Выбрать главу

Вініць махнуў рукою й кажа: — Небяспека! Мы ўсе блукаемся ў поцьме смерці, і кожны момант чыянебудзь галава занураецца ў той цьме.

— Вылічаціму табе ўсіх, што мелі крыху розуму, і дзеля таго няма часаў Тыбэрыя, Калігулы, Клаўдыя, якія дажылі васьмідзесятых або дзевяцьдзесятых гадоў. Вазьмі, напрыклад, такога Даміцыя Афра. Ён жа спакойна састарэўся, хоць цэлае жыццё быў злодзеем і злыднем.

— Можа, дзеля таго! Можа, менавіта дзеля таго! — адзначыў Вініць.

Потым узяў спіс і пачаў вылічаць: — Тыгэлін, Ватыній, Афрыканскі Сэкст, Рэгул Аквілін, Сулій Нэрулін, Эпр Марцэл і ім падобныя! Банда злыдняў і канярэзаў!.. І сказаць, што яна валадарыць светам!.. Ці не лепш ім было б абвозіць якое егіпскае ці сірыйскае боства па мястэчках, бандурыць у сіністры і зарабляць на хлеб варажбою ці скокамі, галабокам?..

— Або вадзіць малпы на матузе, сабак, што ведаюць лік, ці асла з дудою, — дадаў Пятроні. — Усё гэта праўда, але гаворам аб важнейшых рэчах. Вазьмі лоб у жменю і слухай: сказаў я на Палатыне, што ты хворы й не можаш выходзіць з дому, прымеж таго, прозвішча тваё ў спісе стаіць, гэта значыць, хтосьці не паверыў маёй інфармацыі і пастараўся цябе ўпісаць знарок. Нэрону ты не патрэбны, бо аб цыркавым гайсанні з табою, вайсковым, гаварыць не будзе, а аб музыцы й паэзіі ты не маеш паняцця. Вось жа, упісала цябе няйначай Папея, а гэта значыць, ейная похаць не была пералётным аганьком, яна жадае цябе здабыць.

— Адважная з яе аўгуста!

— Адважная іставетна, бо можа цябе згубіць без ратунку. А бадай бы Венус натхніла яе іншым каханнем, але пакуль ёй хочацца цябе, мусіш быць вельмі асцярожным. Рудабародаму яна ўжо забрыднела, жадае сяння ўжо Рубрыю або Піфагора, але праз уласнае сабетніцтва спагнаў бы мсту на вас.

— У гаю я не ведаў, што гэта яна да мяне прыставала, але ж ты падслухоўваў і ведаеш, што я адказаў ёй — кахаю іншую, не хочу яе.

— Заклінаю цябе на ўсе багі, не губі тае крошкі толку, якую табе йшчэ хрысціяне пакінулі. Як можна сумнявацца, маючы выбар між згубаю праўдападобнаю і пэўнаю? Ці ж я табе ўжо не казаў: калі зраніш самагоднасць аўгусты, няма ратунку? На Гадэс! Калі табе жыццё згоркла, дык лепш падрэж сабе зараз жылы або кінься на меч, бо як абразіш Папею, спаткае цябе смерць менш лёгкая. Калісь прыемна было з табою гутарыць! Пра што табе фактычна расходзіцца? Ці цябе кавалак адбудзе? Ці табе гэта перашкодзіць кахаць тваю Лігію? Памятай пры тым, што Папея бачыла яе ў Палатыне, і не цяжка будзе ёй здагадацца, для каго адпіхаеш так высокія ласкі. А тагды выцягне яе хоць з-пад зямлі. Згубіш не толькі сябе, але й Лігію! Зразумеў?

Вініць слухаў, як бы думаючы аб чым іншым, урэшце кажа: — Я мушу бачыцца з ёю.

— З кім? З Лігіяй?

— З Лігіяй.

— А ведаеш жа, дзе яна?

— Не.

— Дык пачнеш зноў шукаць яе па старых магільніках ды на Затыбры?

— Не ведаю, але мушу яе бачыць.

— Добра. Хоць яна хрысціянка, але можа аказацца разважнейшай за цябе, а акажацца напэўна, калі не хоча твае гібелі.

Вініць паціснуў плячыма.

— Выратавала мяне з Урсусавых рук.

— Дык спяшайся, Рудабароды бо выезду адкладаць не будзе. Прысуды смерці можа выдаваць і з Анцыюма.

Але Вініць не слухаў. Напаўняла яго толькі адна думка — пабачыцца з Лігіяй, дык пачаў разважаць аб спосабах. Тым часам здарылася нагода, якая магла адхіліць усе цяжкасці. Назаўтра прыходзіць неспадзявана Хілон. Прыйшоў замораны і абдзёрты, з воўчым голадам уваччу. Служба аднак, маючы даўнейшы загад пускаць яго ў дом кажнай парою дня і ночы, не смела яго затрымоўваць, так што ўвайшоў проста ў атрыюм і, затрымаўшыся перад Вініціем, вітае: — Хай багі дораць цябе несмяротнасцю і дзеляцца з табою ўладаю над светам!

Вініць спершку меў ахвоту выкінуць яго за дзверы, але падаспела думка, што грэк мае звесткі пра Лігію, і цікавасць змагла абрыду.

— Гэта ты? — спытаў. — Што з табою дзеецца?

— Дрэнна, сынку Ёвіша, — адказвае Хілон. — Сапраўдная цнота — гэта сяння тавар без попыту, і сапраўдны мудрэц мусіць быць рад і з таго, калі мае за што раз на пяць дзён абгладаць баранюю лабаціну на паддашшы, запіваючы слязьмі. Ах, спадару! Усё, чым ты мяне абдарыў, выдаў на кніжкі ў Атракта, а потым абакралі мяне, знішчылі: нявольніца, што мелася спісваць маю навуку, уцякла, забраўшы астанкі. Жабрак я, але падумаў сабе: да каго ж пайду, калі не да цябе, Сэрапісе, якога люблю, абагаўляю і за якога жыццём стаю!

— Чаго ж прыйшоў ды што прынёс новага?

— Па ўспамогу, Баалю, а прыношу табе маю нэндзу, мае слёзы, маю прывязанасць і ўрэшце весткі, якіх з любасці да цябе назбіраў. Памятаеш, спадару, што я табе калісь казаў, як адступіў нявольніцы боскага Пятронія адну нітку з пояса Венеры з Пафоса?.. Даведваўся цяпер, ці ёй дапамагло, і ты, сыну сонца, блізкі тамтэйшаму дому, ведаеш, кім ёсць Эўніка. Маю яшчэ адну такую нітку. Захаваў яе табе, спадару.