Выбрать главу

— Ані думаю! І волас не спадзе мне з галавы!

— Калі думаеш яшчэ раз мяне здзівіць, дык дарэмная натуга, але скуль маеш такую пэўнасць?

— Заручыў мне гэта Апостал Пётр.

— А! Казаў табе гэта Апостал Пётр! На гэта няма аргументу; дазволь мне, аднак, дарадзіць табе пэўную асцярожнасць хоць бы й дзеля таго, каб Апостал Пётр не аказаўся хвальшывым прарокам, бо калі б Апостал Пётр прыпадкам памыліўся, страціў бы ў цябе давер, які яшчэ напэўна Апосталу Пятру прыдасца.

— Гавары, што хочаш — я яму веру! І калі манішся мяне да яго знеахвоціць, іранічна паўтараючы ягонае імя, дык памыляешся.

— Дык яшчэ адно пытанне: ці ты ўжо стаўся хрысціянінам?

— Дагэтуль — не, але Павал з Тарсу едзе са мною і выкладаціме мне навуку Хрыстову, а пасля прыйму хрост, бо тое, што ты казаў, быццам яны непрыяцелі жыцця, ёсць няпраўдай.

— Дык тым лепш для цябе й для Лігіі, — адказаў Пятроні, па чым, даючы знак здзіўлення, гаварыў як бы сам сабе: — Дзівосная рэч, як тыя людзі ўмеюць здабываць вызнавальнікаў, і як тая сэкта шырыцца!

Вініць падхоплівае з запалам, годным сапраўднага хрысціяніна: — Так! Тысячы, дзесяткі тысяч ёсць у Рыме, у гарадох Італіі, Грэцыі й Азіі. Ёсць хрысціяне ў легіях, сярод прэторыянаў, ёсць і ў самым палацы цэзара. Вызнаюць гэтую навуку нявольнікі й грамадзяне, бедныя й багатыя, плебс і патрыцыят. Няўжо не ведаеш, што й некаторыя Карнэліюсы таксама хрысціяне, што хрысціянкай ёсць Пампонія Грэцына, што была ёю, падобна, Актавія, а ёсць Актэ? Так, гэта навука авалодвае свет, і яна адна можа яго адрадзіць. Не паціскай плячыма, бо хто ведае, ці за месяц або за год сам яе не прыймеш.

— Я? — наставіўся Пятроні. — Не, на сына Леты! Я не прыйму яе, хоць бы ў ёй была мудрасць людская й боская… Гэта вымагала б працы, а я не люблю натугі… Гэта вымагала б самаадрачэння, а я не люблю ў жыцці чагонебудзь зракацца. З тваёй натурай, падобнай да агню й вару, заўсёды магло штось падобнае прыдарыцца, але я? Я маю свае гэмы, свае камэі, свае вазы і сваю Эўніку. У Алімп не веру, але яго сабе ўладжваю на зямлі, і буду цвісці, пакуль не праніжуць мяне стрэлы боскага лучніка або пакуль цэзар не загадае падрэзаць сабе жылы. Да таго люблю яшчэ пах фіялкаў і выгодны трыклініюм, люблю нат нашых багоў як рытарычныя фігуры і Ахайю, куды выбіраюся з нашым трыбухатым, танканогім, незраўняным, боскім цэзарам, аўгустам, Перыяданіцэсам, Геркулесам, Нэронам!

Гэта выгаварыўшы, падгумарыўся на сам толькі ўспамін, што мог бы прыняць навуку галілейскіх рыбакоў, і пачаў паўголасам падспёўваць:

Ухарашу я ў міртовую зелень мой меч Ў Гармадыёса й Арыстагітана след…

Але перарваў, бо дакладчык звясціў прыход Эўнікі. Незабаўна падалі й вячэру, падчас якое пасля некалькіх песень, адпяяных цытрыстам, Вініць расказваў Пятронію пра адведзіны Хілона, пра крывавую расправу з ім, пра зроджаны падчас тае расправы намер ісці проста да Апостала. На гэта Пятроні, зноў сонны, ударыўшы сябе ў лоб, сказаў: — Думка была добрая, калі вынік добры. А што да Хілона, дык я даў бы яму залатнікоў з пяць, а калі жадаў бы адсцёбаць, дык трэ было і ўвогуле засцёбаць, бо хто ведае, ці не будуць яму яшчэ кланяцца сенатары, як сяння кланяюцца нашаму рыцару-шаўцу Ватынію. Дабранач!

І, паздымаўшы вянкі, пачалі разам з Эўнікай збірацца дамоў, а як выйшлі, Вініць засеў у бібліятэцы і так пісаў да Лігіі: «Хачу, каб пісьмо гэта, як толькі адкрыеш твае цудоўныя вочы — о боская! — сказала табе: добры дзень! Таму сяння пішу, хоць узаўтра бачыцімемся.

Цэзар да Анцыюма выязджае пазаўтра, і я — эгэў! — мушу з ім ехаць. Я ж ужо тлумачыў табе, што не паслухаць — гэта смерць, а я цяперака не меў бы адвагі памерці. Але, калі ты не хочаш, напішы слоўца, дык застануся, а Пятроні старацімецца адвярнуць як-небудзь небяспеку. Сяння ў радасным дню я раздаў падарункі ўсім нявольнікам, а тых, што праслужылі ў маім доме дваццаць гадоў, завяду ўзаўтра да прэфекта і вызвалю. Ты, любка, павінна гэта пахваліць, бо гэтага вымагае твая салодкая навука, а па-другое, зрабіў гэта для цябе. Скажу заўтра, што ты ім дала вольнасць, хай табе дзякуюць і славяць імя тваё. Сам затое аддаюся ў няволю шчасцю й табе, і бадай бы ніколі не дачакаўся вызвалення!

Пракляты той Анцыюм і Агенабарбава выправа! У тры-чатыры столкі шчаслівейшы я, што не такі эрудыт, як Пятроні, бо, можа, мусіў бы ехаць у Ахайю. Тым часам часіны гэнае разлукі саладзіціму сабе ўспамінамі аб табе. Калі магчыму вырвацца, асядлаю каня і прыскочу ў Рым, каб вочы нацешыць тваім воблікам, а вушы напаіць тваім салодкім галаском. Калі не магчыму — прысылаціму нявольніка з пісьмамі. Здароўлю цябе, боская, абыймаючы твае ногі. Не гневайся, што заву цябе боскай. Калі забароніш — паслухаю, але сяння яшчэ не ўмею інакш. Здароўлю цябе з будучага твайго дому — усёй душой!»