Тут замоўк, спанатрыўшы гнеў у нахмураных бровах Вініція, і, хочучы ўпярэдзіць гром, пачаў хутка з другое бочкі: — Ведаю, дзе жыве боская Лігія, пакажу табе дом і завулак.
Вініць паўстрымліва пытае: — Дзе ж яна?
— У Ліна, старшага святара хрысціян. Яна там разам з Урсусам, а той па-ранейшаму ходзіць на працу да млынара, які завецца так, як твой вызвольнік, спадару, Дэмас… Так, Дэмас!.. Урсус працуе начамі, дык на тую прыгоду можа яго не быць… Лін стары… а ў доме, апрача яго, ёсць толькі яшчэ дзве пажылыя жанчыны.
— Скуль гэта ўсё ведаеш?
— Памятаеш, спадару, як хрысціяне мелі мяне ў руках і ашчадзілі. Глаўк памылкова думае, быццам я спрычыніў яму няшчасце, але, кажу, ашчадзілі мяне!
Дык няма дзіва, што ўдзячнасцю напоўнілася маё сэрца. Я чалавек з даўных лепшых часаў. Вось жа, падумаў сабе: не гадзіцца заняхаць сваіх прыяцеляў і дабрадзеяў. Ці ж не было б грубасцю з майго боку, каб ніколі не папытаў пра іх, не праведаў, што дзеецца з імі, дзе жывуць ды як здаровыя? На Пасінунцкую Цыбулу! Не я да гэтага здольны. Устрымоўвала мяне спачатку гадка, каб не зразумелі пахібна маіх намераў. Але міласць, якую я меў да іх, аказалася большай за сумнівы, а злашча дадала мне льгі іхняе лёгкае сэрца, з якім прабачаюць усе крыўды. Перад усім, аднак, думаў аб табе, спадару. Апошняя нашая выправа скончылася няўдачаю, а ці ж толькі сын Фартуны можа пагадзіцца з гэнай думкай? Дом стаіць наўзбоччы. Магчымеш яго акружыць нявольнікамі, што і мыш не выслізнецца. Эй, спадару, спадару! Захаці толькі, а йшчэ сянняшняй ночы тая вялікадушная князёўна будзе ў тваім доме. Але, калі гэтак станецца, не забудзь, што прычыніўся да таго бяздольны галодны сын майго бацькі.
Кроў хлынула Вініцію ў голаў. Спакуcа раз яшчэ ўздрыганула ягонай істотай. Так! Гэта быў спосаб, і гэтым разам спосаб пэўны. Хай раз урэшце здабудзе Лігію, хто ж яе ў яго здолее адняць? Хай раз урэшце Лігія станецца ягонай каханкай, нічога іншага ёй не застанецца, як быць ёю назаўсёды! Паляндра бяры тады ўсе навукі! Што яму тады значыцімуць хрысціяне разам з іхняй міласэрнасцю і пасумнаю верай! Ці ж не пара атрахнуцца ўжо ад гэтага ўсяго?
Ці ж не пара пачаць жыць, як усе жывуць? Што рабіціме Лігія, як узгодніць сваю долю з сваёю навукай, дык таксама няважна. Гэта ўсё дрэнь! Важней за ўсё тое, што яна будзе ягонай ды яшчэ сяння. А гэта йшчэ пытанне, ці ў ейнай душы астоіцца тая навука, як пакаштуе новага жыцця, новае раскошы й настрояў, якім мусіціме паддацца? А стацца гэта можа яшчэ сяння. Даволі затрымаць Хілона і выдаць на змярканні загады. І потым — раскоша бясконцая! «Бо чым было маё жыццё? — гадаў Вініць. — Ныдзеннем, няўгашанай жадою, безадказным пытаннем». Такім спосабам ператне гэта і — канец усяму. Прыгадаў сабе, праўда, што даў ёй слова не падымаць на яе рукі. Але на што ж прысягаў? Не на багоў, бо ў іх ужо не верыў, не на Хрыста, бо ў Яго яшчэ не верыў. А калі б пачувалася пакрыўджанай, звянчаецца з ёю і такім чынам аплаціць ёй крыўду. Так! Мусіціме гэта зрабіць, бо яна ж уратавала яму жыццё. Тут у памяці той дзень, калі з Кратонам зрабіў на яе напад; вачамі ўявы ўгледзеў над сабою гіганцкі кулак Урсуса ды ўсё, што было потым. Уявіў яе над сваёю пасцеллю, у нявольніцкай вопратцы, прыгожую, моў боства, песлівую, раздобраную. Вочы ягоныя мімахоць пабеглі ў лярарыюм, дзе той крыжык-памятка. Няўжо за ўсё гэта адплаціць ёй новым нахабствам? Няўжо цягаціме яе за косы ў кубікулюме, бы нявольніцу? Ён патрапіць гэта зрабіць, ён, што не толькі пажадае, але й кахае яе, а кахае за тое менавіта, што яна такая, а не інакшая? І нагла зразумеў, што мала яе мець дома ды моцна прытуляць, ягонае каханне хоча нечага болей, хоча ейнае згоды, ейнае душы, ейнага кахання. Шчаслівы гэны дах, калі яна ўвойдзе пад яго дабраахвотна, шчаслівы дзень той, шчаслівае жыццё! Тады шчасце абаіх будзе як мора безбярэжнае, як сонца. Узяць яе сіламоц — гэта значыла б навекі забіць такое шчасце, сплюгавіць, загідзіць тое, што найдаражэйшае ў жыцці, наймілейшае.
Жудзь праняла яго на ўспамін аб гэтым. Зірнуў на Хілона, які, вытрашчыўшы на яго вочы, чухаўся пад лахманом неспакойна. Парвала яго страшэнная абрыда й жада растаптаць нагою такога дарадчыка, як гада. Маланкай бліснула воміг у гарачай суровай рымскай галаве думка: — Не зраблю гэтага, што мне суліш, а каб не адыйшоў ты без адплаты, на якую заслужыў, загадаю зараз дамавым эргастулам даць табе трыста розаг.