Выбрать главу

XXXVI

Было ведама ў Рыме, што цэзар па дарозе маніцца адведаць Остыю, а больш за ўсё найвялікшы мараплаў на свеце, які нядаўна быў прывёз збожжа з Александрыі, ды адтуль надбярэжнаю дарогаю лучыць да Анцыюма. Загады ўжо былі выданы перад некалькімі днямі, дзеля таго ад самага рання пры Порта Остыенсіс тоўпіліся грамады мясцовага зброду й чужаземцы з усіх краёў свету, каб паразяўляцца на цэзарскі паход, з якога рымскі плебс ніколі не мог надзівіцца. Да Анцыюма дарога была не цяжкая дый не далёкая, а ў самым курорце, які складаўся з камфортавых палацаў і віллаў, льго было знайсці ўсякія выгоды, а нат і вынайдаваны тагдышні збытак. Цэзар, аднак, меў звычай браць у дарогу з сабою ўсё, што дыктавала ўспадоба, пачаўшы ад музыкальных інструментаў і дамавога знадоб’я ды канчаючы на статуях і мазаіках, якія былі ўкладаныя нат і падчас кароткіх папасаў. З тае прычыны ехалі з ім цэлыя грамады слугаў, не кажучы ўжо аб прэторыянскіх кампаніях ды аўгустыянах, з якіх кожны таксама меў сваю світу нявольнікаў.

Таго ж дня на світанні пастухі з Кампаньі, загарэлыя на твары, з казлячымі скурамі на нагах, перагналі праз браму пяць сотак асліц, каб Папея назаўтра па прыездзе да Анцыюма магла сваім штодзённым звычаем выкупацца ў іхнім малацэ. Суталака з уцешлівым смехам прыглядалася ў хмарах пылу расцяляпаным доўгім вушам табуна ды весела прыслухоўвалася лясканню пастуховых бізуноў і галёканню. Як вуліца апаражнілася ад стада, рынуўся на дарогу рой замятальнікаў і, ачысціўшы яе добра, пачаў пасыпаць пініевым зялёным шпіллём ды кветкамі. Натоўп талкаваў сабе, што ўся дарога да Анцыюма так будзе прытрэсена квяццём, назбіраным з прыватных навакольных агародаў, а нат і дорага закупленым пры Порта Мугіёніс ад кветачніц-гандлярак. З кожнай гадзінай рунда збольшвалася. Некаторыя папрыводзілі цэлыя сем’і, а каб не доўжылася, прыладжваліся на каменнях, прыгатаваных пад новую святыню Цэрэры, і спажывалі сабе прандыюм пад голым небам. Дзе-нідзе збіраліся гурткі на чале з бывальцамі, якія расказвалі аб цэзарскім выездзе ды наагул аб падарожжах і дзівах-дзівосах свету, найбольшымі знаўцамі тут аказваліся маракі й старыя, маючыя выслугу гадоў, ваякі з далёкіх паходаў. Гарадскія дамаседы, што ніколі ў жыцці далей не бывалі, як на вія-Апія, слухалі з подзівам аб індыйскіх і арабскіх дзівосах, аб Брытанскіх архіпелагах, дзе на нейкай атоцы Брыяр мучыў соннага Сатурна, дзе жылі духі, аб краёх гіпербарэйскіх ды марох замерзлых, як шумелі й раўлі воды акіяну падчас занурання ў ягоную пучыну заходзячага сонца. Падобным роспаведам рымская галайстра лёгка верыла, бо таму верылі нават такія людзі, як Пліній і Тацыт. Талкавалі і аб тым мараплаве, што быццам на два гады вёз пшаніцы, не лічучы чатырохсот падарожных і столькі ж абслугі ды многа дзікіх звяроў для летніх ігрышчаў. Выклікала гэта ў народзе агульную прыхільнасць да цэзара, які не толькі карміў, але й весяліў народ. Усе рыхтаваліся да гарачага прывітання.

І вось паказаўся аддзел нумідыйскіх конных прэторыян. Былі яны апранутыя ў жоўтыя ўніформы з чырвонымі падпяразкамі ды з вялікімі завушніцамі, кідаючымі залаты водбліск на іхні чорны твар. Вастрыё іхніх бамбукавых пікаў полымем гарэла на сонцы. Прайшлі яны, зачаліся провады, падобныя да працэсіі. Натаўпы ціснуліся, каб прыгледзецца бліжэй хараству, але падаспелі аддзелы пешых прэторыянаў і, устанавіўшыся ўздоўж з аднаго і з другога боку брамы, пільнавалі доступу да дарогі. Наўпярод ішлі фургоны з пурпуровым, фіялетавым, снежна-белым матар’ялам ды іншым прыладдзем для палаткаў ад сонца, усходнія дываны, цыпрысавыя сталы, кавалкі мазаік, кухоннае знадоб’е, клеткі з птаствам з Усходу, Поўдня й Захаду, якіх мазгі або языкі йшлі на цэзарскі стол, і амфары з віном, і кашы з садавінаю. Далікатнейшыя рэчы, каб не згінулі ці не пабіліся, былі несены пешымі нявольнікамі. Цэлыя сотні людзей неслі мастацкія вазы, статуэткі з карынскае медзі, асобна неслі вазы этрускія, асобна грэцкія, асобна залатое суддзё, срэбнае або з александрыйскага шкла. Паміж іх ішлі невялікія групкі прэторыянаў пешых і конных, а над кожным нявольніцкім гуртком цікаваў даглядчык з бізуном з жалезнымі й алавянымі канчурамі замест ляскаючага ўчкура. Паход людзей, нясучых кемна і ўважна цэзарскае знадоб’е, падобны быў на рэлігійную працэсію, а падабенства станавілася выразнейшым, калі пачалі несці музычнае прыладдзе цэзара й дваран. Відаць былі гарфы, грэцкія лютні, гебрайскія лютні й егіпецкія ліры, формінгі, цытры, пішчалкі, даўгія павыгінаныя буцыны й цымбалы.