Выбрать главу

— Будзь слава іменю Ягонаму навекі!

— Бачыў я вашу сумленнасць і дазнаў дабрыні, дык прыходжу як прыяцель.

— І паздраўляем цябе як прыяцеля, — адказаў Пётр. — Сядай і падзялі з намі хлеб-соль, як госць.

— Сяду і падзялю з вамі хлеб-соль, анно перш выслухайце мяне ты, Пётра, і ты, Паўле з Тарсу, каб пазналі шчырасць маю. Ведаю, дзе знаходзіцца Лігія, іду з-пад дома Лінуса, суседняга тут. Маю права ад цэзара забраць Лігію, маю ў горадзе каля пяцісот нявольнікаў; мог бы акружыць ейнае прытулішча ды схаваць яе, аднак, бачыце, не зрабіў я гэнага й не зраблю.

— Хай Бог багаславіць цябе за гэта й ачысціць тваё сэрца, — сказаў Пётр.

— Дзякую табе, але паслухайце мяне далей: не даканаў я таго, хоць жыву з пакутаю страшэннаю і тугою. Упярод, як яшчэ не ведаў я вас, быў бы напэўна забраў яе і затрымаў сіламоц, але вашая цнота й навука, хоць яе не прызнаю, змяніла мне душу так, што не адважваюся ўжо на гвалтоўнасць.

Сам не ведаю, чаму так сталася, але так ёсць! Вось жа прыходжу да вас: дайце мне яе за жонку, а я прысягну вам, што не толькі ёй не забараню вызнаваць Хрыста, але і сам вучыцімуся Ягонай навукі.

Гаварыў, трымаючы высока голаў, голасам станоўкім, але быў, аднак, расчулены, і ногі пад паласатаю накідкаю дрыжалі, а як па словах ягоных настала маўчанне, пачаў гаварыць далей, як бы маніўся ўпярэдзіць непамысны адказ: — Ведамы мне перашкоды, але кахаю яе, даражэй мне яна за ўласныя вочы, і хоць я яшчэ не хрысціянін, непрыяцелем не буду ні вашым, ні Хрыстовым. Хачу перад вамі быць у праўдзе, каб маглі мне верыць. Гавару вам праўду, хоць магу гэта прыплаціць жыццём. Іншы сказаў бы мо: «Ахрысцеце мяне!» — я кажу: «Асвяцеце мяне!» Веру, што Хрыстус уваскрос, бо аб гэтым сведчаць людзі, якія жывуць праўдай, якія бачылі Яго па смерці. Веру, бо сам бачыў, як вашая навука плодзіць цноту, справядлівасць і міласэрнасць, а не злачынства, за якое вас чэрняць. Мала яе дагэтуль пазнаў. Балазе ад вас, з вашых учынкаў, балазе ад Лігіі ды з гутарак з вамі. Адыж, кажу вам: і ўва мне штосьці яна ўжо змяніла. Трымаў я даўней у жалезнай руцэ маю службу — цяпер не магу. Не ведаў літасці — цяпер ведаю. Раскашаваўся распустаю — цяпер уцякаю з ставу Агрыпы, бо ўва мне сэрца бурылася ад абрыды. Даўней верыў у нахабства — сяння яго выракаюся. Паверце, сам сябе не пазнаю, абрыдлі мне банкеты, абрыдла віно, песні, вянкі й цытры, абрыдзеў двор цэзара, і нагасць балаўніц, і ўсе буянствы.

А як уяўлю сабе, што Лігія бы снег у гарах, дык тым больш яе кахаю; а як падумаю, што навука ваша робіць яе такою, дык мілую і гэну навуку і жадаю яе! Але ж не разумею яе, не ведаю, ці магчыму ёю жыць, ці стрывае яе мая ўдача, дык і жыву ў няпэўнасці й пакутах, не раўнуючы як у цямніцы.

Тут бровы яму насупіліся болем, зачырванеўся твар, гаварыў далей нервова, з большым уздымам: — Бачыце! Пакутую з кахання і змуроку. Казалі мне, што ў вашай навуцы не астоіцца ні жыццё, ні людская радасць, ні шчасце, ні права, ні парадак, ні ўлада, ні рымскае валадарства, няўжо гэта так? Казалі мне, што вы шалёныя людзі; скажэце, што прыносіце нам? Ці каханне ёсць грахом? Ці адчуванне радасці ёсць грахом? Ці жаданне шчасця ёсць грахом? Ці вы — непрыяцелі жыцця? Ці хрысціянін мусіць быць абавязкова жабраком? Ці канчаткова мушу выракацца Лігіі? Якая ваша праўда? Учынкі вашы і словы празрыстыя, бы крынічная вада, але якое ж дно тае вады? Бачыце хіба маю шчырасць.

Разжанеце туман! Бо мне казалі яшчэ й тое: «Грэцыя стварыла мудрасць і красу, Рым — моц, а яны што прыносяць?» Дык скажэце, што прыносіце?

Калі за дзвярыма вашымі ёсць яснасць, дык адчынеце мне.

— Прыносім любоў, — адказаў Пётр.

А Павал з Тарсу дадаў: — Калі б гаварыў мовамі людскімі й анёльскімі, а любові б не меў, быў бы як медзь бразготная… Расчулілася сэрца старога Апостала над душою ў пакутах, якая, моў птушына, замкнёная ў клетцы, рвалася на паветра й сонца, дык выцягнуў да Вініція рукі й сказаў: — Хто стукае, адчыніцца яму, і ласка Госпадава ёсць над табою, дык багаслаўляю цябе, тваю душу ды тваё каханне ў імя Збавіцеля свету.

Вініць, які й без таго быў пад уражаннем, пачуўшы багаславенства, падскочыў да Пятра, і вось сталася рэч нявіданая: нашчадак гордых квірытаў, які нядаўна не прызнаваў чужынца за чалавека, хапіў рукі старога галілейчыка й пачаў з удзячнасцю цалаваць.

Уцешыўся й Пётр, бо зразумеў, што ягонае зерне зноў упала на адзін загон больш, што ягоная рыбацкая сець загарнула зноў адною душою больш.

Прысутныя, не менш уцешаныя гэным яўным знакам пашаны для Божага Апостала, адазваліся ў адзін голас: — Хвала Табе, Божа, на небе!