведваў Вініція, раз дзеля таго, што пры цэлым сваім рымскім эгаізме не мог адвыкнуць ад яго, а па-другое — каб набухторваць яго ў дарогу. Вініць прыкідваўся хворым і не паказваўся на Палатыне, дзе штодня радзіліся іншыя намеры. Некаторага дня Пятроні чуе ўрэшце ад самога цэзара станоўкі загад, што цераз тры дні выбіраецца ў Анцыюм, і зараз назаўтра пайшоў паведаміць аб гэтым Вініція.
А той паказвае яму спіс асобаў, запрошаных да Анцыюма, які рана прынёс яму цэзараў вызвольнік.
— Ёсць тут і маё прозвішча, — кажа, — ёсць і тваё. Вярнуўшыся, застанеш такі самы й дома.
— Каб мяне не было між запрошанымі, — адказаў Пятроні, — дык значыла б, што трэба памерці, але не спадзяюся гэтага перад выездам у Ахайю.
Буду Нэрону занадта патрэбны.
Пасля, перагледзеўшы спіс, адзываецца: — Нядаўна вярнуліся ў Рым, ды вось зноў трэба развітацца з ім і цягнуцца да Анцыюма. Але трэба! Бо гэта не толькі запросіны, гэта адначасна й загад.
— Ну а каб хто не паслухаў?
— Атрымаў бы іншага роду позву: каб выбіраўся ў значна далейшую дарогу, у такую, з якое ўжо не вернецца. Ой, шкада, што не паслухаў ты мае рады й не выехаў, пакуль было льго! Цяпер мусіш ехаць да Анцыюма.
— Цяпер мушу да Анцыюма… Бач, во ў якіх мы часах жывем і якія мы нявольнікі!
— Гэта аж толькі сяння ты скеміў?
— Не. Але, бач, ты ж мяне пераконваў, што хрысціянская навука ёсць непрыяцелькай жыцця, бо яго быццам звязвае. А ці ж могуць быць путы цвярдзейшыя, чым тыя, што мы носім? Кажаш, Грэцыя дала мудрасць і красу, а Рым — сілу. Дзе ж наша сіла?
— Закліч сабе Хілона, не маю сяння ахвоты філязафаваць. На Геркулеса! Не я спрычыніў гэтыя часы, і не я за іх буду адказным. Гаворам пра Анцыюм. Ведай, што чакае цябе там вялікая небяспека, лепш бы мо было табе здужацца з тым Урсусам, што задушыў Кратона, чым туды ехаць, а аднак не можаш не ехаць.